3 красавiка 2020, Пятніца, 7:28
Народны карантын
Рубрыкі

Пастаўкі беларускага дызпаліва ва Украіну зменшыліся да мінімуму

1
Пастаўкі беларускага дызпаліва ва Украіну зменшыліся да мінімуму

Гэта адбылося праз зніжэнне паставак расейскай нафты ў Беларусь.

Пастаўкі беларускага дызельнага паліва ва Украіну апусціліся да дзевяцігадовага мінімуму на фоне нафтавай спрэчкі Менска і Масквы.

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў студзені гэтага года ў параўнанні са студзенем мінулага года скарацілі адгрузкі дызпаліва ва Украіну на 42% - да 80,5 тысячы тон.

Пра гэта naviny.by паведамілі ва ўкраінскай «Кансалтынгавай групе А-95» са спасылкай на звесткі ўласнага даследавання. Там падкрэслілі, што гэта мінімальны месячны аб'ём паставак беларускага дызпаліва ва Украіну за аглядны перыяд - з 2011 года.

З пачатку года беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы праз адсутнасць доўгатэрміновых кантрактаў з расейскімі пастаўшчыкамі. Бакі не могуць дамовіцца аб кошце нафты. У Расеі намагаюць на прэміі да цаны, у Беларусі адмаўляюцца яе плаціць.

Адзіным пастаўшчыком сыравіны ў Беларусь з'яўляецца група кампаній «Сафмар» расейскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева, блізкага да Аляксандра Лукашэнкі. У студзені яна паставіла ў Беларусь 500 тысяч тон нафты, у лютым паставіць блізу 450 тысяч тон. Гэта ў чатыры разы менш, чым прапісана ў індыкатыўным балансе, падпісаным паміж Менскам і Масквой.

Беларускія заводы забяспечваюць у першую чаргу патрэбнасці ўнутранага рынку ў паліве. Экспартныя патрэбы задавальняюцца часткова.

Адным з асноўных рынкаў збыту для беларускіх нафтапрадуктаў заўсёды была Украіна.

За мінулы год пастаўкі беларускага дызпаліва ва Украіну ўзраслі на 14,8% (да 2,47 млн тон), а доля на рынку вырасла з 33,1% да 35,4%. Беларусь крыху перасягнулі толькі расейскія пастаўшчыкі з доляй у 35,7% (2,5 млн тон).

На перыяд нізкага сезону спажывання недахоп беларускага рэсурсу ўкраінскія трэйдары замесцяць пастаўкамі з Расеі па чыгунцы і праз нафтапрадуктаправод, а таксама імпартам з Літвы і марскімі адгрузкамі, мяркуюць у «Кансалтынгавай групе А-95».

У далейшым ва Украіне разлічваюць, што Менск і Масква дамовяцца аб пастаўках нафты, і экспарт нафтапрадуктаў пойдзе ў ранейшых аб'ёмах.

З пастаўкамі беларускага бензіну ва Украіну сітуацыя выглядае лепш. У студзені адгрузкі ажыццяўляліся толькі з Мазырскага НПЗ. У параўнанні са студзенем мінулага года яны выраслі на 49% - да 54 тысяч тон. Экспэрты патлумачылі такі рост ператокам аб'ёмаў са снежня мінулага года, а таксама новымі ўмовамі паставак з боку Беларускай нафтавай кампаніі.

Спецэкспарцёр нафтапрадуктаў уключыў ва ўмовы кантрактаў на пастаўку дызельнага паліва на 2020 год абавязковую куплю бензіну ў аб'ёме, не меншым за 40% ад заяўленага аб'ёму дызпаліва.

За мінулы год адгрузкі беларускага бензіну ва Украіну знізіліся на 17% (да 691 тысячы тон), а доля ў балансе паменшылася з 43,5% да 35,5%. Доля ўкраінскіх НПЗ на рынку за 2019 год склала 47% (908 тысяч тон).