28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пампэа ў Мюнхене: Захад перамагае

4
Пампэа ў Мюнхене: Захад перамагае
МАЙК ПАМПЭА

ЗША выкарыстоўваюць беспамылковую стратэгію.

Дзяржсакратар Майк Пампэа выступіў у абарону глабальнай ролі ЗША, нягледзячы на асцярогі еўрапейцаў, паабяцаўшы, што заходнія каштоўнасці атрымаюць перамогу над жаданнем Кітая стварыць сваю «імперыю», паведамляе «Голас Амерыкі».

Пампэа пастараўся супакоіць еўрапейцаў, заклапочаных рыторыкай прэзідэнта Дональда Трампа «Амерыка перш за ўсё», яго супярэчлівым стаўленнем да трансатлантычнага ваеннага альянсу NATO і пагрозамі ўвесці мыты на тавары з Еўропы.

«З задавальненнем паведамляю, што смерць трансатлантычнага альянсу – гэта моцнае перабольшанне. Захад перамагае, і мы перамагаем разам», – сказаў Пампэа, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы, пералічваючы захады, прынятыя ЗША для абароны ліберальных дэмакратый.

Пампэа збольшага адказаў на выступ прэзідэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера, які ў пятніцу абвінаваціў ЗША, Расею і Кітай у стварэнні атмасферы глабальнага недаверу.

Пастанова Трампа пра выхад з іранскай ядзернай угоды і Парыжскага кліматычнага пагаднення нанесла шкоду еўрапейскім прыярытэтам, а прызнанне Ерусаліма сталіцай Ізраіля аслабіла еўрапейскую дыпламатыю.

Пампэа ўстаў на абарону амерыканскай стратэгіі, сказаўшы, што Еўропа, Японія і іншыя хаўруснікі ЗША адзіныя ў дачыненні да Кітая, Ірана і Расеі, нягледзячы на «тактычныя адрозненні».

Ён падкрэсліў негатыўнае стаўленне Вашынгтона да будаўніцтва газаправода «Паўночны струмень – 2», які падтрымліваецца ўрадам канцлеркі Нямеччыны Ангелы Меркель.

Гаворачы пра расейскую анэксію ўкраінскага Крыма, кіберпагрозы, зыходныя ад Ірана і эканамічную палітыку Кітая, Пампэа сказаў, што гэтыя краіны ўсё яшчэ «хочуць стварыць імперыі» і дэстабілізуюць міжнародную сістэму, заснаваную на агульнапрынятых правілах.

Міністр абароны ЗША Марк Эспер, які ўзяў слова пасля Пампэа, у сваёй прамове сфакусаваўся на Кітаі, абвінаваціўшы Пекін у «гнюснай стратэгіі», якая рэалізуецца пры дапамозе тэлекамунікацыйнай кампаніі Huawei.

«Вельмі важна, каб мы, як міжнародная супольнасць, усвядомілі праблемы, звязаныя з тым, што Кітай маніпулюе даўно ўстаноўленым міжнародным парадкам», – сказаў Эспер.

Міністр абароны адзначыў, што для Вялікай Брытаніі яшчэ не позна «зрабіць два крокі назад» у нядаўна прынятай пастанове пра абмежаваны ўдзел Huawei у стварэнні брытанскіх 5G-сетак.

«У нас можа быць беспамылковая стратэгія, калі мы проста будзем выконваць міжнародныя правілы, якія ўсталёўваліся цягам дзесяцігоддзяў... [з улікам] павагі правоў чалавека, павагі суверэнітэту», – сказаў ён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках