24 красавiка 2024, Серада, 22:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля Cочы: колькі Лукашэнка страціць на нафце?

29
Пасля Cочы: колькі Лукашэнка страціць на нафце?

Беларускія НПЗ рыхтуюцца да новай рэальнасці.

Увечары 7 студзеня ў Сочы скончыліся перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным у пытаннях кошту на нафту і газ для Беларусі. Беларускі дыктатар з'ехаў з расейскага курорту без якіх-небудзь заяваў для прэсы.

У нядзелю, 9 студзеня, першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Дзмітрый Круты пракаментаваў вынікі сочынскіх перамоваў.

«Калі казаць пра дамоўленасці ў нафце, нафтавым рынку, то расейскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць набываць нафту паводле дамоўленасці з расейскімі нафтавымі кампаніямі паводле коштаў, якія вызначаюцца на сусветным рынку», – завіў чыноўнік.

Што для беларускай «нафцянкі» азначае набыццё сыравіны паводле коштаў сусветнага рынку і да якіх наступстваў гэта можа прывесці? На пытанні Charter97.org адказвае экспертка ў пытаннях энэрганосьбітаў Тацяна Манёнак.

– Як Вы ацэньваеце вынікі перамоваў датычна коштаў на нафту і газ для Беларусі, праведзеныя Пуціным і Лукашэнкам у Сочы?

– Датычна газу бакі дамовіліся на гэты год захаваць кошты на ўзроўні мінулага года. Беларускі бок гэта не задавальняе: задача максімум была – пачаць рух да збліжэння коштаў на газ з унутраным для рэгіёнаў РФ, але ў Лукашэнкі гэта не атрымалася. 127 даляраў за тысячу кубаметраў – гэта кампрамісны кошт, зразумела, што афіцыйны Менск хацеў плаціць менш.

Што да нафты, тут таксама нечаканасці няма. Кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі неаднаразова заяўляла, што Беларусь мусіць дамаўляцца непасрэдна з расейскімі нафтавымі кампаніямі, якія пастаўляюць нафту ў беларускія заводы. Пазіцыя Крамля такая, што гэта цяпер – пытанні «не дзяржаўнага ўзроўню», таму што субсідаваць з бюджэту пастаўкі нафты ў Беларусь урад РФ не збіраецца.

Мяркую, што цяпер афіцыйнаму Менску давядзецца дамаўляцца з расейскімі нафтавымі кампаніямі пра ўмовы паставак. Беларускім уладам хацелася б збіць прэмію да кошту, але, мяркуючы з усяго, гэта можа не атрымаецца. Ва ўсякім выпадку – гэта цяпер пытанне дамоўленасці з асобнымі расейскімі кампаніямі. Кампанія «Татнафта», найбуйнейшы пастаўшчык нафты ў беларускія заводы, у прынцыпе, прадэкларавала магчымасць паставак – праўда, вельмі невялікага аб'ёму (80 тысячаў тонаў) цягам месяца.

Але зноў жа цяпер трэба дамаўляцца індывідуальна пра ўмовы паставак. Калі беларускі бок здолее дамовіцца, то пастаўкі нафты будуць адноўленыя. У любым выпадку беларускім уладам давядзецца рыхтавацца, што кошт расейскай нафты для іх будзе сусветны, а з нафтавымі кампаніямі РФ давядзецца весці індывідуальныя камерцыйныя перамовы.

На ўзроўні ўрада Расейскай Федэрацыі ніякіх саступак для Лукашэнкі не было.

– Віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Круты сказаў, што Беларусь будзе набываць расейскую нафту паводле коштаў сусветнага рынку. Што гэта азначае? Якім будзе выніковы кошт на нафту для нашай краіны?

– Раней Беларусь атрымлівала нафту паводле сусветнага кошту мінус экспартная мыта. Цяпер кошт будзе камерцыйны – як бакі дамовяцца. Напрыклад, кампанія Гуцарыева дамовілася пра адзін кошт, кампанія «Татнафта» дамовіцца на іншых умовах, пра якія мы нават не будзем ведаць.

Ёсць розныя прынцыпы коштаўтварэння на нафту. Калі пастаўляць у Еўропу, то там іншы прынцып, там прывязка да спотавых коштаў. У нас кошт прывязаны да доўгіх кантрактаў. Калі ў афіцыйнага Менска будуць разавыя кантракты, то, напэўна, будзе магчымасць збіць «прэмію» да кошту на нафту, на якім настойвае расейскі бок. Але гэта – вельмі няпростае пытанне. Невядома, ці захоча нейкая расейская кампанія пастаўляць нафту без «прэміі» да кошту.

Беларуская дэлегацыя ў Сочы гандлявалася менавіта за тое, каб «прэміі» не было. І на ўзроўні расейскага ўрада дамовіцца пра гэта не атрымалася. Цяпер, магчыма, кампанія Гуцарыева пастаўляе без прэміі – але я не ведаю, не бачыла гэтыя кантракты. Няма поўнай інфармацыі. Гэтая «прэмія» летась складала прыкладна 10 даляраў на тону.

– Што ў гэтых умовах чакае беларускую нафтаперапрацоўку? Ці скончыцца так званы «нафтавы эмірат» для Лукашэнкі і ягоных набліжаных?

– Беларуская нафтаперапрацоўка ўжо не хавае, што трэба рыхтавацца да новых умоваў сусветных коштаў на нафту сёння.

З улікам таго, што кошт расейскай нафты будзе набліжацца да сусветнага, а праз нейкі час, магчыма, будзе даражэйшы за сусветны, беларускім уладам давядзецца шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак.

Але ёсць іншыя вялікія пытанні. Ці можа Беларусь перапрацоўваць 24 мільёны тонаў нафты? Які аб'ём на самай справе цяпер змогуць перапрацоўваць беларускія НПЗ? Гэта цяжка сказаць. Гэта павінна вызначаць эканоміка – колькі яны змогуць перапрацаваць і эфектыўна прадаць. Можа, гэта будзе амаль у два разы менш – можа быць 13 мільёнаў тонаў, можа быць 15 мільёнаў тонаў. Складана пакуль сказаць, якія будуць магчымасці ў заводаў, наколькі яны змогуць утрымаць найбліжэйшыя рынкі, напрыклад ва Украіну, у Малдову.

Прыярытэт, вядома, складаецца ў тым, каб цалкам забяспечыць унутраны рынак – і толькі потым, пры магчымасці, экспартаваць. І тут узнікаюць вялікія пытанні. Пакуль складана сказаць, колькі канкрэтна нафтапрадуктаў НПЗ змогуць прадаваць на знешніх рынках – але гэта ўжо не будуць ранейшыя аб'ёмы з улікам набліжэння коштаў імпартаванай расейскай нафты да сусветных. Я так разумею, і ўлады ўжо гэта не хаваюць, што аб'ём перапрацоўкі нафты будзе «аптымізаваны».

– Як сітуацыя з коштамі на нафту можа адбіцца на раздробным кошце бензіну ў Беларусі?

– У Беларусі не рынкавае коштаўтварэнне. Вядома, яны будуць павышацца, у любым выпадку, з улікам коштаў на нафту і з улікам самага рынку.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках