29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтавы рынак - не базар

11
Нафтавы рынак - не базар

Ці ёсць шанцы ў Лукашэнкі знайсці альтэрнатыўныя пастаўкі?

Беларусі востра не стае нафты для перапрацоўкі. Не стае яе настолькі, што пачалі забіраць тэхналагічную нафту з трубаправода "Дружба". Транзіт расейскай нафты пакуль не спынены, але выкарыстанне тэхнічнай нафты можа сведчыць аб вострай нястачы сыравіны. Як Менск можа выйсці з гэтай сітуацыі - разбіраўся «Белсат».

«Са студзеня ў нас мінімальныя пастаўкі нафты на заводы, яны загружаныя на 10, 12 да 20 тысяч тонаў за содні – гэта вельмі мала, яны могуць перапрацоўваць да 35 тыс. тонаў. Тым не менш дэфіцыту паліва на ўнутраным рынку няма».

Няма дзякуючы таму, што купілі 80 тысяч тонаў нарвежскай нафты кампаніі «Johan Sverdrup» праз літоўскі порт Клайпеда. Альтэрнатыўныя пастаўкі абышліся Беларусі дадатковыя амаль сто долараў за тону.

«З 2024 года Беларусь будзе мець сусветныя кошты, і заводы, магчыма, таксама будуць да гэтага часу падрыхтаваныя. Калі беларускі бок загадзя пачаў шукаць, то таксама гэта вельмі слушна», – працягвае Тацяна Манёнак.

Але дʼябал хаваецца ў дэталях: нафтавы рынак – не кірмаш. Усе пастаўкі распісаныя загадзя на некалькі месяцаў наперад. Уклініцца з тэрміноваю замовай магчыма, калі дамовіцца беспасярэдне з гаспадарамі той ці іншай нафтавай пастаўкі. Cыравіна з нарвежскай «Johan Sverdrup» пастаўляецца пераважна ў Кітай. То бок атрыманая Беларуссю нафта дэ-факта магла быць ва ўласнасці нейкай кітайскай кампаніі.

Аналітык энергетычнага сектару з Варшавы, Войцех Якубік, мяркуе, што пастаўка нафты з Нарэгіі ў Беларусь не была дамоваю паміж дзяржавамі.

- Гэта быў біржавы закуп. У нармальных рынкавых умовах можна спакойна набываць нафту на біржы, Польшча некаторы час таму набыла нафту ў Нігерыі».

А тым часам у Маскве эксперты разважаюць над тым, ці магчыма спыніць працу галіны трубаправоду «Дружбу», якая ідзе праз Беларусь.

«Не будзе праблем з пераводам на чыгуначны транспарт, на марскія танкеры – альтэрнатывы ёсць», - заявіў Аляксей Калачоў, аналітык групы кампаній «Фінам».

Рызыка такой блакады зменшыць хіба толькі перафарматаванне паставак на беларускія НПЗ. Найпрасцейшы варыянт – папулярная на нафтавым рынку захада ўзаемазаліку. Такая схема можа ажыццяўляцца з Польшчаю, калі беларусы дамовяцца адпампоўваць набытую польскімі кампаніямі адразу з нафтаправоду «Дружба»на сваёй тэрыторыі.

І наўзамен – польскі бок атрымлівае набытую беларусамі нафту з трэціх краінаў на марскія тэрміналы танкерамі.

«Беларусь магла скарыстацца пастаўкаю з Польшчы кароткачасова, калі пасля выпадку з бруднаю нафтай трубаправод быў пусты і можна было паслаць нафту ў адваротным кірунку. А каб гэта ажыццяўляць сінхронна – патрэбная інфраструктурная інвестыцыя, і Польшча тут не атрымала ніводнага сігналу ад Беларусі», – працягвае Войцех Якубік.

Ёсць варыянты і на поўдні. Калі Украіна вернецца да праекту «Адэса – Броды», то давялося б дабудаваць нафтаправод ад Бродаў да Беларусі.

«Ніводная кампанія не будзе будаваць трубы, калі не будзе ўпэўненая ў яе загрузцы на 20, а то і на 30 гадоў. Прычым у поўнай загрузцы. Бо праблема Адэса – Броды заключалася ў тым, што яна ні разу не працавала на праектавай магутнасці», – заявіў нам украінскі эканаміст Генадзь Рабцаў.

Адпаведныя перамовы праходзілі паміж былым кіраўніком Украіны Пятром Парашэнкам ды Ільхамам Аліевым у 2016 годзе. Пытанне ў тым, ці цяперашняе кіраўніцтва Украіны зацікаўленае ў такім праекце?

«Украінскі бок, наколькі мне вядома, уключыў у пакет перамоваў з Беларуссю пытанне пра магчымы транзіт нафты для патрэбаў Беларусі. Але ці дамовяцца бакі. На маю думку, – не, бо профільных спецыялістаў на блізкіх перамовах не плануецца», - заявіў Генадзь Рабцаў.

Урэшце – паўночны кірунак. Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгар Рынкевіч у сярэдзіне студзеня паведаміў, што Латвія гатовая разгледзець пытанне аб пастаўках нафты ў Беларусь праз свае парты. Для гэтага давялося б аднавіць працу «Дружбы» на ўчастку Полацк – Вэнтспілс, улічваючы, што латвійская кампанія «LatRosTrans» дасюль не разлічылася з Беларуссю за 150 тыс. тонаў тэхнічнага нафты (коштам 50 млн еўраў), якую самавольна выпампавала з трубаправоду ў 2010 годзе.

«Нафтаперапрацоўчыя заводы размешчаныя далёка ад партоў, згодна з практыкаю, калі заводы стаяць больш чым за 600 км, то эканамічна немэтазгодна экспартаваць нафтапрадукты», - мяркуе Таццяна Манёнак.

І, магчыма, найбольш перспектыўная прапанова – ад дзяржсакратара ЗША Майкла Пампэа. Маўляў, Вашынгтон гатовы забяспечыць Беларусь энергарэсурсамі паводле канкурэнтных коштаў. Альтэрнатыва – рэальная, бо гэта зусім не азначае пастаўкі чорнага золата з самых ЗША. Амерыканскай нафты дастаткова ў Еўропе і ў Саудаўскай Аравіі, якую можна набываць зноў жа паводле ўзаемазаліку.

«Закуп у Еўропе або ў ЗША паводле рынкавых коштаў мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі Расея, расейскія нафтавыя кампаніі спыняць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. Бачым, што часткова гэта адбываецца. Бо калі гэта пытанне загрузіць заводы любым коштам, то гэта ўжо не цанавое пытанне», - мяркуе Аляксей Калачоў.

Нафтавыя перамовы з Расеяй рэгулярна з пытання эканамічнага ператвараюцца ў палітычнае. Цяпер Менск заяўляе пра перамогу на апошніх Сочынскіх перамовах. Маўляў, нарэшце – дамовіліся купляць расейскую нафту паводле рынкавага кошту. Хоць яшчэ нядаўна гучала абурэнне, калі Лукашэнка заявіў:

«Я яму сказаў: мы гэтаксама горда, калі вы будзеце нас нахіляць і да рынкавага кошту на нафту падвялі, мыта замянілі падатковым манеўрам, возьмем з рынку і іншую нафту».

І пакуль выглядае на тое, што, нягледзячы на ўсе альтэрнатыўныя варыянты на кожным баку беларускай мяжы, браць будзем – ізноў з Расеі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках