19 красавiка 2024, Пятніца, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: У Беларусі пачалася дэвальвацыя – а ўрад маўчыць

23
Эканаміст: У Беларусі пачалася дэвальвацыя – а ўрад маўчыць
БАРЫС ЖАЛІБА

На нарадах у Лукашэнкі чыноўнікі проста нешта канспектуюць у нататніках, апусціўшы галаву.

У студзені 2020 года Расея праз неўрэгуляваныя спрэчкі ў нафтавай сферы скараціла пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. На гэтым фоне ВУП нашай краіны за першы месяц новага года знізіўся на 1,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, піша zautra.by. Ці будзе і далей зніжацца ВУП?

На думку доктара эканамічных навук прафесара Барыса Жалібы, ВУП і далей будзе падаць, калі не атрымаецца развязаць шэраг прынцыповых пытанняў у пастаўках нафты і ўвогуле не атрымацца ўрэгуляваць адносіны з Расеяй.

– Тое, што нашы нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на траціну магутнасці, ужо падрывае не толькі ВУП, але і паступленне валюты. Ужо пачаў дэвальвавацца беларускі рубель, – падкрэслівае эканаміст.

Ён мяркуе, што афіцыйнаму Менску трэба згаджацца на ўмовы Масквы і плаціць расейскім нафтавым кампаніям прэмію, якая, паводле словаў эксперта, будзе складаць не больш за 2 адсоткі ад пакупнога кошту.

– Вядома, эканоміка Беларусі можа ўпасці ў рэцэсію. Ва ўсякім разе, у першым квартале так і будзе, – прагназуе Барыс Жаліба.

– Ці ёсць хуткія і бязбольныя для насельніцтва спосабы развязання нафтавай праблемы?

– На сёння няма. Ужо заяўлена пра дыверсіфікацыю паставак нафты з іншых рэгіёнаў свету. Але гэта будзе даражэй. Я думаю, больш істотнымі тэмпамі будзе даражэць маторнае паліва, каб нашы НПЗ працавалі больш-менш рэнтабельна. Напэўна, для насельніцтва і прадпрыемстваў з улікам інфляцыі будзе даражэць газ. Але хутка дыверсіфікацыю ніяк не зробіш.

– Якія захады павінен ужыць урад, каб утрымаць ВУП на леташнім узроўні?

– Пакуль голас урада не чуваць. А тут трэба прымаць экстраардынарныя захады ці неяк пераканаць кіраўніка дзяржавы тэрмінова пачаць рынкавыя рэформы. Як гэта рабіць для нашай эканомікі – не таямніца: ужо складзеныя дарожныя карты з дапамогай МВФ і Сусветнага банка. Але ўрад пакуль маўчыць. Мы бачым, як на нарадах у Лукашэнкі чыноўнікі проста старанна нешта канспектуюць у нататніках, апусціўшы галаву. Урэшце патрэбныя свежыя ідэі, варта набрацца смеласці і запярэчыць прэзідэнту. Агульнавядома, што ўрад у сваіх паўнамоцтвах абкладзены чырвонымі сцяжкамі, за якія ён ім не дае выйсці. Гэта тычыцца прыватызацыі, перабудовы кіравання дзяржпрадпрыемствамі і гэтак далей. Пакуль ніякіх ініцыятываў мы не бачым.

– Наколькі важны паказнік ВУП? Ці можа рэцэсія азначаць нейкі крах эканомікі?

– Рэцэсія – гэта застой, калі хоць бы два кварталы ВУП не павялічваецца. Катастрофы няма, трэба ўсё перажыць. Урэшце сусветная эканоміка таксама развіваецца сінусоідай. У нас цяпер вельмі непрыемныя знешнія абставіны – стасункі з Расеяй. Трэба было дыверсіфікаваць экспарт, набліжацца да формулы «траціна – на Расею, траціна – на Еўропу і траціна – на краіны “далёкай дугі”». Тут нічога не зроблена. Таваразварот з Расеяй стаў нават крыху большы.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках