19 сакавiка 2024, aўторак, 6:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каша і нафта як зманны манеўр

45
Каша і нафта як зманны манеўр
ІРЫНА ХАЛІП

Інтэграцыя ўжо адбылася, толькі мы яе не заўважылі.

У сераду двум дзевятнаццацігадовым менскім анархістам Мікіту Емяльянаву і Івану Камару вынеслі прысуд. Абодвум – сем гадоў узмоцненага рэжыму за тое, што мінулай восенню спачатку запэцкалі фарбай дзверы гарадскога суда, а потым яшчэ і падрапалі дзверы СІЗА на Валадарскага. Шкода ад фарбы склала 143 рублі. Драпіна на дзвярах «Валадаркі» абышлася на 1 рубель 48 капеек. У суме – 14 гадоў калоніі на двух.

Само сабой, шкода была кампенсаваная яшчэ падчас следства. «Валадарка» сумленна атрымала свае паўтара рубля, гарадскі суд таксама ў страце не застаўся. Тым не менш хлопцам уляпілі сем гадоў кожнаму. Іх нават «Міжнародная амністыя» палітвязнямі не прызнае, таму што драпаць дзверы – дрэнна, гэта сумнеўныя метады. Згодная, сумнеўныя. Штраф дзесяць базавых, каб непанадна было. Зрэшты, не. Улічваючы памер шкоды, дзесяць – усё ж занадта шмат. Ну добра, пяць базавых – і разышліся палюбоўна. Бюджэт атрымае яшчэ пару капеек, хлопчыкі – нічога не скралі, нікому не зрабілі шкоды – вернуцца дадому і будуць пазбаўленыя салодкага да таго часу, пакуль не заробяць на аплату штрафу. Але ім даюць сем гадоў узмоцненага рэжыму кожнаму. Абсурд? Як бы не так.

За два дні да таго, у панядзелак, у расейскім горадзе Пензе выносяць прысуд паводле справы няіснай «Сеткі». Сямёра пензенскіх антыфашыстаў атрымалі тэрміны ад 6 да 18 гадоў строгага рэжыму – за стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі. Нібыта падсудныя рыхтавалі ўзброены пераварот і тэракты. Праўда, дзе і калі – следства так і не прыдумала. У матэрыялах справы напісалі проста, не напружваючы мозг: «У нявызначаным месцы ў нявызначаны час пры нявысветленых следствам абставінах, супольна з нявызначанымі асобамі, кіруючыся анархістычнай ідэалогіяй, планавалі спланаваць...» Ну, зразумелая справа, планавалі спланаваць, вось толькі хто, калі і дзе – следства не вызначыла. Але на 18 гадоў строгага рэжыму для Дзмітрыя Пчалінцава або 9 гадоў для захварэлага ў СІЗА на сухоты Васіля Куксава – цалкам хапіла. Куксаў у судзе, дарэчы, дзівіўся: «Я – антыфашыст. Мяне хочуць перавыхаваць у калоніі, каб я стаў кім? Фашыстам?» Падчас суда хлопцы апавядалі пра катаванні. І не толькі пра катаванні токам і збіццё, але і пра рэплікі аператыўнікаў накшталт «спачатку тваю жонку аддамо для ўцех брыгадзе таджыкаў...». І гэта не пензенскі этнаграфічны каларыт. Гэта – сістэма, якая працуе без збояў.

І яна ў нас, на жаль, агульная. Крыкнулі ў Пензе – адгукнуліся ў Менску. Чхнуў у Менску – Масква пажадала добрага здароўя. Памятаеце, як пасля 19 снежня 2010 года ўпершыню ў гісторыі Беларусі крымінальную справу распачалі паводле артыкула «масавыя беспарадкі»? І года з таго моманту не прайшло, як Масква прадэманстравала поўнае братэрства і яднанне і пайшла саджаць расейскіх актывістаў паводле гэтага самага артыкула, які там перш ніколі не ўжываўся. Можна ўспомніць арышт Ігара Аліневіча ў Расеі і ягоную таемную, без усялякіх экстрадыцыі, дастаўку ў Беларусь. Можна ўспомніць затрыманні расейскіх актывістаў беларускімі спецслужбамі, «аўтсорсінгавы» гэбэшны збор кампрамату для ФСБ і многае іншае. Мы звыкліся засяваць палі папкорнам, каб хапіла на чарговы сезон серыялу «каша на вадзе», і забываемся, што два палітычныя карлікі, за дробнымі камунальнымі сваркамі якіх мы з такім задавальненнем назіраем, – гэта так, дымавая заслона. Пакуль яны публічна плююць адзін аднаму ў кашу, пераводзячы нашу ўвагу на свае заплёваныя міскі, карнікі абедзвюх краінаў працуюць згодна і зладжана. Яны даінтэграваліся да такой ступені, што разумеюць адзін аднаго з паўслова і з уздыху.

Часам я ўвогуле падазраю, што Лукашэнка і Пуцін – гэта проста нанятыя за сціплы ганарар статысты, якім загадваюць паказваць перад камерамі двухбаковыя стасункі. І пакуль яны гэта робяць – у абедзвюх краінах забіваюць, пераследуюць, даюць вялікія тэрміны за шкоду на паўтара рубля і «планаванне спланаваць з нявызначанымі асобамі». Вось і ў мінулую пятніцу, калі мы весела пасмейваліся з жартаў пра кашу на вадзе, а потым абвяшчалі галоўнай навіной крах сочынскіх перамоваў, у Віцебску цалкам спакойна і па-сяброўску, без усялякай кашы, прайшла сустрэча прадстаўнікоў двух МУС, якія дамовіліся да 1 сакавіка ўвесці на ўсіх межах агульны спіс невыязных. І наступны раз, калі хто-небудзь з апазіцыянераў паспрабуе ўцячы з краіны праз Расею, ратуючы ўласнае жыццё і свабоду, яму заступіць дарогу не статыст Пуцін, а зусім іншыя непрыкметныя людзі, якія ціха, радком-ладком, умеюць пра ўсё дамовіцца. Інтэграцыя даўно ўжо адбылася, проста мы яе не заўважылі.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках