29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bellingcat апублікаваў расследаванне пра сувязь забойства Хангашвілі з ФСБ РФ

Bellingcat апублікаваў расследаванне пра сувязь забойства Хангашвілі з ФСБ РФ

Аперацыю курыраваў начальнік Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ.

Грамадзянін Расеі Вадзім Красікаў, які пад выдуманым імем Вадзіма Сакалова застрэліў летась у Берліне выхадца з Грузіі Зелімхана Хангашвілі, перад паездкай у Еўропу трэніраваўся на базе спецназа ФСБ "Вымпел", неаднаразова наведваў антытэрарыстычную ўправу ФСБ на праспекце Вярнадскага і шмат разоў тэлефанаваў аднаму дзейнаму і некалькім былым супрацоўнікамі "Вымпела". Гэта сцвярджаецца ў апублікаваным у панядзелак супольным расследаванні групы Bellingcat, нямецкага часопіса Der Spiegel і расейскага выдання The Insider, паведамляе svoboda.org.

Аўтары расследавання здолелі знайсці нумар тэлефона, якім Вадзім Красікаў карыстаўся ў Расеі да забойства ў Берліне - нягледзячы на тое, што ні на ягонае імя, ні на імя ягонай жонкі ніколі не выпускала сім-карт ніводная расейская кампанія сотавай сувязі. Яго ўдалося знайсці праз нумар жонкі Красікава.

Інфармацыя аб званках з гэтага нумару дазволіла даследчыкам сцвярджаць, што сувязь "берлінскага забойцы" з ФСБ была бесперапыннай і ставіла сваёй мэтай менавіта падрыхтоўку да аперацыі забойства Хангашвілі. У Bellingcat мяркуе, што аперацыю курыраваў начальнік Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ, генерал-палкоўнік Аляксандр Ціханаў, аднак непасрэдна з ім меў стасункі не дзейны супрацоўнік спецслужбы, а былы - Эдуард Бендэрскі. Следчыя ўпэўненыя, што забойства Хангашвілі было санкцыянаванае як мінімум на ўзроўні кіраўніцтва ФСБ.

Хангашвілі ў гады другой чачэнскай вайны ваяваў на баку сепаратыстаў, затым супрацоўнічаў з грузінскімі спецслужбамі.

У снежні 2019 года канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель папрасіла Расею даць інфармацыю, якая магла б быць датычнай да забойства Зелімхана Хангашвілі. Справу расследуе Федэральная пракуратура Нямеччыны: гэта сведчыць аб тым, што нямецкія следчыя могуць падазраваць у арганізацыі забойства спецслужбы іншай краіны. Расейскія ўлады і ФСБ адмаўляюць сваё дачыненне да злачынства.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках