28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым запомнілася беларусам Шчоткіна?

58
Чым запомнілася беларусам Шчоткіна?
МАР'ЯНА ШЧОТКІНА

За час працы на дзяржслужбе яна стала адной з самых адыёзных чыноўніц.

Лукашэнка звольніў Мар'яну Шчоткіну з пасады нацыянальнага каардынатара ў пытаннях устойлівага развіцця. Да прызначэння ў Савет Рэспублікі яна была міністрам працы і сацыяльнай абароны і падтрымлівала сумна вядомы дэкрэт аб «дармаедах». «Белсат» узгадвае, чым Шчоткіна запомнілася беларускаму грамадству.

Мар'яна Шчоткіна нарадзілася ў Мурманскай вобласці, атрымала адукацыю фізіка, пасля чаго працавала інжынерам на заводзе «Інтэграл» у Севераморску. У 1986 годзе пераязджае ў Менск і ўладкоўваецца ў школу настаўніцай фізікі. Праз два дзясяцігоддзі Шчоткіна ўжо ўзначальвае камітэт працы і занятасці пры Менгарвыканкаме. У 2009 годзе ўзначальвае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. З 2016 да 2019 года з'яўлялася намесніцай старшыні так званага Савета Рэспублікі.

«Прыгонны» дэкрэт аб дрэваапрацоўцы

У 2012 годзе Мар'яна Шчоткіна лабіявала Дэкрэт №9, які прадугледжваў забарону на звальненне работнікаў дрэваапрацоўчай прамысловасці на перыяд мадэрнізацыі прадпрыемстваў. Звольніцца без згоды наймальніка стала немагчыма. Калі ж наймальнік на ўласную ініцыятыву разрываў кантракт з рабочым, апошні павінен быў выплаціць «няўстойку». Набраць жа новых работнікаў было складана праз нізкія заробкі.

Фота sovrep.gov.by

Шчоткіна тады катэгарычна зняпраўджвала, што дэкрэт можа выклікаць незадаволенасць у работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Грамадскасць і недзяржаўныя прафзвязы ўключна з Міжнароднай арганізацыяй працы адмоўна паставіліся да гэтага нарматыўнага акту. На думку экспэртаў, дэкрэт парушаў адразу дзве міжнародныя канвенцыі - аб прымусовай працы і аб палітыцы ў сферы занятасці.

«Дэфіле з імбрычкам»

На пасадзе міністра Шчоткіна далучылася да абяцанняў Лукашэнкі аб сярэднім заробку «па пяцьсот». Пры гэтым чыноўніца звычайна перакладала адказнасць за нізкую аплату працы на саміх грамадзян, а не на дзяржаву. Яшчэ ў 2012 годзе падчас выступу перад Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, яна сцвярджала:

«У еўрапейскіх краінах, калі працоўны дзень доўжыцца 8 гадзін, то ты павінен іх цалкам прысвяціць працы. Выдаткаваў 15 хвілін на перакур - гэты час вылічваецца. У нас перакуры не ўлічваюцца, як і спазненні. Думаю, кожны з нас бачыў, што ў працоўны час чалавек з імбрычкам можа прадэфіляваць па калідоры разоў пятнаццаць» – казала экс-міністр.

Адначасова Шчоткіна абяцала сацыяльную падтрымку, але толькі тым, у каго «насамрэч ёсць патрэба».

Як пісала газета «Белорусы и рынок», адзін з так званых дэпутатаў звярнуў увагу Шчоткінай на праблему забеспячэння шматдзетных маці і прывёў у прыклад жанчыну, якая выхавала 11 дзяцей, а атрымлівае пенсію 70 даляраў. Чыноўніца адказала, што абураная не маленькая сумай дапамогі ад дзяржавы, а тым, што самі дзеці пішуць скаргі.

«Як мы выхоўваем дзяцей, калі 10-11 дзяцей не могуць дапамагчы адной маці?»,- парыравала Шчоткіна.

Падвышэнне пенсійнага ўзросту

Незадоўга да так званых выбараў у 2015 годзе Мар’яна Шчоткіна была кіраўніцай перадвыбарчага штабу Лукашэнкі і запэўнівала: падвышэння пенсійнага ўзросту не чакаецца.

Аднак неўзабаве пасля так званых выбараў яна змяніла пазіцыю і ўдзельнічала ў распрацоўцы закона, паводле якога ўзрост выхаду на пенсію паэтапна павялічваўся да 63 гадоў для мужчын і 58 жанчын.

«Нікуды мы ад гэтага не сыдзем», - казала яна, называючы падвышэнне пенсійнага ўзросту непазбежным.

«Дармаедская» гісторыя

У пачатку 2015 года Шчоткіна распрацоўвала Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Са слоў чыноўніцы, пытанне «пайшло не зверху, яго ўзнялі самі людзі».

Закон, згодна з якім грамадзяне павінны былі выплачваць дзяржаве падатак на беспрацоўе, ужо праз два гады пасля заявы Шчоткінай выбухнуў масавымі вулічнымі пратэстамі беларусаў. Падчас «маршаў недармаедаў» вясной 2017-га людзей затрымлівалі, збівалі і саджалі пад арышт.

Супраціў дасягнуў кульмінацыі 25 сакавіка 2017 года, калі быў брутальна разагнаны сілавікамі. Гэта быў самы масавы пратэст пасля Плошчы-2010.

Шчоткіна часткі сваёй віны ў сітуацыі не прызнала. Калі Лукашэнка прыняў абноўлены дэкрэт №1, згодна з якім незанятыя ў эканоміцы павінны аплачваць камунальныя паслугі сабекоштам, яна (быўшы намесніцай старшыні Савета Рэспублікі) заявіла, што дакумент накіраваны супраць «асоб, якія ігнаруюць працоўную дзейнасць і вядуць асацыяльны лад жыцця».

Гераіня стрыт-арта

«Гарачай вясной» 2017-га ў цэнтры Менска на вуліцы Карла Маркса на выбеленым паркане пачалі з'яўляцца графіці на сацыяльную і палітычную тэматыку.

Пад партрэтам Шчоткінай красаваўся надпіс «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных». Камунальнікі аператыўна яго замазалі, аднак на месцы малюнку з'явіліся словы «Ну вы ж самі ўсё разумееце».

Неўзабаве і гэтае графіці зафарбавалі камунальныя службы. Пазней на сцяне з'явіліся выявы з іншымі вядомымі асобамі, напрыклад, экс-міністрам Шуневічам і былым кіраўніком БТ Генадзем Давыдзькам.

«Сцяна Шчоткінай» згадваецца ў фільме рэжысёра Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», прысвечаным менскаму ЖЭС-арту.

Уладальніца элітнай нерухомасці

Улетку 2018 года Мар'яна Шчоткіна дабудавала свой катэдж у пасёлку Дразды-2. Пляц 11 сотак з правам пажыццёвай уласнасці і атрымання ў спадчыну яна бясплатна атрымала ад дзяржавы яшчэ ў бытнасць міністрам.

На надзеле Шчоткіна ўзвяла дом плошчай больш за 400 квадратных метраў. Яе муж, бізнэсовец Сяргей Шчоткін, мае ва ўласнасці трохпакаёвую кватэру ў Менску на вуліцы Ляшчынскага, пісаў сайт nn.by.

На падлікі СМІ, каб пабудаваць такі маёнтак, звычайнаму беларусу з сярэднім заробкам 452 даляры (інфармацыя на 2015 год) давялося б працаваць 184 гады.

***

У апошнія два гады Мар'яна Шчоткіна на пасадзе нацыянальнага каардынатара ў дасягненні мэтаў устойлівага развіцця не адзначалася яскравымі заявамі. Чым 61-гадовая экс-чыноўніца зоймецца далей, пакуль невядома. На яе месца ўжо прызначаны Анатоль Ісачанка.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках