24 красавiка 2024, Серада, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Наступствы для Лукашэнкі будуць сур'ёзныя

35
Яўген Афнагель: Наступствы для Лукашэнкі будуць сур'ёзныя
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ
ФОТА: euroradio.fm

У Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя.

Паводле падлікаў экспертаў, праз адсутнасць дамоўленасцяў з РФ пра нафту, прыбыткі беларускіх уладаў ад нафтаперапрацоўкі ў найбліжэйшы час могуць скараціцца ў два разы.

«Нафтагазавая» вайна адбываецца на фоне паглыблення сістэмнага крызісу ў эканоміцы: на днях стала вядома, што галоўныя прамысловыя прадпрыемствы – «Белшына» і МАЗ – не могуць ажыццяўляць поўны вытворчы цыкл і вымушаныя адпраўляць працоўных у адпачынкі за іх кошт.

У гэтай сітуацыі дыктатар замест таго, каб развязваць жыццёва важныя праблемы, спрабуе пераключыць увагу і заняцца сваімі любімымі «цацкамі» – напрыклад хакеем.

Як беларусы ацэньваюць стан рэчаў у краіне і якія высновы варта зрабіць апанентам Лукашэнкі?

На пытанні Charter97.org адказвае адзін з лідараў апазіцыі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель.

– Як Вы ацэньваеце крах Лукашэнкі на перамовах пра нафту і газ у Сочы? Якія ад гэтага могуць быць наступствы для ягонай улады?

– Наступствы для Лукашэнкі будуць у першую чаргу фінансавыя. Увесь гэты час беларускі рэжым трымаўся на фінансавай падтрымцы, датацыях з Расеі, якія былі ў рознай форме, у тым ліку ў выглядзе таннай нафты. Беларусі для ўласных патрэбаў неабходна блізу 6 мільёнаў тонаў нафты, а Лукашэнка набываў ад 20 да 24 мільёнаў. Зразумела, што вялікая частка гэтай нафты перапрацоўвалася і, у выглядзе нафтапрадуктаў, бензіну і дызелю, прадавалася ў іншыя краіны, на Захад, ва Украіну. Лукашэнка на гэтым зарабляў вельмі шмат. Натуральна, пра гэта ведаюць і ў Расеі. Яны проста пастанавілі, што з гэтай дарэмшчынай час заканчваць. Калі Лукашэнка не дамовіцца, наступствы будуць сур'ёзныя.

Іншае пытанне, нармальны кіраўнік даўно прыслухаўся б да меркавання ўсіх эканамістаў, як падуладных, так і незалежных, якія казалі, што трэба дыверсіфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў. Гэта тычыцца і нафты, і газу. Тады б Беларусь не залежала ад адной крыніцы. Гэта нармальна для тых, хто думае не толькі пра сёння, але і пра будучыню, і прадумвае альтэрнатыўныя пастаўкі энэргарэсурсаў.

– Лукашэнка калісьці прыйшоў ва ўладу пад лозунгам «я запушчу заводы». Сёння мы бачым, што пад пагрозай прыпынення апынуліся флагманскія прадпрыемствы краіны. Як беларусы рэагуюць на навіны пра гэта? Якую ацэнку даюць выніках кіравання дыктатара?

– У нас ёсць інфармацыя з Мазыра і іншых прадпрыемстваў, якія не з’яўляюцца НПЗ, але звязаныя з пастаўкамі нафты. Людзі незадаволеныя і разумеюць, з чым гэта звязана. Кіраўнікі краінаў вінаватыя ў адсутнасці дамоўленасцяў, але пакутуюць праз гэта звычайныя людзі, звычайныя працоўныя прадпрыемстваў, а ў будучыні будуць пакутаваць усе беларусы, таму што на танных энэргарэсурсах будуецца ўся эканоміка краіны. Людзі гэта разумеюць, абмяркоўваюць, робяць высновы. Была таксама інфармацыя пра спыненне працы «Белшыны», некаторыя людзі схільныя меркаваць, што гэта праз праблемы з кітайскімі пастаўшчыкамі, але многія думаюць, што праз адсутнасць дамоўленасці пра нафту з Расеі.

У адрозненні ад крызісаў, якія здараліся раней, цяпер мала хто верыць, што Лукашэнка зможа дамовіцца з Пуціным. Сёлета выбары, а Лукашэнка цяпер уразлівы, у яго абсалютна няма папулярнасці ў краіне. Ёсць яшчэ адзін немалаважны чыннік, пра які трэба казаць: беларусы, асабліва на ўсходзе краіны, разумеюць, што вінаваты ў гэтай сітуацыі менавіта Лукашэнка, а не Пуцін. Як бы беларускія ўлады ні спрабавалі зрабіць ворагам Расею, многія беларусы наадварот мяркуюць, што «Пуцін малайчына», што ён «мочыць Лукашэнку» і не падтрымлівае яго. Праз гэта расце прарасейскі настрой, які небяспечны для незалежнасці нашай краіны.

– Вам часта даводзіцца бываць у рэгіёнах і выслухоўваць меркаванне звычайных людзей. Якія ідэі больш за ўсё знаходзяць у іх водгук? З якой позвай варта было б «ісці ў народ» тым, хто хоча змагацца за перамены?

– У першую чаргу гэта фінансавае пытанне. Гэта эканоміка, падзенне заробкаў, павышэнне пенсійнага ўзросту і паніжэнне саміх пенсій. Я, напрыклад, прачытаў, што ў Эстоніі, якая не так даўно, як Беларусь, атрымала незалежнасць, сярэдні памер пенсіі паводле старасці для чалавека з 44-гадовым стажам павялічыцца да 528 еўраў, а ў гэты час беларускія пенсіянеры вымушаныя жыць за капейкі і думаць, як заплаціць за камуналку і набыць лекі. Гэта характэрна для ўсіх слаёў насельніцтва краіны. Усе бачаць, што кошты растуць, камуналка расце, зборы і паборы таксама растуць, а заробкі і пенсіі паніжаюцца.

Эканоміка набліжаецца да патавага стану. Самае галоўнае – гэта пытанне выжывання людзей. Беларусы шмат ездзяць за мяжу, параўноўваюць становішча ў нашай краіне і ў нашых найбліжэйшых суседзяў, якія 30 гадоў таму жылі горш, чым мы. Гэтыя параўнання – не на карысць Беларусі. Звычайныя людзі хочуць проста нармальнага чалавечага жыцця, нармальных заробкаў і элементарных рэчаў, якія даступныя ўсім нашым суседзям, нават Украіне, у якой доўжыцца вайна.

– Як бы выглядалі вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, калі б яны раптам былі праведзены сумленна і празрыста?

– Калі б у Беларусі праводзіліся празрыстыя і законныя выбары, у іх не змог бы ўдзельнічаць дыктатар. На сумленных выбарах мы разважалі б пра тое, хто можа перамагчы з дэмакратычных палітыкаў: правыя або левыя, сацыял-дэмакраты ці лібералы. Так адбываецца ў любой еўрапейскай краіне.

А калі дапусціць усё ж ягоны ўдзел, то на свабодных выбарах Лукашэнка саступіць разгромна. Як казалі ўжо многія эксперты, падтрымкі ў яго няма. Сустрэць прыхільніка Лукашэнкі ў Беларусі практычна немагчыма. Яны, напэўна, заканспіраваная, схаваныя, і звычайна маўчаць.

– У чым самае слабое месца рэжыму Лукашэнкі на сёння? Як гэтую слабасць можа выкарыстоўваць апазіцыя?

– Шмат такіх месцаў. Першае – гэта эканоміка і тое, што ён палаяўся з усімі суседзямі, нават са сваім найбліжэйшым хаўруснікам, ад якога цалкам залежыць. Другое – яму няма на каго абаперціся ўнутры краіны, акрамя вузкага кола сілавікоў і «сям'і» – тых, хто ад яго наўпрост залежыць. Трэцяе – яго ненавідзіць большая частка беларусаў, нават тыя чыноўнікі, якія з ім рэгулярна перасякаюцца і маюць зносіны. У яго слабыя месцы ўжо паўсюль.

– На снежаньскіх акцыях пратэсту з удзелам беларускіх блогераў было пастаўлена пытанне «Што далей?». Як бы вы адказалі на гэтае пытанне цяпер, з улікам апошніх зменаў у Беларусі?

– Гэта ўнікальная сітуацыя. На маёй памяці ніколі не было такой вялікай колькасці людзей супраць Лукашэнкі. Так, масавыя акцыі пратэсту былі ўвесь час ягонага кіравання, але заўсёды знаходзіліся людзі, якія яго падтрымлівалі з розных прычынаў. У тым ліку дзякуючы датацыям з Расеі ён мог забяспечваць хоць нейкі ўзровень выжывання людзей. Цяпер такога няма і не будзе. Сітуацыя будзе пагаршацца вельмі хутка.

Нам трэба карыстацца эканамічным і палітычным крызісам, у якім апынулася краіна дзякуючы Лукашэнку, трэба карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія адкрываюць прэзідэнцкія выбары. Мы мяркуем, што на гэтых выбарах будзе моцны апазіцыйны кандыдат, які зможа кінуць выклік Лукашэнку, перамагчы яго, але трэба быць гатовымі змагацца за перамогу. Мы ні ў якім разе не можам дапусціць сёмага тэрміну для Лукашэнкі. Мы бачым мноства прыкладаў з краінаў, дзе дыктатараў, якія ішлі на трэці, чацвёрты ці пяты тэрмін, скідаў народ, які выходзіў на вуліцы. Нам трэба быць гатовымі змагацца супраць фальсіфікацыі выбараў, абараняць свае галасы, выходзіць на вуліцу і казаць «не» сёмаму тэрміну Лукашэнкі.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках