19 красавiка 2024, Пятніца, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд вынес прысуд дзяўчыне за ДТЗ, у якім загінулі яе мама і бабуля

34
Суд вынес прысуд дзяўчыне за ДТЗ, у якім загінулі яе мама і бабуля
ФОТА: СВЯТАСЛАЎ ЗОРКІ

Падчас працэсу і сведкі і пацярпелыя прасілі пакінуць Юлію на волі.

На прысуд паводле справы аб страшным ДТЗ у суд Менскага раёна 19-гадовая Юлія прыйшла не адна: з ёй натоўп сяброў і родных. Да пачатку працэсу ўсе падбадзёрваюць дзяўчыну, абдымаюць, піша kp.by.

Роўна а дзясятай у залу ўваходзіць суддзя. Прысуд суда - 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах пасялення. Гэта мінімальнае пакаранне, прадугледжанае за парушэнне ПДР, якое пацягнула смерць двух чалавек.

Гэтыя словы зала сустрэла здзіўленым маўчаннем. Некаторыя тут жа ціха расплакаліся, іншыя далі волю эмоцыям ужо ў калідоры. Слова ў гэты момант знайшоў толькі адвакат:

- Трымайцеся, Юлія Сяргееўна. Набярыцеся мужнасці.

Маёмасць дзяўчыны пакінулі пад арыштам: гэта фен, лядоўня, бутэрбродніца, прас для валасоў. Пашкоджаны аўтамабіль «Лэнд Ровер Дэфендэр» і відэарэгістратар вернуць уладальніку.

Прысуд не набыў законную моц, яго можна абскардзіць цягам 10 дзён.

Нагадаем, 25 жніўня Юлія за стырном «Шкоды» ехала з мамай, бабуляй і братам дадому ў Менск. У нейкі момант дзяўчына не справілася з кіраваннем, праз раздзяляльную паласу вылецела на сустрэчную паласу і сутыкнулася з «Лэнд Роверам» - у пазадарожніку ехалі бацькі з двума дзецьмі. «Шкода» даслоўна разляцелася на часткі, «Лэнд Ровер» перакуліўся на бок. Мама і бабуля Юліі загінулі, яе 10-гадовы брат атрымаў цяжкія траўмы і дагэтуль не аднавіўся, знаходзіцца на хатнім навучанні. Усе астатнія трапілі ў лякарню.

У абвінавачванні сказана, што дзяўчына ехала з хуткасцю 126 км/г, хоць стрэлка спідометра ў яе аўтамабілі не павінна была падымацца вышэй за 70 км/г - у Юліі менш за два гады стажу кіроўцы.

Паводле версіі сваякоў дзяўчыны, якіх дапытвалі ў судзе, яна страціла кіраванне, бо бабуля, якая сядзела на пярэднім пасажырскім сядзенні, выпусціла тэлефон, і, спрабуючы яго дастаць, зачапіла руку Юліі.

Цяпер Юлія жыве з бабуляй і братам, прадаўжае вучыцца ва ўніверсітэце.

З журналістамі звязаўся кіроўца «Лэнд Ровера» Віталь Пракоф'еў - уся ягоная сям'я пацярпела ў гэтай аварыі. Ён распавёў, што ў той дзень вяртаўся з жонкай і дзецьмі дадому ў Санкт-Пецярбург. Пасля аварыі Віталя, ягоную жонку і дваіх дзяцей забралі ў лякарню.

- У жонкі быў пералом, у дзяцей толькі ўдары. Потым ужо высветліцца, што старэйшы няўдала саскочыў з аўтамабіля і атрымаў трэшчыны ў абедзвюх галёнках. У лякарні правялі блізу тыдня - усё разам у дзіцячай МАДКБ.

Са слоў мужчыны, сям'я Юліі аплаціла ўсю шкоду, звязаную з пашкоджаннем аўтамабіля. Ніякіх прэтэнзій у сям'і да Юліі няма, яны прасілі суд не караць яе строга:

- Юлія і так вельмі моцна пакараная гібеллю самых блізкіх ёй людзей, яна раскайваецца ў гэтым, хоць адбылося гэта і без усякага яе намеру. Хто бачыў вочы гэтай дзяўчынкі там, на штрафстаянцы, і бачыў яе боль, той зразумее, што дзяўчынка глыбока і шчыра перажывае трагедыю. Мы ёй даравалі, і яе сваякі даравалі ёй. Мы хочам, каб яна засталася на волі, дапамагала гадаваць асірацелага брата. А за стырно, я думаю, наўрад ці яна калі-небудзь сама сядзе.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках