18 красавiка 2024, Чацвер, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Японскія навукоўцы выявілі, што ўзрост не ўплывае на шанец заразіцца COVID-19

Японскія навукоўцы выявілі, што ўзрост не ўплывае на шанец заразіцца COVID-19

Але ад яго залежыць цяжкасць хваробы.

Японскія навукоўцы выявілі, што ўзрост чалавека не ўплывае на ягоную ўспрымальнасць да каранавіруснай інфекцыі. Гэта заўважылі, прааналізаваўшы звесткі з краінаў з самымі вялікімі «пікавымі» паказнікамі эпідэміі.

Пра гэта піша Naked Science.

Для свайго даследавання навукоўцы з Універсітэта Хакайда, Універсітэта Хірасімы і Юкіхіка Накаці і Універсітэта Ааяма Гакуін узялі звесткі з трох краінаў – Італіі, Гішпаніі і Японіі. Гэтыя дзяржавы давалі справаздачу пра найбольшыя паказнікі захворванняў і мелі самыя поўныя і рэпрэзентатыўныя звесткі ў адкрытых крыніцах.

Навукоўцы стварылі мадэлі ўспрымальнасці да інфекцыі ў залежнасці ад узросту, дзе правяралі магчымыя «сцэнарыі захворвання» праз сімуляцыі.

У першым варыянце сімуляцыі ўзрост уплываў на ўспрымальнасць да вірусу, але не адбіваўся на цяжкасці хваробы і смяротнасці. А ў другім наадварот – не адбіваўся на верагоднасці захварэць, але ўплываў на ступень хваробы і шанец загінуць. Найбольш блізкімі да рэальных апынуліся вынікі менавіта другія сімуляцыі.

Такім чынам навукоўцы зрабілі выснову, што дзеці, падлеткі, дарослыя і пажылыя людзі пры падобных умовах маюць ідэнтычныя шанцы заразіцца. Калі адрозненні і ёсць, то яны нязначныя.

Што яшчэ вядома пра каранавірус?

Даследаванні вірусу SARS-CoV-2 усё яшчэ прадаўжаюцца, аднак навукоўцы ўжо дакладна могуць сказаць, што ў асноўным вірус перадаецца паветрам. Пры гэтым заразіцца можна нават на адлегласці большай за 1,5 метра ад інфекаванага чалавека, калі вы знаходзіцеся ў дрэнна праветраным памяшканні.

Таксама каранавірус можа перажываць нізкія тэмпературы і заражаць чалавека пасля размарожвання (напрыклад, у замарожаных прадуктах), можа жыць да 28 дзён на цвёрдых паверхнях (напрыклад, на экране гаджэта або банкнотах) і можа заражаць чалавека паўторна.

Як сябе абараніць?

Пакуль няма вакцыны ад COVID-19, у грамадскіх месцах (крамы, грамадскі транспарт) рэкамендуюць насіць ахоўную маску, не дакранацца рукамі да твару, захоўваць дыстанцыю не меней за 1,5 м адно ад аднаго, а таксама часта мыць рукі і карыстацца антысептыкам. Калі вы адчуваеце прыкметы захворвання, звярніцеся да сямейнага лекара і самаізалюйцеся.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках