29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Людзі, якія робяць гісторыю

4
Людзі, якія робяць гісторыю
Фото: tut.by

Яны з намі і вакол нас.

Беларуская мастачка-ілюстратар Ганна Радзько ўжо некалькі месяцаў малюе пратэсты супраць рэжыму Лукашэнкі і ўсё тое, што адбылося ў яе краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. На яе карцінах - Герой Беларусі Раман Бандарэнка і лідары народных пратэстаў, піша «Настоящее время».

- Як вы пачалі маляваць пратэсты ў Беларусі?

- Я ўвогуле не цікавілася нават палітыкай да 9 жніўня і не рэагавала ні на якія палітычныя падзеі. Малявала толькі тое, што мне падабаецца, па працы.

Але пасля 9 жніўня ў нас адключылі інтэрнэт на тры дні. 13-га чысла ў 6 раніцы інтэрнэт уключылі, і тады проста палілася ўся гэтая лавіна інфармацыі, абрынулася на людзей. Нават тыя, хто не ўдзельнічаў у пратэстных маршах, усе гэтыя тры дні ператэлефаноўваліся з сябрамі, спрабавалі даведацца, як у каго справы, хто жывы, хто дайшоў дадому. Быў моцны псіхалагічны ціск. І потым, калі ты бачыш ужо ў тэлеграм-каналах сцэны гвалту, збіццё людзей, ты не можаш паверыць, што гэта наогул існуе. Усё гэта вельмі моцна пераварочвае ўвесь твой свет.

У мяне тады пачалася дэпрэсія, таму што на трэці дзень я ўжо зразумела, што ў мяне не вытрымлівае псіхіка на ўсё гэта глядзець. Мне хацелася нешта намаляваць, неяк выказацца, але перад вачыма стаялі толькі сцэны гвалту, і мне не хацелася памнажаць яшчэ і сваімі працамі гэты гвалт.

Толькі на сёмы дзень пасля гэтых падзей я зразумела, што я ўжо не магу ў сабе гэта трымаць, усе гэтыя думкі. І намалявала працу «Маліцеся за Беларусь». Таму што не было зразумела наогул, што рабіць, заставалася толькі маліцца. Я намалявала «Маліцеся за Беларусь», і мне рэальна палягчэла. Гэта зрабіла на мяне тэрапеўтычнае ўздзеянне. Пасля гэтага я зразумела, што гэта мая псіхалагічная дапамога - маляваць.

- Вы малюеце сваіх знаёмых, але таксама і звычайных удзельнікаў пратэстаў?

- Вось выйшлі пенсіянеры на «Марш мудрасці». Напэўна, гэта вельмі рэдкая падзея, калі такі досыць кансерватыўны пласт насельніцтва, як пенсіянеры, наважылі выходзіць і паказваць, што яны незадаволеныя. Я намалявала бабулю і дзядулю, якія абдымаюцца: яны са сцягам, бабуля напякла піражкоў. Гэта была рэальная бабуля, якая напякла піражкоў студэнтам.

Я абмежавала каляровую гаму: у мяне ў малюнках выкарыстоўваюцца белы, чырвоны і бірузовы. Напрыклад, калі трэба было маляваць нейкую расліннасць, я прынцыпова наважыла не браць для гэтага зялёны, каб не было асацыяцыі чырвонага з зялёным (як на лукашэнкаўскім сцягу - НВ).

Класна, што цяпер мы вяртаемся да сваіх каранёў, і гэта выяўляецца ў тым ліку ў сімволіцы, нават проста з дызайнерскага пункту гледжання. Напрыклад, у дызайне два колеры максімальнай кантраснасці - гэта жоўты і чорны. На другім месцы - гэта чырвоны і белы. То бок, гэта ідэальныя сцягі для дызайну.

Я малюю тых людзей, якія нясуць нейкі гераічны пасыл для людзей, неяк натхняюць.

Я нават намалявала такую берасцейскую Ніну Багінскую - Алену Гнаўк. Яе таксама ніхто не ведае, але для мяне яна сімвал мужнасці, стойкасці. Для мяне гэта тыя людзі, якія ў гэты момант робяць гісторыю. Гісторыя ж робіцца не столькі масамі, колькі асобамі. Мне хочацца захаваць менавіта гэтыя асобы і іх учынкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках