16 красавiка 2024, aўторак, 16:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стральба ў нямецкім Ханау: Колькасць забітых вырасла да 11

Стральба ў нямецкім Ханау: Колькасць забітых вырасла да 11
ФОТА: REUTERS / KAI PFAFFENBACH

Невядомыя адкрылі агонь у адной з кальянных у цэнтральнай частцы горада.

У двух раёнах гесэнскага горада Ханау ноччу былі застрэленыя дзевяць чалавек. Потым паліцыя выявіла яшчэ два трупы ў адной з кватэраў, сярод іх, верагодна, цела меркаванага злачынцы.

Не менш за адзінаццаць чалавек загінулі ў выніку страляніны ў нямецкім горадзе Ханау, размешчаным у федэральнай зямлі Гесэн прыкладна за 20 кіламетраў ад Франкфурта-на-Майне. Такія звесткі паліцыя апублікавала ў ноч на чацвер, 20 лютага. Акрамя таго як мінімум пяць чалавек атрымалі цяжкія раненні, адзначаецца ў заяве праваахоўнікаў, паведамляе dw.com.

Паводле паведамленняў відавочцаў, вечарам 19 лютага невядомыя адкрылі агонь у адной з кальянных у цэнтральнай частцы Ханау, застрэліўшы траіх чалавек. Нападнікі схаваліся, а праз некаторы час з'явілася інфармацыя пра падобнае здарэнне ў кальяннай, якая знаходзіцца ў іншым раёне горада – Кесэльштад. Паводле непацверджаных звестак, у памяшканне ўвайшоў мужчына і адкрыў бязладную стральбу, забіўшы пяцярых чалавек. Ахвяры – у асноўным маладыя людзі, у тым ліку жанчына. Яшчэ адзін чалавек памёр праз некалькі гадзінаў ад атрыманых ранаў.

Паведамляецца, што адзін чалавек быў затрыманы, у СМІ з'явіліся здымкі маладога мужчыны ў кайданках, якога вядуць паліцыянты, аднак паліцыя неўзабаве заявіла, што затрыманы не мае ніякага дачынення да абодвух нападаў. Тэрыторыя вакол месцаў здарэнняў была ачэпленая.

Паліцыянты адшуквалі тых, хто нападаў, дакладны лік якіх па-ранейшаму невядомы. На дапамогу калегам з Ханау прыбылі паліцыянты з федэральнай зямлі Баварыя.

Меркаваны ўдзельнік нападу знойдзены мёртвым

Праз некалькі гадзінаў паліцыя паведаміла, што меркаваны ўдзельнік нападаў знойдзены мёртвым у сваёй кватэры і што побач з ім знаходзілася цела яшчэ аднаго чалавека. Праваахоўныя органы мяркуюць, што верагодны злачынец дзейнічаў у адзіночку. Звестак ні пра ягоную асобу, ні пра асобу ахвяраў нападаў, а таксама пра іх грамадзянства пакуль не апублікавана.

Глыбокія спачуванні родным загінулых у Twitter выказаў прадстаўнік урада Нямеччыны Штэфэн Зайберт (Steffen Seibert).

Дэпутатка бундэстага ад выбарчай акругі Ханау Каця Ляйкерт (Katja Leikert) назвала здарэнне "сапраўды жахлівым сцэнарам". "Я жадаю родным забітых многіх сілаў і сардэчнай спагады ў гэтую жахлівую ноч у Ханау", – напісала палітык у сваім мікраблогу Twitter. Яна выказала надзею на хуткае выздараўленне параненых і падзякавала прадстаўнікам экстраных службаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках