29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Расеі вывелі яшчэ $190 мільярдаў пад размовы аб амністыі капіталаў

6
З Расеі вывелі яшчэ $190 мільярдаў пад размовы аб амністыі капіталаў

Праграма добраахвотнай дэкларацыі афшорных актываў скончылася правалам.

Урад Расеі закрывае праграму амністыі капіталаў, у рамках якой буйнаму бізнэсу прапаноўвалася вярнуць у краіну актывы і грошы ў абмен на гарантыі непераследаваць за падатковыя і валютныя парушэнні, паведамляе finanz.ru.

Чарговы раўнд амністыі - трэці з 2015 года, калі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заклікаў мільярдэраў на дапамогу падаючай эканоміцы, - завершыцца 29 лютага. Чацвёртага этапу не прадугледжваецца, паведаміў «Интерфаксу» статс-сакратар - намеснік міністра фінансаў Аляксей Сазанаў.

«Бог любіць тройцу, - патлумачыў ён. - Навошта ўсталёўваць тэрмін, калі ўвесь час яго пераносіць. Пазіцыя Мінфіна, што падаўжацца не павінна».

Апошні раўнд амністыі быў самым кароткім і працягваўся ўсяго пяць месяцаў (з 1 ліпеня 2019 года). У гэты перыяд расейцы маглі добраахвотна задэклараваць маёмасць і рахункі за мяжой, атрымаўшы вызваленне ад выплаты НДФЛ і падатку на прыбытак кантраляваных замежных кампаній, пры ўмове што яны стануць падатковымі рэзідэнтамі РФ.

Грашовыя сродкі прапаноўвалася рэпатрыяваць у банкі, размешчаныя на тэрыторыі Расеі, а кампаніі - перарэгістраваць у спецыяльных адміністрацыйных раёнах (САР) на тэрыторыях Калінінградскай вобласці і Прыморскага краю.

Але ні апеляцыі да патрыятызму, ні стварэнне ўнутраных афшораў з нулявым падаткам на дывідэнды не змаглі павярнуць назад раку грошай, якія пакідаюць Расею. Паводле звестак ЦБ, за пяць гадоў амністыі чысты адток капіталу склаў 189,6 млрд даляраў.

Максімальным ён быў у 2018 годзе (63 млрд даляраў), а паводле вынікаў мінулага года запаволіўся ў 2,3 разы - да 27 млрд даляраў. У 2015-м прыватны сектар вывез 57 млрд даляраў, у 2016-м - 18 млрд, у 2017-м - 24 млрд.

Лічбы па адтоку вагаюцца, але гэта па большай частцы адлюстраванне руху спекулятыўных замежных грошай на фінансавым рынку, указвае галоўны эканаміст ING Расеі і СНД Дзмітрый Далгін. У 2018 году, напалоханыя санкцыямі супраць «Русала», нерэзідэнты скідалі расейскія дзяржаблігацыі і акцыі расейскіх кампаній, і адток стаў рэкордным з 2014 года.

А летась, наадварот - уклалі 20 млрд даляраў у даўгавыя паперы Мінфіна, калі стала ясна, што адміністрацыя Трампа не жадае ісці на жорсткія захады.

Пры гэтым структурны адток капіталу з Расеі стабільны пры любой палітыцы: з году ў год 20-30 млрд даляраў бізнэс выводзіць з краіны ў выглядзе «прамых інвестыцый» за мяжу, адзначае Далгін. Гэта грошы, якія кампаніі адпраўляюць у капітал афшорных структур, паркуючы прыбытак за межамі краіны.

Летась такі адток склаў 26 млрд даляраў, годам раней - 30 млрд, у 2017-м - 36 млрд, у 2015-16 гг - па 20 млрд. У суме за пяць гадоў амністыі - 136 млрд даляраў.

Самым папулярным кірункам застаецца Кіпр, куды на 1 ліпеня 2019 года расейцы інвеставалі 200,2 млрд даляраў – суму, што ў 9,5 разоў перавышае ВУП выспы. У параўнанні з пачаткам амністыі капіталаў яна вырасла на 84 млрд даляраў, або 74%.

На другім месцы - Нідэрланды (47 млрд даляраў), на трэцім - Аўстрыя (26,6 млрд даляраў).

«Хатнія гаспадаркі і карпарацыі, верагодна, застануцца чыстымі экспарцёрамі капіталу датуль, пакуль не ўбачаць прыкмет структурнай трансфармацыі» эканомікі, прагназуе Далгін.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках