29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яму стралялі ў спіну»: Экс-баец САХРа Гараўскі сустрэўся з дачкой Захаранкі

186
«Яму стралялі ў спіну»: Экс-баец САХРа Гараўскі сустрэўся з дачкой Захаранкі
ФОТА: DW

Пасля гутаркі дачка экс-міністра МУС упэўненая, што ён кажа праўду.

"Ніколі не думала, што сустрэчу суўдзельніка забойства майго бацькі", – ціха кажа Алена Захаранка. Гэтай ноччу перад палётам у Цюрых яна амаль не спала. Бледная, за ранак выпіла жменю таблетак валяр'яны, Алена стаіць перад дзвярыма, за якімі яе чакае былы сахравец Юры Гараўскі, паведамляе "Нямецкая хваля".

АЛЕНА ЗАХАРАНКА ПАДЧАС СУСТРЭЧЫ З АДНЫМ З ВЫКРАДАЛЬНІКАЎ ЯЕ БАЦЬКІ ЮРЫЕМ ГАРАЎСКІМ

Прызнанні Гараўскага ў суўдзеле ў забойстве апазіцыянераў

За некалькі тыдняў да гэтай сустрэчы Юры Гараўскі, экс-баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) унутраных войскаў МУС Беларусі, прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве бацькі Алены, былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, а таксама экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнэсмэна Анатоля Красоўскага. У канцы 1990-х гэтыя людзі выступалі супраць Лукашэнкі. У 1999 годзе спачатку Захаранка, а потым і Ганчар з Красоўскім бясследна зніклі. Расследаванне іх знікнення не было даведзенае да канца, Захаранка дагэтуль афіцыйна не прызнаны памерлым.

Пра сустрэчу з Гараўскім дачка Юрыя Захаранкі папрасіла сама. Ёй было важна паглядзець яму ў вочы – яна ўпэўненая, што так зможа зразумець, ці гаворыць ён праўду. "Мы доўгі час думалі, што бацьку забівалі павольна, расчляняючы яго. Гэта было невыносна. Мне трэба ведаць, што гэта адбылося хутка. Я хоць неяк супакою сваю душу", – тлумачыць Алена.

44-гадовая Алена Захаранка – спакойная, меланхалічная жанчына са светлымі, амаль бясколернымі вачыма. Яе цёмныя валасы акуратна ўкладзеныя, на твары – макіяж, нязвыкла старанны для Нямеччыны. Тут яна жыве ўжо 20 гадоў – пасля знікнення бацькі Алена разам з малодшай сястрой, маці і сынам атрымала палітычны прытулак у ФРГ.

Экс-міністр Юры Захаранка рыхтаваўся да магчымага арышту

"Вядома, адчувалася, што ён быў вайскоўцам, – успамінае бацьку Алена, седзячы на сваёй кухні за дзень да сустрэчы з Гараўскім. – Ён нават нам, хатнім, даваў распараджэнні: усё папрасаваць, зрабіць, прыйду – праверу. Але ў яго было вельмі добрае сэрца, і мы гэтым карысталіся". Алена падобная на бацьку не толькі вонкава: "Я атрымала ў спадчыну ягоны камандны голас". Праўда, прамаўляе яна гэта павольна і з надрывам – па-іншаму казаць пра трагедыю, якая зламала яе жыццё, яна не можа.

Юры Захаранка рыхтаваў сям'ю да таго, што з ім можа нешта здарыцца, але сыходзіць з палітыкі ўсё адно не хацеў. Экс-міністр унутраных справаў Беларусі, які першапачаткова падтрымліваў Лукашэнку, на той момант ужо стаў адным з лідараў апазіцыі і імкнуўся адхіліць Лукашэнку, якога ўважаў дыктатарам, ад улады.

ЭКС-КІРАЎНІК МУС БЕЛАРУСІ ЮРЫ ЗАХАРАНКА НА АКЦЫІ АПАЗІЦЫІ Ў МЕНСКУ (ФОТА З АРХІВА АЛЕНЫ ЗАХАРАНКІ)

Захаранка бачыў, што за ім сочаць. У адзін з дзён ён адмыслова заехаў у тупік, адчыніў дзверы машыны, якая рухалася за ім, і сказаў: "Дрэнна працуеце, хлопцы". У аўтамабілі сядзелі зусім маладыя хлопцы, апавядаў ён потым жонцы і дзецям.

Праўда, палітык думаў, што яго арыштуюць, пасадзяць, але ніяк не заб'юць, перакананая ягоная дачка. Доўгі час пасля знікнення Захаранкі сям'я не верыла, што яго няма сярод жывых. "Самы жудасны стан быў, вядома, у маёй бабулі. 20 гадоў яна з надзеяй бегла да акна, калі нехта грукаўся, думаючы, а раптам гэта ён. 20 гадоў! І калі яна памірала, апошнім яе словам было ягонае імя. Яна крычала: Юра!" – успамінае Алена.

На сценах яе кватэры на ўскраіне нямецкага Мюнстэра не вісіць фотаздымкаў бацькі: "Я на фатаграфіі гляджу вельмі рэдка, таму што гэта балюча. Замест труны, замест помніка ў мяне засталіся ад бацькі толькі ягоны гадзіннік, які ўжо даўно не працуе".

Якім было яе жыццё да ўсіх гэтых падзей? "Шчаслівым, якім жа яшчэ", – абыякава паціскае плячыма Алена. Напярэдадні сустрэчы з байцом, які сцвярджае, што ён удзельнічаў у забойстве яе бацькі, яна не хоча гаварыць пра добрае. Яна дзівіцца чужому смеху, бесклапотным мінакам на вуліцы і зайздросціць, што нехта можа так жыць.

У АЛЕНЫ ЗАХАРАНКІ ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ НЕВЯЛІКІ АЛЬБОМ СА ЗДЫМКАМІ БАЦЬКІ

Перад паездкай Алене страшна і ніякавата. Але гутарка з Гараўскім – гэта адзіны шанец даведацца праўду, мяркуе яна: "Я не еду заклікаць яго да сумлення, я не еду з вайной. Я разумею, што ён апынуўся ў віры паліцэйскай машыны. У яго не было выйсця. Я яго не вінавачу".

Экс-баец САХРа Юры Гараўскі перад сустрэчай з Аленай Захаранкай

41-гадовы Юры Гараўскі – буйны мужчына, пад два метры ростам. У яго відавочна быў зламаны нос, бачныя шнар і ўвагнутасць ў правае брыво. Ён моцна кульгае, але рады, што ўвогуле можа хадзіць. У Швэйцарыі, куды ён уцёк з Беларусі ў канцы 2018 года, яму зрабілі аперацыю на сцягне, раздробленым у выніку аўтамабільнай аварыі – ён мяркуе, што на яго рабілі замах. Гараўскі перажывае, ці дадуць яму прытулак, і абураецца, што мясцовыя чыноўнікі сумняваюцца ў ягоным удзеле ў забойствах беларускіх апазіцыянераў – кажуць, ён пераказвае нейкі дэтэктыў.

ЮРЫ ГАРАЎСКІ НЕ АДРАЗУ ЗГАДЗІЎСЯ НА СУСТРЭЧУ З ДАЧКОЙ ЗАБІТАГА ЗАХАРАНКІ

На сустрэчу з Аленай Захаранкай Юры Гараўскі пагадзіўся не адразу: баяўся, што яна на яго "накінецца, пачне вінаваціць". Але потым перадумаў: "У фільме (дакументальным фільме DW, знятым на аснове інтэрв'ю Гараўскага. – Рэд.) яна сказала, што вінаваты не я, а сістэма. Так і ёсць. Мне было ў той час 20 гадоў. Я не ініцыяваў забойства яе бацькі". Ад гэтай думкі яму відавочна лягчэй – тое, што ён быў толькі шрубкай у сістэме, Юры скажа ў гэты дзень яшчэ не раз: "Я ўжо на той момант разумеў, што гэта злачынства. Я разумеў, што калі буду маўчаць, то буду далей жыць. Таму маўчаў".

У рэдакцыю газеты Neue Zürcher Zeitung у Цюрыху, якая прапанавала офіс для сустрэчы з Аленай, Гараўскі прыязджае першым. Перад уваходам у яго здаюць нервы – ён блытана просіць прасачыць, каб Захаранка трымала рукі на стале: "Ці мала – пранясе з сабой пілачку". Але з мэблі тут толькі крэслы, Алена і Юры будуць сядзець за паўтара метра адно ад аднаго ў прысутнасці некалькіх журналістаў. Парадак просты: і ён, і яна могуць спыніць зносіны ў любы момант.

Сустрэча Гараўскага з дачкой забітага міністра Захаранкі

Нарэшце Гараўскаму паведамляюць, што Алена ўжо тут і стаіць за дзвярыма. У памяшканні павісае цяжкае маўчанне, здаецца, яна ніколі сюды не ўвойдзе. Але Алена заходзіць. Прыкметна напружаная, Захаранка ставіць на падлогу сумку, азіраецца па баках і садзіцца. Яна цяжка ўздыхае, падымае вочы і пачынае размову: "Вы бачылі бацьку майго апошнім. Я вам давяраю. Я веру ў ваш аповед".

ПЕРАД СУСТРЭЧАЙ З АЛЕНАЙ ЗАХАРАНКАЙ ЮРЫ ГАРАЎСКІ ПАСПРАБАВАЎ УСПОМНІЦЬ УСЕ ДЭТАЛІ ЗАБОЙСТВА ЯЕ БАЦЬКІ

Алена хоча ведаць усё – як вялося сачэнне за яе бацькам, як яго выкрадалі, забівалі. Гараўскі, гледзячы спадылба, пералічвае: вось так Захаранку схапілі, ззаду сашчапілі кайданкі, пасадзілі ў машыну галавой уніз паміж сядзеннямі. Моўчкі выехалі за горад – грала радыё. Дасталі з машыны, паклалі на зямлю, заснавальнік САХРа Дзмітры Паўлічэнка двойчы ў яго стрэліў. Пагрузілі ў багажнік на ўжо падрыхтаваную цырату, адвезлі ў крэматорый, спалілі... Алена цвёрда слухае, то крыху асядаючы на крэсле, то зноў выпростваючыся, і прадаўжае задаваць пытанні – за час размовы яна ні разу не заплача.

– Вы казалі, што за бацькам вялося сачэнне.

– Мы проста прыязджалі да дома і глядзелі, дзе, хто, як будзе расстаўлены. Мы назіралі, супастаўлялі час ягонага прыезду, колькі ён ідзе ад стаянкі да дома. 10 хвілінаў. Вось у гэтыя 10 хвілінаў мы павінны былі ўкласціся. Але сам момант затрымання вашага бацькі, яго пагрузкі ў машыну – гэта было секундаў 20–30.

– Што вы бачылі? Ён заўсёды быў адзін?

– Адзін раз ён стаяў і хвілінаў 10–15 размаўляў з ахоўнікам на стаянцы.

– Гэта праўда. Ён часта размаўляў з ім. Я доўгі час думала, што бацьку расчлянялі, рэзалі на часткі...

– Не, не і яшчэ раз не. На ўсё сышло блізу чатырох-пяці гадзінаў. Як вы думаеце, за гэты час можна забіць, спаліць цела, прыехаць на базу? Калі мы павінны былі катаваць вашага бацькі? І што мы павінны былі даведацца?

– У яго, напэўна, быў нейкі кампрамат (на Лукашэнку. – Рэд.).

– Такіх фактаў я не маю, нам пра яго ўвогуле нічога не было сказана. Толькі "тут зарыентавацца", "тут прасачыць".

– Забіць чалавека, а потым шпацыраваць, смяяцца... Бо кажуць, калі хочаш застрэліць, то толькі не глядзі ахвяры ў вочы...

– Ніхто і не глядзеў. Яго паклалі тварам уніз. Яму стралялі ў спіну, вашаму бацьку, як і Ганчару, і Красоўскаму. Ім усім стралялі ў спіну.

– А вы ведалі пра нашы пакуты? Бачылі паведамленні ў прэсе? Чулі крык маёй бабулі?

– Каб засцерагчы сябе, не трэба гэта глядзець. Я чуў пра вашу бабулю, пра тое, што пра яе пісалі. Але не адсочваў.

– Вы ж яго захоплівалі, вы можаце сказаць, якога ён быў росту?

– Вось такога (паказвае на аператара, які стаяў за Аленай. – Рэд.). Целасклад добры такі, жылісты мужык. І рукі досыць вялікія.

– Такія, як у вас...

Гутарка доўжыцца ўжо дзве гадзіны. З боку можа здацца, што гэта ветлівая размова малазнаёмых людзей, але змест яе жудасны. "А калі б з бацькам у той момант была мая мама, з ёй бы тое самае было?" – манатонна пытаецца Алена. "Хутчэй за ўсё, так", – ледзь памарудзіўшы, адказвае Юры. Пачуўшы ад яе аповед, як Захаранка заўважыў сачэнне, ён усміхаецца і з ходу выдае прозвішчы таварышаў са службы, якія тады "спаліліся". Гэтую гісторыю ён ужо чуў – ад іх саміх 20 гадоў таму.

У нейкі момант Гараўскі ўскрыквае: "Перапынак, перапынак!" і з цяжкасцю падымаецца з месца. Ад доўгага сядзення ў яго забалела праапераваная нага. Ужо стоячы, ён паказвае Алене карту: "Тут стрэльбішча Валоўшчына", "вось тут заезд", "вось на гэтай дарозе забіты ваш бацька". Алена просіць паглядзець ёй у вочы і паклясціся самым дарагім, што гэта праўда. "Клянуся здароўем сваёй дачкі", – імгненна рэагуе Гараўскі.

Сустрэча скончаная. Выйшаўшы на вуліцу, Юры паліць, ягоныя вочы блішчаць. "Я выціснуты, як лімон", – кажа ён. Яго злуе, што не змог адказаць на ўсе пытанні – ён ужо не памятае, у што быў апрануты Захаранкі, як былі размешчаныя дамы. "Я разумею, што я, можна сказаць, забойца іх бацькі, мужа, сына. Я не сказаў, што пераглядаў відэа ў СМІ, як іх бабуля хадзіла на могілкі і пра сына казала: я не ведаю дзе ты, што ты. Я гэта ўсё бачыў", – прызнаецца ён.

Алена сыходзіць у іншы бок. Яна спытала ў Юрыя ўсё, што хацела, і абсалютна ўпэўненая – Гараўскі не хлусіць. Вось толькі лягчэй ёй ад гэтага не стала: "Я глядзела яму ў вочы, і ён мне таксама. Я адчувала бязмежнае пачуццё віны з ягонага боку. Але гэта вельмі цяжка, цяжкі асадак. Мне цяжка гэта ўсё ўсведамляць, увогуле пра гэта думаць", – тлумачыць яна. Алена Захаранка спадзяецца, што пасля прызнанняў у саўдзеле ў забойствах былы сахравец застанецца ў жывых. Спадзяецца, што ён яшчэ раскажа тое самае ў судзе. Гараўскі ёй сказаў, што да гэтага гатовы, гатовы і адседзець за гэтыя злачынствы. Але толькі не ў Беларусі – у Еўропе.

На пажаданне выспацца і прыйсці ў сябе абое – незалежна адно ад аднаго – рэагуюць аднолькава. Прыйсці ў сябе пасля гэтай гутаркі ні Юры Гараўскі, ні Алена Захаранка яшчэ доўга не змогуць.

Напісаць каментар 186

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках