29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лекі ад страху

Лекі ад страху
Аляксандр Жданович

Маляваныч вяртаецца, бо менавіта цяпер ён патрэбны як ніколі раней.

Раз на год… Раз на год зоркі падаюць у нашы кішэні, мандарынкі танчаць танга, шампан хаваецца ў снезе (дарэмна, усё адно знойдзем!), улада не замінае жыць, а снег спрыяе пацалункам. На каляды шалёны космас спявае блюзы і балады, лузеры частуюцца шляхетнымі дрынкамі, гадзіннікі вярзуць лухту, палітыкі лезуць пад ялінку з камічнымі куплетамі прамовамі. І ўсе ўдаюць, што смерці няма і гэта музыка будзе вечнай.

Каляды – краіна казак. Казак, якіх сёлета ўсім нам востра не хапае. Бо гэтым разам усё не так. Чорныя патрулі шчыруюць на вуліцах, белае з чырвоным трапляюць пад крыміналку, вінцяць святароў, падлеткаў пачэсна вітаюць у аўтазаках. Тэлевізар гістэрычна плявузгае нянавісцю. У Купалаўскім пустэча, затое на Акрэсціна – перманентны аншлаг. Тры калядоўшчыкі – ужо несанкцыянаванае шэсце. Асобна ўзятая Каза – адзіночны пікет. "Сядзем усе!" – крычыць Папанаў з чарговай трансляцыі "Брыльянтавай рукі". І ўпершыню над гэтым не стае гумару смяяцца.

Што рабіць? Ратаваць сваё хісткае свята. Шукаць свае пакрадзеныя казкі. Дзякуй богу, мы ведаем – дзе.

Бо ён заўсёды быў побач. Дзівак з вострай усмешкай, хітраван-акулярнік, лепшы сябар нейлонавых медзведзянят і гумавых жабак, уладар вечаровага рэлаксу і рэжысёр светлых мрояў – Маляваныч. Амаль дваццаць год актор Аляксандр Ждановіч працаваў суперзоркай малалетак - трымаў на сабе "Калыханку", выхоўваў з цацак чалавекаў, выкладаў утульную дабрыню. Місія Маляваныча паходзіць з белага і пухнатага свету савецкага дзяцінства. Вечнага карагоду вожыкаў у тумане, недарэчных чабурашак і вініпушных бурчэлак з пятачковымі падскокамі. Там усё гучала карамельна і кранальна. Усё адбывалася, як трэба. І можна было беспакарана быць шчырым ды адважным.

Ясная справа, гэта было занадта прыгожым, каб працаваць. У тэлевізар дзеткі – ды й дарослыя - сыходзілі як у псіхалагічны прытулак. Як у эмацыйнае сховішча, дзе толькі і магчыма заставацца сабой.

Былая "Калыханка" сёння – настальжы ў квадраце. Бо няма ўжо той напалоханай пераменамі краіны. І жадання хавацца ў легендах таксама няма. А вось Маляваныч ёсць. Выгнаннік з былога тэлевізара. Зэк са светам у сэрцы – гэтай восенню трапіў на содні, бо абараняў ад "чорных" жанчыну. Шчыры вернік, якога пасля арышту адштурхнула адміністрацыйная машына царкоўнай лаяльнасці. Фасонна-багемны казачнік, з якім можна баляваць бясконца. Бо тут дзеляцца ціхай дабрынёй – каб вы падзяліліся сваёй.

"Каляды з Маляванычам" – не проста чарговы праект Фонду культурнай салідарнасці. Ждановіч з суполкай занятыя рэанімацыяй сумлення і годнасці, вяртаннем дзіцячай веры ў шчырасць і праўду, падтрымкай пацярпелых ды разгубленых. Так, гэта нібыта проста чытанка з малюнкамі (адмысловы эксклюзіў ад Андруся Такінданга). Андэрсен, Караткевіч, фальклор… А насамрэч – школка любові, практыкаванні ў чалавечнасці. Амаль хрысціянскае казанне, але па-за межамі канфесій ды палітычных разыходжанняў.

Маляваныч вяртаецца, бо менавіта цяпер ён патрэбны як ніколі раней. У прасторы чорнага гвалту, на ростанях супраціву і нязгоды, на вачох дзікага палявання з дазволам на ўсё, у зоне грамадскай мужнасці і эстэтычнага выкліку – трэба, каб хтосьці ціха казаў пра істотнае. Пра тое, што перамагаюць не моцныя, а трывалыя. Што разам мы мацнейшыя. Што пыхлівасць не ратуе. А нахабныя ліскі напрыканцы непазбежна атрымаюць па пысках.

І гэта не пагроза. Так, папярэджванне. З усмешлівым позіркам праз старасвецкія круглыя акуляры.

Маем нечаканы падарунак для ўсіх, стомленых снежаньскімі халадамі ды агульным дэпрэсняком: сторыз пад ялінку. 31 эпізод. Трып даўжынёй у месяц, акурат да Новага году. Можна глядзець. Ці проста слухаць – таксама файна. Нібыта пернічак паціху падгрызаеш.

Дзякуй таму, хто гэта прыдумаў.

Простыя словы. Простыя рэчы. Чысты кайф. А навошта яшчэ патрэбныя казкі ды казачнікі?

Максім Жбанкоў, tuzinfm.by

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках