28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына, Францыя і Гішпанія ствараюць прататып баявога самалёта будучага

2
Нямеччына, Францыя і Гішпанія ствараюць прататып баявога самалёта будучага
МАДЭЛЬ САМАЛЁТА СІСТЭМЫ ВЯДЗЕННЯ ПАВЕТРАНЫХ БАЁЎ БУДУЧЫНІ
ФОТА: AFP

Пагадненне ў рамках найбуйнейшага ў Еўропе абароннага праекта падпісанае ў Парыжы.

Нямеччына, Францыя і Гішпанія падпісалі пагадненне аб будаўніцтве прататыпа самалёта сістэмы вядзення паветраных баёў будучыні (Future Combat Air System, FCAS) у рамках найбуйнейшага ў Еўропе абароннага праекта, піша dw.com. Свае подпісы пад дакументам у чацвер, 20 лютага, у Парыжы паставілі міністры абароны Нямеччыны і Францыі - Анэгрэт Крамп-Карэнбаўэр, Флоранс Парлі, а таксама дзяржсакратар Гішпаніі ў пытаннях абароны Анхель Аліварэс Рамірэс.

Крамп-Карэнбаўэр назвала падпісанне дамовы «першым важным крокам» на шляху да будаўніцтва баявога самалёта будучыні, які да 2040 года павінен прыйсці на змену шматмэтавым нямецкім самалётам Tornado IDS і еўрапейскім знішчальнікам Eurofighter Typhoon.

«Мы хочам крочыць у Еўропе супольным шляхам» з улікам будучых праектаў у галіне абароны, падкрэсліла нямецкі міністр. «За такімі абарончымі сістэмамі заўсёды стаіць нешта большае, чым проста тэхніка, а менавіта: супольныя намаганні, агульная палітычная воля і адзінае стратэгічнае разуменне», - дадала яна.

Шматмільённы крэдыт Нямеччыны

Камітэт бундэстага ў бюджэтных пытаннях на мінулым тыдні ўхваліў крэдыт сумай 77 млн еўраў на распрацоўку прататыпа. Як чакаецца, першы даследчы этап будзе доўжыцца амаль 18 месяцаў.

Акрамя таго, Крамп-Карэнбаўэр і Парлі падчас сустрэчы падпісалі з дзяржсакратаром Гішпаніі пагадненне пра намеры, бо Мадрыд далучыўся да ініцыятывы толькі нядаўна. «Такія праекты - не выключна нямецка-французскія», па магчымасці яны павінны мець яшчэ больш шырокае еўрапейскае прадстаўніцтва, упэўненая міністр абароны ФРГ.

Баявы комплекс

Сістэма вядзення паветраных баёў будучага FCAS прадугледжвае будаўніцтва не толькі асобных баявых самалётах, але таксама і цэлай сістэмы, у якую ўваходзяць атрады суправаджэння беспілотнікаў, флагманскія і патрульныя самалёты, наземныя станцыі і спадарожнікі. Увесь комплекс сістэм павінен абменьвацца інфармацыяй у рэжыме рэальнага часу. Агульны кошт праекта ацэньваецца на суму да 50 млрд еўраў.

Раней на распрацоўку канцэпцыі Нямеччына і Францыя ўжо выдялілі па 32,5 мільёна еўра. У рамках гэтага даследавання да канца 2020 года плануецца скласці дэталёвы план таго, што будзе ўваходзіць у новую сістэму. Кіраўніцтва праектам ажыццяўляе Францыя.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках