19 красавiка 2024, Пятніца, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёвец давёў, што ў горадзе павінна быць больш месцаў для акцый пратэсту

Магілёвец давёў, што ў горадзе павінна быць больш месцаў для акцый пратэсту
СЯРГЕЙ ПЕХЦЕРАЎ

Актывіст па костачках разабраў Магілёў.

У мінулым годзе Сяргей Пехцераў ужо рабіў крутую рэч - яго праект па маніторынгу чысціні паветра Pavetra.online мала таго, што запусціўся, дык яшчэ і дайшоў да фіналу конкурсу праектаў Social Weekend, піша сайт mspring.online.

Гэтым разам Сяргей закрануў не менш важную тэму. У Магілёве існуе толькі адно месца для санкцыянаваных масавых мерапрыемстваў - гэта стадыён на вул. Чалюскінцаў.

Горад застаецца адзіным абласным цэнтрам Беларусі з гэткай нікчэмнай колькасцю пляцовак для мірных сходаў. Нягледзячы на намаганні праваабаронцаў, Магілёўскі гарвыканкам дагэтуль цягне час і не можа прыняць пастанову аб павелічэнні месцаў для мітынгаў і дэманстрацый.

Пакуль «Магілёўская вясна» рыхтуе наступны зварот, Пехцераў наважыў узяць сітуацыю ў свае рукі і даследаваў магчымыя пляцоўкі, дзе можна было б дазволіць правядзенне мірных сходаў. У выніку ў яго атрымаўся проста аналітычны тэкст.

Між іншым, Пехцераў звярнуў увагу на тое, што дзейнае месца для масавых мерапрыемстваў - стадыён на вул. Чалюскінцаў, - нібыта як і не вельмі адпавядае нормам заканадаўства.

Уся справа ў тым, што тэрыторыя стадыёна, калі меркаваць па мапе, знаходзіцца блізка да медычнай установы (паліклінікі №7), што забаронена Законам аб масавых мерапрыемствах.

Згодна з гэтым нарматыўным дакументам, мітынгі, пікеты і іншыя сходы нельга праводзіць у межах:

- 50 м ад прыпынкаў транспарту, школ, дзіцячых садкоў, пунктаў аховы правапарадку і іншых адміністрацыйных будынкаў прыпынкаў;

- 100 м ад паліклінік і бальніцы,

- 200 м ад падземных пераходаў, ТВ і радыё.

Стадыён жа на вул. Чалюскінцаў трапляе ў «зону» паліклінікі №7.

Сяргей Пехцераў паспрабаваў вызначыць, якія пляцоўкі Магілёўскі гарвыканкам можа дазволіць пад масавыя мерапрыемствы хоць заўтра. Пры гэтым знаходзяцца яны ў цэнтры горада і адпавядаюць заканадаўству. У выніку атрымалася тры пункты:

- Сквер 40-годдзя Перамогі;

- Зорная плошча і Камсамольскі сквер;

- Вуліца Ленінская (участак ад вул. Болдзіна да пл. Славы) для шэсцяў і тэрыторыя плошчы Славы да мемарыяла змагарам за Савецкую ўладу.

Фактычна, Пехцераў зрабіў за чыноўнікаў усю працу - гарвыканкам хоць заўтра можа ўзброіцца працаю Сяргея і змяніць уласнае рашэнне аб масавых мерапрыемствах, якое дзейнічае ажно з 2007 года.

Права на свабоду сходаў і права на свабоднае выказванне меркавання - адны з найважнейшых, таму ў нашых інтарэсах дамагчыся таго, каб гарвыканкам усё ж такі прыняў адэкватнае рашэнне ў гэтым пытанні.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках