25 красавiка 2024, Чацвер, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ультыматум што да БелАЭС

21
Ультыматум што да БелАЭС

Літва выступае супраць небяспечнага будаўніцтва на сваёй мяжы.

Да канца лютага «Расатам» і Мінэнэрга Беларусі павінны вызначыцца з тэрмінамі заканчэння работ на першым блоку Беларускай атамнай станцыі. Тым часам клубок рознагалоссяў хаўруснікаў у гэтым праекце толькі нарастае. Праблемнай БелАЭС з'яўляецца і для выбудоўвання стасункаў па лініі Менск-Брусэль, піша «Независимая газета».

«Даручана да канца лютага ўсім адказным (і «Расатаму», і нашаму Міністэрству энэргетыкі) пакласці ўжо канчатковы графік заканчэння работ на першым блоку», - распавёў журналістам першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Дзмітрый Круты, падчас перамоваў паміж Беларуссю і Расеяй з нагоды рэалізацыі праекта будаўніцтва Беларускай АЭС. «На сёння гэта, напэўна, самы значны супольны інтэграцыйны праект», - адзначыў чыноўнік.

«У нас стаіць задача сёлета забяспечыць завоз ядзернага паліва, ажыццявіць энэргетычны пуск першага энэргаблока, то бок, выдачу першых кілават-гадзін у энэргасістэму», - распавёў пра планы будаўніцтва міністр энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

Тэрміны рэалізацыі праекта з'яўляюцца яго першай праблемай. Яны пераносіліся шматкроць, і нават у гэты момант ніхто не можа сказаць дакладна, калі запрацуе першы блок. Так, у пачатку 2019 года генеральны дырэктар БелАЭС Міхаіл Філімонаў казаў пра тое, што фізічны пуск першага энэргаблока запланаваны на восень 2019 года.

У пачатку кастрычніка ён ужо казаў пра тое, што гэта адбудзецца ў студзені 2020 года, а ў снежні на станцыю завязуць ядзернае паліва. Як адзначаюць спецыялісты, паміж завозам ядзернага паліва і фізічным запускам павінна прайсці не менш за месяц. Цяпер ужо студзень, а пра завоз паліва нічога не чуваць.

Прычым гэта не першы год, калі тэрміны зрушваюцца. Яшчэ ў 2016 годзе іх перанеслі праз падзення корпуса рэактара падчас мантажу - беларускі бок запатрабаваў яго замяніць, а на гэта патрэбны быў час. «Пакуль адкладаецца запуск першага блока аж на год. Баюся, як мяне інфармуюць кантралёры, што, мажліва, Расея папросіць яшчэ адтэрміноўкі, што ўжо наогул недапушчальна», - абураўся Лукашэнка ў верасні 2018 года.

Нагадаем, што БелАЭС будуецца на сродкі расейскага крэдыту, прычым зусім нятаннага. Дзейная стаўка да крэдыту 10 млрд даляраў для Беларусі складае фіксаваныя 5,23% гадавых для паловы выбраных сродкаў і шасцімесячны LIBOR у далярах (цяпер 1,72%) плюс 1,83% гадавых для іншай.

У Менску палічылі, што нядобрасумленнасць падрадчыкаў, якія парушаюць тэрміны, з'яўляецца дастатковай падставай для таго, каб весці перамовы аб змене ўмоў выдачы крэдыту. Улады заявілі, што аналагічныя крэдыты іншым краінам Расея выдае пад 3% гадавых, а спецыялісты разлічылі, што на будаўніцтва спатрэбіцца не больш за 7 млрд даляраў. У якасці кампенсацыі за зрыў тэрмінаў здачы Менск гатовы быў прыняць зніжэнне стаўкі да ўзроўню іншых краін і павелічэнне тэрміну выплаты крэдыту з 25 гадоў да 35.

Перамовы на гэтую тэму, як і многія іншыя ў апошні год, плёну не даюць. На мінулым тыдні Лукашэнка распавёў, што Менск прапануе Маскве два варыянты развязання праблемы: «Ці мы ўводзім санкцыі за пратэрміноўку, ці яны саступаюць ва ўмовах крэдатавання». «Расейцы павінны былі ў 2018 годзе ўвесці першы блок, у 2019-м - другі, але сарвалі тэрміны, а там велізарныя штрафныя санкцыі», - распавёў Лукашэнка. Пры гэтым ён заявіў, што прапанова «не выклікала супраціву» ў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Аднак даслоўна на наступны дзень гэтая прапанова выклікала «супраціў у намесніка міністра фінансаў Расеі Сяргея Сторчака. Ён заявіў, што адначасовае падаўжэнне перыяду выкарыстання сродкаў крэдыту і памяншэнне працэнтнай стаўкі «не адпавядае фінансавай тэорыі».

Тым часам праз будаўніцтва АЭС Беларусь канфліктуе і са сваёй заходняй суседкай - Літвой. Больш за тое, па меры набліжэння тэрмінаў уводу аб'екта ў эксплуатацыю Вільня пагражае ўключыць у канфлікт увесь ЕЗ. У мінулыя выхадныя ў літоўскай сталіцы прайшоў з'езд актывістаў руху супраць БелАЭС. Яны, нмпрыклад, рыхтуюць петыцыю ў Еўрапарламент, у якой маюць намер запатрабаваць ад еўрапейскіх інстытутаў больш жорсткай пазіцыі ў пытанні БелАЭС.

Як распавялі беларускія ўдзельнікі пасля гэтага мерапрыемства, у Літве сцвярджаюць, што станцыя - гэта пагроза не толькі Літве, а ўсёй Еўропе. Там прапануюць разглядаць гэты аб'ект як інструмент ціску Расеі на Беларусь, як геапалітычны выбар Беларусі - станцыя і Расея або замарожванне будоўлі і Еўропа. На з'ездзе гучалі прапановы дапамагчы Беларусі і разлічыцца з Расеяй за ўжо зробленую працу, каб тая прыняла пастанавіла спыніць будаўніцтва.

«Будаўніцтва Беларускай АЭС не з'яўляецца праблемай адной толькі Літвы і не толькі праблемай Латвіі і Польшчы. Гэта праблема ўсяго Еўразвязу», - заяўляў з гэтай нагоды прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа яшчэ ў студзені.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках