16 красавiка 2024, aўторак, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як бюджэтнікі рэагуюць на заробкі паводле «сістэмы Робіна Гуда»

28
Як бюджэтнікі рэагуюць на заробкі паводле «сістэмы Робіна Гуда»
ТАЦЦЯНА СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: «Радыё Рацыя»

Замест абяцанага павышэння заробкаў выйшла так, што ўсе атрымалі ў разы менш.

Улады з 1 студзеня пастанавілі разлічваць заробкі бюджэтнікаў па-новаму. На днях працаўнікі бюджэтнай сферы атрымалі свае першыя выплаты за студзень і зусім ім не ўзрадаваліся. Новую сістэму аплаты працы ўжо ахрысцілі «сістэмай Робіна Гуда», калі ад высокіх заробкаў адабралі, а да маленькіх дадалі.

Сайт Charter97.org пагутарыў з каардынатаркай БХД у Віцебскай вобласці і педагогам з шматгадовым стажам Таццянай Севярынец пра сітуацыю беларускіх бюджэтнікаў.

– Замест абяцанага павышэння заробкаў выйшла так, што ўсе атрымалі ў разы менш. Для людзей гэта вялікія страты, і невядома, дзе зарабіць тыя грошы, якія не даплацілі. Як заўсёды ў нас спачатку скачуць, а потым кажуць «гоп».

А што тычыцца «робінгудаўскай» сістэмы, мне здаецца, імя знакамітага героя з гэтай сітуацыяй нічога агульнага не мае. Тое, што адбываецца, – гэта непрыгожа і супярэчыць ягонаму ж вобразу.

Як кажуць мае дочкі, якія таксама выкладаюць, сама сістэма разліку заробкаў матывуе настаўнікаў да «творчасці», да працы па-за сваімі працоўнымі гадзінамі.

Як увогуле працуе сістэма? Ёсць пэўная стаўка, як і было раней. А далей налічваецца надбаўка за розныя дасягненні, працы, алімпіяды. Калі гэтага ўсяго няма, то налічваецца толькі тое, што ты напрацаваў. У адпаведнасці з новымі правіламі і працоўныя дамовы павінны быць іншыя. Цяпер атрымалася, што шмат хто атрымаў ажно на 300 рублёў менш. Тут не спрацавалі адміністрацыі, да якіх не давялі ні фонд гэтых заробкаў, ні крытэрыі, паводле якіх трэба выплачваць, а там павінен быць належны разлік паводле кожнага пункта. Я сама ўдзельнічала пры распрацоўцы гэтых крытэрыяў з боку прафзвязаў і ведаю, колькі каштуе кожны бал надбавак.

Настаўнікі заўсёды атрымлівалі амаль на ўзроўні тэхнічак. А тое, што цяпер адбылося з заробкамі, проста няправільна. Гэта недапрацоўка менавіта адміністрацыі, у якой хтосьці не паварушыўся. Яны павінны адказна да гэтага падыходзіць. У кожнай школе амаль 100 супрацоўнікаў, якія залежаць ад адміністрацыі.

– Асабіста Лукашэнка патрабаваў ад Мінпрацы, каб бюджэтнікі нічога не страцілі, а тут атрымалася наадварот.

– У нас заўсёды так. Хтосьці сказаў: «Стаўка значыць стаўка». Яны выплацілі і задаволеныя. У менскіх школах настаўнікі раззлаваліся і патрабавалі Карпенку паказаць дэкларацыю аб прыбытках. Значыць, мясцовыя адміністратары так не дапрацавалі, менавіта яны адказныя за гэтую сітуацыю. А тое, што сказаў Лукашэнка, то чхаць яны хацелі на ягоныя пагрозы. Чым далей, тым больш пераконваюся, што ў нас не працуе сістэма менавіта на гэтым сярэднім узроўні.

– Ці былі выпадкі, калі раззлаваных спрабавалі дабіць з дапамогай калектыву, казалі, каб тыя маўчалі. Як бы вы пракаментавалі гэтыя метады?

– Калі я кіраўніца і ў нечым памылілася, а людзі ўжо пачалі бухцець, зразумела, я выкарыстаю ўсе адміністрацыйныя захады, каб іх сцішыць.

Калі людзі згодныя ўдзельнічаць у такіх рэчах – хай атрымліваюць капейкі, няма ў іх гонару. У нас якая сістэма: вы чымсьці незадаволеныя, значыць, трэба караць, заняць і гэтак далей. Калі людзі асуджаюць тых, хто выступіў супраць несправядлівых адносінаў, то гэта ўжо зусім «савецкі саюз».

Калі казаць пра заробкі – гэта ўжо зусім іншая гісторыя, колькі павінен зарабляць чалавек, які працуе з дзецьмі. Ён павінен зарабляць непараўнальна вышэй, чым гэтыя стаўкі.

– Як увогуле вы ацэньваеце сітуацыю з настаўнікамі?

– Пры цяперашняй сістэме аплаты, калі настаўнікі самі не будуць варушыцца і займацца толькі тым, што ёсць, гэта будзе голенькі аклад 400–600 рублёў. Гэта такое прыніжэнне, што цяжка казаць і думаць, улічваючы, як падняліся кошты на ўсё, наколькі дарагое жыццё і што чалавек можа сабе дазволіць.

Наша Міністэрства працы неадукаванае, і калі яны нешта добрае прыдумляюць, то гэта ўсё роўна ганьба. Той, хто старанна працуе, не выступае, усё на сябе бярэ, ён будзе зарабляць. Астатнія будуць атрымліваць нікчэмныя капейкі.

– Лукашэнка сам калісьці сказала, што калі мы страцім настаўнікаў, то «будзем хадзіць п'яныя і дурныя». Ці не ідзе ён у гэтым кірунку?

– Кіраўнікі не ўмеюць рабіць так, каб людзі не хадзілі п'яныя і дурныя. Пры ўсіх новых тэхналогіях яны не ўмеюць арганізаваць працу і аплату, каб не прыніжаць чалавека. Для іх чалавек – гэта не стваральнік, а шрубка, якую можна памяняць, калі яму нешта не падабаецца: «Ваша месца пустым не будзе». Не звыкліся яны ставіцца да людзей, як да асобаў. Гэтую ўсю сістэму трэба разам з Лукашэнкам зрушыць і выкінуць прэч, каб не смярдзела і не відаць было, як ядзерныя адкіды.

– Як настаўнікі могуць байкатаваць такую палітыку? Што яны могуць зрабіць?

– Трэба, каб яны не баяліся браць адказнасць у свае рукі і пачалі абурацца. Калі баішся, то стань тым, хто гучней за ўсіх крычыць. Трэба выціснуць з сябе раба, як казаў Антон Чэхаў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках