19 красавiка 2024, Пятніца, 3:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыбыткі ад продажаў нафтапрадуктаў растаюць

1
Прыбыткі ад продажаў нафтапрадуктаў растаюць
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У 2019 годзе Беларусь на іх зарабіла на 25% менш, чым год таму.

У той час як расейская нафта для Беларусі даражэе, кошты на нафтапрадукты на сусветным рынку зніжаюцца. Для краіны, якая зарабляе важную дзель валюты на прывабнай розніцы паміж набыццём таннай нафты і канкурэнтным коштам створанай з яе прадукцыі, сітуацыя склалася рызыкоўная. Але, можа быць, гэта зручны момант, каб перагледзець структуру экспарту і зрабіць стаўку на больш перспектыўныя галіны, піша tut.by.

Шмат гадоў запар Беларусь знаходзілася ва ўнікальнай сітуацыі. Не маючы вялікіх аб'ёмаў здабычы ўласнай нафты, яна гуляла важную ролю на сусветным рынку экспарту нафтапрадуктаў. Магчымасць зарабляць на іх прыносіла бюджэту добры прыбытак і забяспечвала краіну валютай. Але падатковы манеўр у Расеі, нявызначанасць паставак нафты ў пачатку 2020 года ўзнялі пытанне пра будучыя прыбыткі ад экспарту. Пакуль сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы, здаецца, паставіла кропку ў гандлі за кошты на энэрганосьбіты. Пастаноўлена, што Беларусь, «як і хацела», будзе набываць расейскую нафту без скідак і льготаў. Сёлета кошт расейскай нафты для Беларусі складзе 83–85% ад сусветнага, бо ў ім не будзе ўлічвацца экспартная мыта. Калі да 2024 года ў Расеі закончыцца падатковы манеўр, беларускія НПЗ будуць набываць расейскую нафту ўжо сапраўды з сусветным коштам. Гэта значыць, што на продажы за мяжу нафтапрадуктаў Беларусь будзе зарабляць усё менш.

У цэлым экспарт тавараў у 2019 годзе склаў 32,9 млрд даляраў, скараціўшыся на 2,9%, паведамляе Белстат. Летась беларускія кампаніі экспартавалі прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай прадукцыі на 5,5 млрд даляраў (4,5% да 2018 года, паводле звестак Мінсельгасхарча). Экспарт паслуг летась прынёс 9,6 млрд даляраў. На экспарце нафтапрадуктаў у 2019 годзе Беларусь зарабіла 4,8 млрд даляраў, што на 25% менш, чым год таму. Менавіта зніжэнне гандлю нафтапрадуктамі прывяло да скарачэння экспарту.

– Можна меркаваць, што сёлета мы яшчэ больш страцім у пастаўках нафтапрадуктаў у параўнанні з ранейшымі гадамі, – мяркуе навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль.

Сумарныя страты Беларусі ад расейскага падатковага манеўру да 2024 года могуць скласці 9 млрд даляраў, прычым 3 з іх недалічыцца бюджэт. Пры гэтым прыток валюты ў Беларусь застаецца прынцыпова важным, бо Менск прадоўжыць у найбліжэйшы час выплачваць больш чым 3 млрд даляраў дзяржпазыкі штогод. Таму было б нялішнім перагледзець магчымасці прыбыткаў ад экспарту іншых, не заснаваных на сыравіне тавараў, адзначае эксперт.

Пытанне дыверсіфікацыі экспарту рэгулярна падымаецца на нарадах у Лукашэнкі і стаіць у планах урада. Але вынікі знешняга гандлю з году ў год не паказваюць істотных змен.

– Апошнія гадоў 20 у экспарце ўпор рабіўся на тры групы тавараў: нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні і мяса-малочную прадукцыю. Цяпер сітуацыя з нафтапрадуктамі, з коштамі на сыравіну, са зніжэннем як фізічнага аб'ёму экспартных паставак, так і коштаў на гэтую прадукцыю, паказвае, што структура экспарту не працуе, – адзначае Алег Мазоль.

Выгадней за ўсё было б пачаць працу ў дыверсіфікацыі экспарту, калі эканоміка расла досыць добрымі тэмпамі і была магчымасць інвеставаць у розныя праекты дзяржрэсурсы. Дзяржаўныя інвестыцыі ў праекты, якія дазволілі б ствараць новыя віды прадукцыі, што мае добры экспартны патэнцыял, хутчэй за ўсё, цяпер ужо далі б свой плён.

Цяпер жа найбольш верагодны варыянт аднавіць рост экспарту – гэта перабудаваць яго структуру, зрабіўшы ўпор на сферу паслуг, уключаючы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Менавіта IT-сектар і сфера паслуг дазволяць у наступныя перыяды атрымаць дадатковы прыбытак, мяркуе эксперт BEROC. Прычым добры патэнцыял у канкурэнтаздольных паслугах ён бачыць у медыцынскай сферы.

У тэорыі добры эфект стварае развіццё выпуску высокатэхналагічных тавараў. Паводле звестак ДКНТ, у 2019-м Беларусь экспартавала навукаёмістай высокатэхналагічнай прадукцыі амаль на 15 млрд даляраў. Але далейшае развіццё рынку высокатэхналагічных тавараў залежыць ад інвестыцый, у тым ліку замежных, а таксама наяўнасці кваліфікаваных кадраў. Што, у сваю чаргу, напрамую залежыць ад сацыяльна-эканамічных чыннікаў і камфортнага справавога клімату.

Нядрэнныя шанцы ў Беларусі павысіць сваю ролю ў глабальных ланцужках стварэння дададзенага кошту дзякуючы яе геаграфічнаму размяшчэнню. Прычым праз складаную сітуацыю ў эканоміцы Кітая складваюцца спрыяльныя ўмовы для прываблівання інвестыцый і стварэння ў Беларусі неабходных для ўключэння ў глабальныя ланцужкі кошту вытворчасцяў.

– Эпідэмія ў Кітаі сфармавала пагрозу для сусветнай эканомікі, для паставак важных камплектавальнікаў. Мы ў гэты час цалкам маглі б паказаць замежным кампаніям, што можам размяшчаць у Беларусі новыя вытворчасці. Тым больш мы бліжэй да іх, чым Кітай. Затраты на працу тут не нашмат вышэйшыя, а можа, і ніжэйшыя, у нас добрая транспартная інфраструктура, – мяркуе Алег Мазоль.

Праўда, і тут не абысціся без працы над прывабнымі ўмовамі для інвестыцый і стварэння адпаведнага іміджу краіны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках