23 красавiка 2024, aўторак, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы чакаюць беларусаў

16
У Польшчы чакаюць беларусаў

Як выглядае геаграфія іміграцыі ў суседняй краіне?

У студзені польская сацыялагічная кампанія СBOS (Цэнтр даследавання грамадскай думкі) апублікавала справаздачу «Праца іншаземцаў у Польшчы». Прадстаўленыя вынікі даследавання грамадскай думкі, якое вывучала стаўленне палякаў да замежнікаў, у тым ліку беларусаў, якія працуюць на іх радзіме, піша «БелГазета».

Папярэдняе такое даследаванне CBOS праводзіў чатыры гады таму. І ў 2015 годзе, і ў 2019-м даследчыкі рабілі акцэнт на іншаземцах, якія прыязджаюць з усходніх краін - суседзяў Польшчы. Ставілася мэта вывучыць, наколькі часта палякі сутыкаюцца з замежнікамі, якія працуюць у Польшчы, і якое іх меркаванне пра неабходнасць прыёму замежнікаў на працу.

У адным з раздзелаў даследавання рэспандэнтам было прапанавана адказаць, адкуль, на іх думку, часцей за ўсё прыязджаюць замежнікі, што асядаюць у Польшчы. Пры адказе можна было назваць толькі тры дзяржавы. Практычна ўсе рэспандэнты на першае месца паставілі ўкраінцаў (93%). Другое месца займаюць беларусы - іх назвалі 23% апытаных. На трэцяй пазіцыі - в'етнамцы. Грамадская думка адпавядае статыстыцы польскай управы ў справах замежнікаў, дзе месцы размяркоўваюцца аналагічным чынам.

Паводле інфармацыі польскай управы ў справах замежнікаў, за 2019 год колькасць украінцаў, якія маюць права пражываць у Польшчы, вырасла на 35,6 тысячы (да 214 тысячы), беларусаў - на 5,5 тысячы (да 25,6 тысячы). Усяго на пачатак 2020 года 423 тысячы іншаземцаў мелі дакументы, якія дазваляюць пражываць у Польшчы.

На графіку 1 можна ўбачыць, што ў 2015 годзе беларусы таксама знаходзіліся на другім месцы, але праз чатыры гады як другую групу найбольш шматлікіх замежнікаў іх назвалі на 6% апытаных больш.

Упершыню CBOS пачаў вывучаць геаграфію іміграцыі ў 1999 годзе. Тады пытанне не гучала так, як у 2015 годзе і 2019-м, таму параўнанне вынікаў не зусім карэктнае. Аднак у канцы 90-х самай шматлікай групай замежнікаў палякі называлі расейцаў (у даследаванні 2019 года яны знаходзяцца на восьмым месцы), далей указваліся ўкраінцы і румыны.

У новым даследаванні ўпершыню было зададзенае пытанне, як часта на рынку паслуг (у гандлі, на транспарце, у ахове здароўя) палякі сутыкаюцца з замежнікамі. Выявілася, што кожны дзень - амаль пятая частка апытаных (19%); 18% - некалькі разоў на тыдзень, 12% - раз на тыдзень. Такім чынам, амаль палова палякаў як мінімум раз на тыдзень абслугоўваецца ўкраінцамі, беларусамі, в'етнамцамі ў крамах, таксоўках, грамадскім харчаванні і іншых сферах паслуг.

З 1999 года CBOS маніторыць ступень асабістага знаёмства суайчыннікаў з замежнікамі. 21 год таму асабіста былі знаёмыя з працоўнымі замежнікамі 25% палякаў, сёння іх доля вырасла да 39%.

Абапіраючыся на свой амаль 10-гадовы досвед пражывання ў Польшчы, магу адзначыць, што сёння сярод знаёмых палякаў ужо няма ніводнага, хто б не карыстаўся паслугамі ўкраінцаў. Як правіла, гэта догляд за састарэлымі і хворымі сваякамі, прыборка жылля. І попыт на гэтыя паслугі расце.

Цікавае меркаванне палякаў пра тое, ці ў кожнай сферы павінны працаваць замежнікі (графік 2). У 1992 годзе толькі 9% апытаных адказалі, што замежнікі могуць працаваць усюды. 39% меркавалі, што ім трэба дазволіць працаваць толькі ў некаторых абласцях. 42% сцвярджалі, што наогул варта ўвесці забарону на працу замежнікаў. Першая і апошняя пазіцыі да 2019 года зведалі самыя значныя змены. Колькасць тых, хто мяркуе, што замежнікі павінны працаваць у кожнай сферы, вырасла за 27 гадоў да 62%, а тых, што выступаюць за поўную забарону, зменшылася да 4%. Самы значны рост першай катэгорыі пачаў адбывацца, калі Польшча ўступіла ў ЕЗ, - з 31% у 2004 годзе да 50% у 2008 годзе.

Меркаванне пра тое, што замежнікі павінны працаваць у Польшчы без абмежаванняў, часцей за ўсё выказваюць жыхары буйных гарадоў і тыя, чый даход перавышае 3 тысячы злотых (€714), студэнты, прадстаўнікі сярэдняга абслуговага персаналу.

Яшчэ адна цікавая лічба: з 2006 года расце колькасць палякаў, якія на сваёй працы сутыкаліся з сітуацыяй, калі «працадаўца хацеў бы павялічыць колькасць супрацоўнікаў, але не мог знайсці або супрацоўніка адпаведнай кваліфікацыі, або супрацоўніка на прапанаваную суму грошай». У 2006 годзе 28% рэспандэнтаў сутыкаліся з такой сітуацыяй, у 2019 годзе - 46%.

Таксама CBOS цікавіўся, наколькі занятасць замежнікаў пазітыўна адаб'ецца на асабістым даходзе апытанага, фірмы, дзе ён працуе, на росце эканомікі агулам. У пытанні ўдакладнялася, што гаворка ідзе пра грамадзян Украіны, Беларусі, Малдовы, Непала, Індыі (грамадзян дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ).

Ва ўсіх пазіцыях станоўчае меркаванне пераважае. Але самы значны адсотак станоўчых адказаў у графе, якая тычыцца дабрабыту фірмы: 88% апытаных палякаў мяркуюць, што праца ўкраінцаў, беларусаў, малдаван карысная для фірмы, якая іх наймае.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках