30 верасня 2020, Серада, 12:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У серыяле «Вікінгі» прагучала музыка беларускага гурта «Стары Ольса»

1
У серыяле «Вікінгі» прагучала музыка беларускага гурта «Стары Ольса»

Як адбылося такое нечаканае супрацоўніцтва?

Папулярны гістарычны серыял «Вікінгі» стаў крышачку бліжэй да беларускіх гледачоў. У сёмым эпізодзе шостага сезона пад назвай The Ice Maiden у сцэне купання князёўны Кацярыны прагучала кампазіцыя «Куранта» беларускага гурта «Стары Ольса» з альбома «Скарбы літвінаў». Пра гэта карэспандэнту Onliner паведамілі прадстаўнікі гурта, піша onliner.by.

Як адбылося такое прыемнае супрацоўніцтва? Калі гурт быў з музычным турам у ЗША ў студзені 2018 года, праз Facebook ім напісала музычны кіраўнік серыяла: «Мы асабліва шукаем запісы з удзелам лютні, шалмеяў і перкусіі. Без дудаў ці гусляў».

— Я не магу перадаць, наколькі я была радая, калі знайшла запісы гурта «Стары Ольса». Я вельмі доўга шукала нешта хоць прыкладна, што пасуе па часе дзеяння. А тут настолькі пасуе запіс. Вельмі таленавіты гурт! — дадала яна.

У мінулым годзе гурт «Стары Ольса» адзначыў 20-годдзе. За гэты час запісаны 10 студыйных альбомаў, тры канцэртных і адзін аўдыёспектакль. Гурт працягвае найбольш поўна (па магчымасці) рэканструяваць і папулярызаваць музычныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, а таму выкарыстоўвае копіі старадаўніх інструментаў.

У сакавіку ж «Стары Ольса» рыхтуе лекцыю пра музыку Сярэднявечча і Рэнесансу ў Беларусі да Еўрапейскага дня старадаўняй музыкі (European Early Music Day), які адзначаецца рознымі канцэртамі і фестывалямі па ўсёй Еўропе.