29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Новы каронавірус можа заразіць 60% насельніцтва Зямлі

4
Навукоўцы: Новы каронавірус можа заразіць 60% насельніцтва Зямлі
Фота: Reuters

Першачарговая задача на гэты момант - вызначыць памер і форму гэтага «айсберга».

Вядучы эпідэміёлаг Ганконга заявіў аб тым, што новы каронавірус з Кітая можа заразіць да дзвюх трацін насельніцтва Зямлі, калі не пачаць кантраляваць яго распаўсюджванне. Перасцярога навукоўца рушыла ўслед за словамі кіраўніка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя аб тым, што вядомыя выпадкі заражэння людзей, якія ніколі не наведвалі Кітай, могуць быць толькі «верхавінай айсберга», паведамляе «Зеркало недели. Украина» са спасылкай на The Guardian.

Прафесар Габрыэль Левун узначальвае кафедру аховы здароўя ва Універсітэце Ганконга. З ягоных слоў, першачарговая задача на гэты момант вызначыць памеры і форму гэтага «айсберга». Большасць навукоўцаў сыходзяцца на думцы пра тое, што кожны заражаны можа заразіць прыблізна 2,5 чалавека, гэта значыць, эпідэмія можа ахапіць 60-80% насельніцтва планеты.

Нават нягледзячы на тое, што смяротнасць ад каронавірусу складае блізу 1%, колькасць смерцяў у гэтым выпадку будзе велізарнай. Левун мае намер сказаць СААЗ, што галоўная праблема - гэта маштабы росту эпідэміі. Важна таксама высветліць, ці дапамаглі захады, прынятыя Кітаем, у першую чаргу стрымліваць распаўсюджванне віруса. Калі так, то іншыя краіны павінны ўзяць іх на ўзбраенне.

Левун - адзін з вядучых экспэртаў аб каронавірусах у свеце. Ён адыграў важную ролю ў барацьбе з распаўсюджваннем віруса Sars у 2002-03 гадах. Ён цесна супрацоўнічае з іншымі вядучымі навукоўцамі і спецыялістамі ў гэтай галіне.

У студзені ён апублікаваў артыкул, у якім папярэджваў аб тым, што колькасць заражаных у гарадах Кітая «будзе расці экспанентна». Праз два тыдні ён даведаўся аб крытычнай сітуацыі ва Уханю. Акрамя таго, ён выказаў здагадку, што могуць «пачацца незалежныя, самадастатковыя ўспышкі ў буйных гарадах ва ўсім свеце». Гэта абумоўленае тым, што людзі, якія ўжо заразіліся, але яшчэ не ведалі пра гэта, свабодна перамяшчаліся.

«Ці сапраўды 60-80% насельніцтва свету будуць заражаныя? Мажліва, і не. Можа ўсё будзе адбывацца хвалямі. Магчыма, лятальнасць віруса скароціцца. Бо, забіваючы ўсіх на сваім шляху, ён гіне і сам», - заявіў Левун.

Навукоўцам таксама трэба будзе высветліць, ці дапамаглі абмежаванні ў цэнтры Уханю і іншых гарадоў стрымаць распаўсюджванне інфекцыі. «Давайце выкажам здагадку, што абмежаванні спрацавалі. Але як доўга можна закрываць школы? Колькі часу ўвесь горад будзе заблакаваным? Як доўга людзям нельга будзе хадзіць у крамы? А калі прыбраць гэтыя абмежаванні, ці пачнецца адразу ж новая ўспышка? Гэта ўсё вельмі важныя пытанні» , - адзначыў навуковец.

Калі ж метады Кітая не спрацавалі, то давядзецца сутыкнуцца з другой жахлівай праўдай: магчыма, стрымаць распаўсюджванне віруса не атрымаецца. Тады свету давядзецца змяніць кірунак працы: замест кантролю за распаўсюджваннем віруса неабходна будзе мінімізаваць яго негатыўныя наступствы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках