31 сакавiка 2020, aўторак, 22:41
Народны карантын
Рубрыкі

Кітай адкрывае свой рынак для амерыканскага звадкаванага газу

5
Кітай адкрывае свой рынак для амерыканскага звадкаванага газу
ТЭРМІНАЛ ПРЫЁМУ ЗВАДКАВАНАГА ГАЗУ Ў КІТАЙСКІМ ПОРЦЕ ЦЯНЬЦЗІНЬ

Расейскія кампаніі чакае абвастрэнне канкурэнцыі на кітайскім рынку.

Пекін даў зялёнае святло нарошчванню закупак у ЗША звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Міністэрства фінансаў КНР апублікавала 18 лютага спіс з 696 найменняў амерыканскіх тавараў, імпарт якіх з 2 сакавіка на працягу года не будзе абкладацца загараджальнымі мытамі, уведзенымі ў адказ на аналагічныя захады ЗША. У спіс, разам са шматлікімі сельскагаспадарчымі таварамі, увайшлі таксама энэрганосьбіты, паведамляе DW.

Пекін абавязаны закупляць амерыканскі ЗПГ

Тым самым кітайскі бок выконвае абавязанні, узятыя на сябе ў рамках пагаднення аб першай фазе гандлёвай угоды ЗША-КНР. Яно было падпісанае ў Вашынгтоне 15 студзеня пасля гандлёвай вайны паміж дзвюма краінамі, якая доўжылася прыкладна паўтара года. Гэты дакумент абавязвае Пекін рэзка, як мінімум на 200 млрд даляраў за два гады, павялічыць імпарт амерыканскай прадукцыі. Між іншым, закупкі энэрганосьбітаў з ЗША, а менавіта нафты, нафтапрадуктаў, газу і вугалю, павінны вырасці за гэты перыяд у параўнанні з 2017 годам на 52,4 млрд даляраў.

Выкананне гэтага пагаднення прывядзе да таго, што Злучаныя Штаты Амерыкі ўжо ў 2021 годзе могуць стаць асноўным пастаўшчыком энергарэсурсаў у Кітай, абагнаўшы і істотна пацясніўшы Расею, адразу ж пасля заключэння ўгоды падлічыла навуковая супрацоўніца Інстытута нямецкай эканомікі ў Кёльне (IW) Соня Бер (Sonja Beer ).

У інтэрв'ю DW яна падкрэсліла, што ў выпадку паніжэння мытаў на амерыканскі ЗПГ, у чым на той момант яшчэ не было ўпэўненасці, Кітай можа пачаць узмоцнена закупляць у ЗША менавіта яго. «Гэта, у сваю чаргу, магло б адмоўна адбіцца на Аўстраліі і Катары, а таксама на перспектывах павелічэння паставак расейскага газу на кітайскі рынак», - указала Соня Бер.

Расейскія пастаўкі ў Кітай: попыт, які падае, і форс-мажор

Расея прадае ў Кітай як звадкаваны газ, які кампанія «Новатэк» дастаўляе ў танкерах са свайго арктычнага прадпрыемства «Ямал ЗПГ», а «Газпром» - з аднаго з заводаў праекта «Сахалин-2», так і трубаправодны. Яго «Газпром» экспартуе па газаправодзе «Сила Сибири». Ён быў уведзены ў строй у снежні 2019 года і цяпер паступова нарошчвае экспартныя аб'ёмы. Прынятае ў Пекіне рашэнне аб скасаванні загараджальных мыт на амерыканскі ЗПГ азначае, што абедзве расейскія кампаніі ўжо з сакавіка могуць адчуць абвастрэнне канкурэнцыі на кітайскім рынку газу.

Тым больш, што закупкі ў ЗША пачнуцца ва ўмовах хай і часовага, але істотнага скарачэння кітайскага попыту на энэрганосьбіты, выкліканага эпідэміяй каронавіруса і беспрэцэдэнтнымі каранціннымі захадамі, якія ў значнай меры паралізавалі ў КНР рух транспарту і прамысловую вытворчасць. У гэтай сітуацыі кітайскія энэргетычныя кампаніі нават пачалі адмаўляцца ад закантрактаваных аб'ёмаў ЗПГ са спасылкай на форс-мажор. У той жа час угода з ЗША абавязвае Кітай ужо сёлета павялічыць закупкі амерыканскіх энэрганосьбітаў на 18,5 млрд даляраў.

У выніку з сакавіка, хутчэй за ўсё, узмоцніцца пераарыентацыя патокаў звадкаванага газу з Катара, Аўстраліі і іншых краін з кітайскага на еўрапейскі рынак і знізіцца цікавасць КНР да нарошчвання закупак трубаправоднага газу з РФ. Усё гэта яшчэ больш пагоршыць праблемы «Газпрома» ў Еўропе. А еўрапейскім спажыўцам забяспечыць захаванне асабліва нізкіх цэн на блакітнае паліва.