28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што кажуць на «Белшыне» пра прастой заводаў

17
Што кажуць на «Белшыне» пра прастой заводаў

На сходах кіраўніцтва просіць калектыў «зацягнуць паясы».

Найбуйнейшы ў Беларусі вытворца шын, бабруйская кампанія “Белшына”, спыніла тры заводы. Кіраўніцтва тлумачыць прастой планавым абслугоўваннем абсталявання і праблемамі з абаротнымі сродкамі і закупкай сыравіны. Сайт svaboda.org даведаўся, што кажуць работнікі горадаўтваральнага прадпрыемства.

Пакуль “Белшына” будзе прастойваць, работнікаў перавялі на заробак, роўнай 2/3 ад тарыфнай стаўкі.

Пра кампанію “Белшына”. Сцісла

Найвялікшая прадпрыемства ў Бабруйску, існуе з 1973 года.

У штаце працуе 7 тысяч чалавек.

На трох заводах вырабляюць больш за 300 мадэляў шын для легкавых, грузавых, буйнагабарытных, а таксама для сельскагаспадарчых машын і трактароў.

Асноўныя спажыўцы прадукцыі - беларускія і расейскія прадпрыемствы.

Згодна з фінансавымі справаздачамі, за 9 месяцаў 2019 года даход прадпрыемства ў параўнанні з аналагічным перыядам у мінулым годзе зменшыўся з 579 905 рублёў да 509 869 рублёў.

Працаўнік “Белшыны”: прастоі былі і раней

Са слоў начальніка аддзела ідэалагічнай працы “Белшыны” Юрыя Андрэеўскага, заводы масавых, буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шын спынілі 17 лютага. Завод звышбуйнагабарытных шын прастаіць да 1 сакавіка, бо «выканаў вытворчую праграму лютага». Астатнія адновяць работу 21 лютага.

Юрый Андрыеўскі, спасылаючыся на загад генеральнага дырэктара кампаніі Уладзіміра Карпяка, асноўнай прычынай прастою называе “правядзенне перыядычнага абслугоўвання тэхналагічнага абсталявання, выпраўленне непаладак і падтрыманне яго ў спраўным стане”.

У інтэрв'ю naviny.by Андрыеўскі прызнаўся, што ў апошнія гады прадпрыемства мае цяжкасці з абаротнымі сродкамі. Вырасла дэбіторская і крэдыторская запазычанасць, не стае сродкаў на сыравіну.

Аб нястачы сыравіны гавораць і работнікі, якія ў размове прасілі захаваць ананімнасць.

Са слоў работніка завода масавых шын Сяргея, аб спыненні вытворчасці казалі яшчэ ў пачатку лютага. Ён сцвярджае, прастоі здараліся і раней, асабліва на заводзе звышбуйнагабарытных шын. Яго прадукцыю бяруць, каб “абуваць” самаскіды БелАЗ.

Сяргей кажа, што на іншых заводах работнікаў таксама адпраўлялі “ў вымушаныя адпачынкі”, але не ўсіх адразу.

“Напрыклад, з брыгады з 6 чалавек на 2/3 стаўкі пераводзілі 2-3 работнікаў, - тлумачыць ён. - Дзе-нідзе ёсць чэргі з тых, каго адправяць “адпачываць” чарговым разам. Хтосьці згаджаецца сам сысці, каб развязаць свае пытанні”.

Са слоў суразмоўцы, такая сітуацыя выклікае незадаволенасць у калектыве, бо прыводзіць да памяншэння заробку.

Працаўнік “Белшыны”: працуем без надзеі, што сітуацыя палепшыцца

Яшчэ адзін работнік прадпрыемства Аляксандр кажа, што ў працоўным асяродку песімістычныя настроі. Маўляў, у студзені без прастояў працаўнікі недалічацца 300-350 рублёў. У яго асабіста снежаньскі заробак быў 1200, а студзеньскі ўжо 900 рублёў.

Нягледзячы на пагаршэнне эканамічнага становішча, работнікі трымаюцца за свае працоўныя месцы, бо зарабіць больш, чым на “Белшына”, “у Бабруйску няма дзе”. Аляксандр кажа, што звальняюцца толькі тыя, хто мае альтэрнатыву. Некаторыя яго знаёмыя з'ехалі працаваць дальнабойнікамі ў краіны Балтыі. Іншыя выбіраюць Менск ці Расею.

Са слоў Аляксандра, найбольш паспяховымі для “Белшыны” былі пачатак і сярэдзіна 2000-х гадоў, калі “на Расею ліўся залаты дождж і пырскі перападалі беларускаму прадпрыемству". Ён кажа, што тады заробак дасягаў 1 000 даляраў. Перабоі пачаліся пасля 2010 года.

“Тады прадукцыю збыць не маглі, - тлумачыць ён. - Яе развозілі па складах, але ўсё роўна ад завода патрабавалі колькасць”

Паводле ягоных слоў, цяпер на “Белшыне” працуюць ад месяца да месяца, не зазіраючы далёка наперад і без надзеі, што сітуацыя палепшыцца. На сходах кіраўніцтва просіць калектыў “зацягнуць паясы”.

“Ды і не ўсё залежыць ад кіраўніцтва. Пазбаўся цяперашняга генеральнага дырэктара і пастаў Лукашэнку - нічога не зменіцца. Рынак перанасычаны прадукцыяй, як наша. У крамах ляжаць, акрамя нашых шын, кітайскія, карэйскія, расейскія. Канкурэнцыя велізарная”, - падсумоўвае ён.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках