25 красавiка 2024, Чацвер, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Праз два-тры гады вы не пазнаеце Беларусь

66
Павел Севярынец: Праз два-тры гады вы не пазнаеце Беларусь
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Лёс Лукашэнкі будзе вызначаць народ.

Лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які ўдзельнічае ў праймерыз апазіцыі, адказаў на пытанні сайта belaruspartisan.by.

«Свабоду не даюць, за свабоду змагаюцца»

- Два гады заняў шлях ад абвяшчэння ідэі праймерыз да яе рэалізацыі. Чаму так доўга?

- Лепш позна чым ніколі. Былі спрэчкі, амбіцыі, недаацэнка сітуацыі, чаканні, але нарэшце усё паспелі. Пад новы год сход дэмакратычнага актыву ў Гомелі прыняў пастанову: калі не будзе адзінага - у кампаніі не ўдзельнічаем. У іншых гарадах былі такія ж настроі. Так што ўпершыню ў Беларусі будзе шырокае народнае галасаванне - абранне адзінага лідара дэмакратычных сіл, фармаванне адзінай каманды. Кожны грамадзянін Беларусі зможа ўзяць удзел у народным галасаванні - на сходах, у інтэрнэце або на Кангрэсе.

- Праймерыз павінен закончыцца Кангрэсам дэмакратычных сіл у траўні, які абярэ адзінага кандыдата ад апазіцыі. Як ацэньваеце свае шанцы на перамогу сярод шасцёркі?

- Людзі мяне падтрымліваюць, ведаю гэта з сустрэч і апытанняў. Верым, можам, пераможам!

- Вы апублікавалі прыкладны план дзеянняў у якасці адзінага кандыдата: адстаўка Ярмошынай, няўдзел у прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі, уключэнне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмакратычных структур, адкрыты і сумленны падлік галасоў. Гэтыя патрабаванні да ўладаў апазіцыя вылучае пасля 1996 года. Але воз і цяпер там. Што змянілася цяпер, што прымушае вас думаць, што Ярмошына сыдзе, а Лукашэнка не пойдзе?

- Мы пачнём масавыя пратэсты праз некалькі дзён пасля абвяшчэння так званых выбараў. Лукашэнка павінен сысці. Ягоная падтрымка, з нашых звестак, ад 12 да 18%. Які сёмы тэрмін, людзям гэта ўжо вось дзе! Ён жа сам сказаў: калі скажаце «досыць» - я пайду. Давайце выйдзем ўсім народам і скажам: «Годзе! Сыходзь!»

- Відавочна, што трэба рыхтавацца гуляць паводле старых правіл, якія ўстанавіў рэжым. Вы гатовыя іх прыняць?

- Ніякіх старых правілаў. На ўсе махінацыі адказам будуць масавыя пратэсты. Свабоду не даюць - за свабоду змагаюцца.

- Якія ўвогуле шанцы, што адзінага кандыдата зарэгіструюць? Навошта - калі на падтанцоўку ўжо пагадзіліся блізу дзясятка прэтэндэнтаў?

- Калі адзінага не зарэгіструюць - будзе байкот, аб'яднаецца ўвесь народ. Падтанцоўку не ўспрымаюць як апазіцыю, усе гэтыя сурагаты Лукашэнкі - проста смешныя. Беларусы не дурні, усё выдатна разумеюць.

«Адзіны будзе лідарам пратэстаў»

- Беларусь апынулася пад пагрозай лёсавызначальных выклікаў: анэксія і эканамічнае банкруцтва. Чаму апазіцыя не здолела адкінуць усе ўнутраныя супярэчнасці і аб'яднацца нават перад тварам такіх пагроз?

- Аснова апазіцыі, галоўныя дэмакратычныя партыі, акурат аб'ядналіся - упершыню за 15 гадоў, і дзякуй Богу! Упэўнены, што мы зможам каардынаваць агульную кампанію і бараніць незалежнасць разам з Мікалаем Статкевічам, «Еўрапейскай Беларуссю», прафзвязамі і тымі, хто за безумоўны байкот.

- Як вы ацэньваеце планы Беларускага нацыянальнага кангрэса вылучыць 30 кандыдатаў у прэзідэнты? Гэтую ініцыятыву агучыў Мікалай Статкевіч.

- Добры тэхналагічны ход Мікалая Статкевіча, рэжыму давядзецца папацець і развеяць сілы з такой раскладкай. Думаю, мы спрацуемся і будзе супольная магутная кампанія.

- З самых сціплых падлікаў, на прэзідэнцкую кампанію пойдуць мінімум 10 прэтэндэнтаў. Краіну чакае паўтор 2010 году?

- Слухайце, ніякіх выбараў няма, прэтэндэнты куды? Адзіны - зразумела, ён будзе лідарам пратэстаў. Будзе палітычная кампанія, дзе мы будзем дамагацца свабодных выбараў ці байкатаваць. Дублёры і цырк не лічацца. Пытанне стаіць рубам: Лукашэнка, сыходзь!

- У чым адрозненне цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі ад папярэдніх?

- Адрозненне ў тым, што краіна дайшла да краю. Рэжым Лукашэнкі давёў да ручкі эканоміку. Незалежнасць на валаску. А рэзідэнцый усё больш, майбахі, асабістыя самалёты. Залатыя вінтоўкі і пісталеты для сям'і... Гэта ж трызненне, наогул ужо здзекуюцца з людзей... Ды нарэшце, пара! Мільёны людзей разумеюць, што краінай кіруе хранічны недалуга, які завёў не туды і хоча заставацца ва ўладзе да самай смерці. Людзі ў гарадах, дзе мы сустракаемся, кажуць: штосьці будзе. Гэта ўжо ў паветры адчуваецца. Дваццаць шэсць гадоў... Вы што, хочаце яшчэ пяць гадоў маразму? Не? Выходзім пратэставаць!

- У якіх умовах будзе праходзіць кампанія? Мяркуючы з апошніх прысудаў анархістам, адлігі краіне не відаць.

- Улады працягваюць узмацняць рэпрэсіі. Але могуць дастукацца. У краіне спыняюцца прадпрыемствы. Людзі мадзеюць. Палова з'язджае працаваць за мяжу. Цэны растуць, заробкі падаюць. У бюджэтнікаў у «выбарчы год» змяншаюцца заробкі, калі такое было? Пенсіі па сто-дзвесце даляраў, гэта ж плявок у твар людзям, якія ўсё жыццё працавалі! Як гэта можна далей трываць!

- Вы прадэкларавалі, што адказам апазіцыі на рэпрэсіі і нерэгістрацыю адзінага кандыдата стане байкот. Ці атрымаецца яго рэалізаваць?

- Байкот, які мае ўсенародны характар, называецца нацыянальны страйк. Калі будуць рэпрэсіі супраць людзей, нерэгістрацыя адзінага, чарговы ярмошынскі спектакль і сацыяльныя пратэсты - яны могуць атрымаць нацыянальны страйк. Апошні раз такое было ў пачатку 1990-ых, і камуністычная сістэма зламалася.

«Народ будзе выбіраць і кіраваць сам»

- Давайце памроім. Павел Севярынец абраны прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З чаго вы пачняце прэзідэнцкую дзейнасць?

- Скасаванне незаконных указаў і дурных дэкрэтаў. Вызваленне палітвязняў, замена турмы на штрафы для эканамічных злачынстваў, закрыццё ўсіх гэтых атрутных заводаў накшталт Берасцейскага акумулятарнага. Вяртанне ў прававое поле: Канстытуцыя 1994 году альбо Канстытуцыйны ўстаноўчы сход. Дэкамунізацыя і дэцэнтралізацыя. Першыя рэформы - судова-прававой сістэмы, аховы здароўя, пенсійнай сістэмы, адукацыі, войска. Выбары дэмакратычнага парламента і рэальнага мясцовага самакіравання. Народ будзе выбіраць і кіраваць сам.

- Які лёс вы падрыхтавалі «саюзнай дзяржаве»?

- Гэту антыканстытуцыйную, непрыгожую прыбудову да мафіёзных дамоў Крамля і Лукашэнкі. На сметнік. І іншыя пагадненні, якія не адпавядаюць Канстытуцыі і нацыянальным інтарэсам Беларусі - туды ж. Нам трэба эканамічнае пагадненне з Еўразвязам, нармальная дамова аб сяброўстве і супрацоўніцтве з Расеяй, партнёрства з Амерыкай і Балта-Чарнаморскі звяз з Польшчай, Літвой, Латвіяй, Украінай.

- Ці гатовыя вы даць гарантыі цяперашняму кіраўніку Беларусі?

- Не маю права вызначаць за ўвесь народ. Калі пакаецца, верне нарабаванае і мірна, без крыві, перадасць уладу - магчыма, тады людзі вызначаць, што так.

- Што рабіць з нядзейнай эканомікай, як яе завесці?

- Так трэба проста даць людзям гарантыі прыватнай уласнасці, даць зарабляць, не перашкаджаць і не душыць! Невялікія і празрыстыя падаткі, каб сам чалавек мог палічыць дома. Праз два-тры гады вы не пазнаеце Беларусь - гэта будзе квітнеючая краіна. Мы, беларусы, умеем і любім працаваць. Ва ўсім свеце дробны і сярэдні бізнэс - аснова. Нашы праграмісты дадуць фору заходнім. ІТ, сэрвіс, транзіт, транспартна-лагістычныя хабы, банкі, інфармацыйныя тэхналогіі, біятэхналогіі - новая эканоміка Беларусі.

- У сацсетках падкусваюць: а за Севярынцам-прэзідэнтам дзетак у школе прымусяць маліцца?

- Прымушаць у пытаннях веры - шкодна. Таму ні прымушаць, ні забараняць маліцца дома, у школе або на працы ніхто нікога не будзе. Затое цэрквам дамо пустыя памяшканні і льготы на ЖКГ, хай арганізоўваюць рэабілітацыйныя цэнтры для алкаголікаў і наркаманаў, хоспісы, дамы састарэлых: яны гэта робяць значна лепш, чым «сабесы».

- І пра асабістае. Вы таксама схаваецца першую лэдзі ад народа, як і Лукашэнка?

- Першая лэдзі ва ўсіх нармальных развітых краінах займаецца дабрачыннасцю, дапамагае сем'ям, дзецям, праводзіць аб'яднальныя сустрэчы ў цэрквах, арганізоўвае кампаніі ў абарону прыроды, гэта значыць робіць велізарную працу для свайго народа. У нас гэтага няма, а павінна быць. Мая Вольга ўмее спачуваць, размаўляць з людзьмі, яна прыгожая і энэргічная верніца. Так што будзем разам у служэнні людзям.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках