18 красавiка 2024, Чацвер, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сутыкненні на поўдні Казахстана: Што адбылося паміж дунганамі і казахамі

Сутыкненні на поўдні Казахстана: Што адбылося паміж дунганамі і казахамі
ФОТА: RFE / RL

Журналісты разабраліся ў прычынах інцыдэнту.

У ходзе беспарадкаў на поўдні Казахстана, у Жамбылскай вобласці, загінулі не менш за 10 чалавек, блізу 170 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Паводле звестак казахстанскай паліцыі, канфлікт успыхнуў на побытавай глебе паміж дунганамі з вёскі Масанчы і казахамі з суседніх вёсак, паведамляе dw.com.

Адной з падставаў для ўсплёску гвалту, што адбыўся ў мінулыя выходныя, стаў непацверджаны на гэты момант факт нападу маладога чалавека, этнічнага дунганіна, на пажылога казаха. Мяркуецца, што распаўсюджаны ў сацсетках відэаролік, які нібыта засведчыў напад, справакаваў акцыю адплаты сярод казахаў, якія ўчынілі пагром у Масанчы. У выніку беспарадкаў, паводле афіцыйных звестак, была нанесеная шкода 30 жылым дамам, 15 крамам і 23 аўтамабілям.

Дунгане вымушаныя ўцякаць

Паводле папярэдняй неафіцыйнай інфармацыі, праз масавыя беспарадкі блізу 12 тысячаў дунганаў уцяклі ў суседнія вёскі на тэрыторыі Кіргізіі, дзе таксама кампактна жывуць прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці. Дакладныя лікі афіцыйна не называюцца, але прэс-служба памежнай службы Кіргізіі паведамляла, што на мяжы з Казахстанам пункты пропуску на выходных перасекла больш людзей, чым звычайна.

Як апавяла ўпаўнаважаная ў правах чалавека ў Казахстане Эльвіра Азімава, якая трымае сувязь з калегамі ў Кіргізіі, у першую чаргу праз мяжу ўцякалі жанчыны, пажылыя людзі і дзеці – у асноўным тыя, чые дамы пацярпелі ад пагромаў і былі спаленыя. Прызначаны акімам вобласці былы віцэ-прэм'ер Казахстана Бердыбек Сапарбаеў звярнуўся праз СМІ да ўцекачоў з заклікам вярнуцца на радзіму.

Эльвіра Азімава кажа, што ўцекачы не спяшаюцца вяртацца, чакаючы надання рэальных гарантый бяспекі, а таксама матэрыяльнай падтрымкі для аднаўлення разбуранага жылля. У цяперашні час, мяркуючы з фатаграфіяў з месца падзей, паміж вёскай Масанчы і суседняй вёскай Каракемер, большасць жыхароў якой – этнічныя казахі, устаноўлены паліцэйскія блок-пасты.

Дунгане: нашчадкі мусульманаў з Кітая

Дунгане, цікавасць да якіх вырасла на фоне ўсплёску гвалту, – адна з больш як ста нацыянальнасцяў, якія жывуць у Казахстане. Іх колькасць, паводле неафіцыйных звестак, складае ад 60 да 70 тысяч чалавек у 15-мільённым Казахстане. Яны нашчадкі жыхароў Кітая, якія вызнаюць іслам, уцекачоў у перыяд паміж 1860 і 1880 гадамі з імперыі Цын у Расейскую імперыю пасля краху шэрагу дунганскіх паўстанняў і рэлігійных ганенняў.

Буйныя супольнасці дунганаў ёсць сёння таксама ў Кіргізіі і Узбекістане. У Цэнтральнай Азіі дунгане традыцыйна займаюцца земляробствам. Яны захавалі шмат у чым самабытную культуру, звычаі і мову, пачаткі якой знаходзяцца ў адным з дыялектаў кітайскай мовы. Пры гэтым у пісьмовай мове дунганаў выкарыстоўваюцца не іерогліфы, а кірыліца з даданнем некалькіх літараў. Паходжанне дунганаў з'яўляецца прадметам спрэчак даследчыкаў – мяркуецца, што яны як народ паўсталі ў выніку змешвання арабскага і кітайскага этнасаў.

Улады Казахстана ўзніклы канфлікт не ўважаюць міжэтнічным

Улады Казахстана, нягледзячы на шматлікія сведчанні зваротнага, не ўважаюць канфлікт міжэтнічным. Гарманічнае суіснаванне ўсіх нацыянальнасцяў у краіне – абвешчаны прыярытэт кіраўніцтва краіны.

Аднак у казахаў часам узнікае пачуццё, што ўлады не захоўваюць баланс у адносінах паміж асобнымі нацыянальнымі групамі, як пераказвае настроі ў размове DW эксперт у Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў: "Адчуванні, нібы стаўленне да іх (дунганаў. - Рэд.) з боку ўладаў значна больш акуратнае, паважлівае і асцярожнае. У той самы час за парушэнні з боку казахаў улады Казахстана б'юць наводмаш". Гэта выклікае своеасаблівае пачуццё пратэсту і настройвае этнічных казахаў супраць сваіх уладаў, вынікаваў Дубноў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках