19 красавiка 2024, Пятніца, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як зачыняўся «нафтавы эмірат»

4
Як зачыняўся «нафтавы эмірат»

Падзеі дзесяцігадовай даўніны шмат у чым прадвызначылі цяперашнюю сітуацыю.

«Успамінаем падзеі дзесяцігадовай даўніны, якія шмат у чым прадвызначылі цяперашнюю сітуацыю, у якой апынулася Беларусь. Сёння афіцыйны Менск актыўна шукае альтэрнатыву расейскай нафце – у 2010-м краіна была роўна ў такой жа сітуацыі», – піша «Салідарнасць».

У сярэдзіне прэзідэнцтва ў Расеі Дзмітрыя Мядзведзева стасункі паміж Менскам і Масквой былі вельмі дрэнныя. У пачатку 2010 года стала зразумела, што Беларусь чакае новая рэальнасць.

Доўгія гады ўлады папаўнялі бюджэт немудрагелістым, але звышэфектыўным спосабам – бралі бязмытную расейскую нафту, рабілі з яе нафтапрадукты і прадавалі іх за мяжу. Менавіта на гэтым шмат у чым будаваўся беларускі «эканамічны цуд» 2000-х.

Новыя ўмовы Масквы для Менска здаліся шакавальнымі: бязмытна будзе пастаўляцца нафта толькі для ўнутранага спажывання (6,3 млн тонаў у год), астатнія 15 млн – за экспартную мыту.

Лукашэнка ўспрыняў гэтую сітуацыю як несправядлівасць і кінуўся з падначаленымі шукаць альтэрнатыву. І ўжо ў сакавіку 2010 года яна была знойдзеная. Знаходзячыся ў Каракасе на перамовах з Уга Чавесам, Лукашэнка абвесціў пра гістарычную ўгоду: сёлета Венесуэла паставіць у Беларусь 4 млн тонаў нафты. Налета – 10 млн.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА І УГА ЧАВЕС У ВЕНЕСУЭЛЕ, САКАВІК 2010 ГОДА. ФОТА ПРЭС-СЛУЖБЫ КІРАЎНІКА ДЗЯРЖАВЫ

Першы танкер з сыравінай з Лацінскай Амерыкі прыбыў у порт Адэсы ўжо праз месяц: нафту адправілі ў Мазыр па чыгунцы.

Першы час улады не раскрывалі кошт паставак, але ўсеагульны скепсіс пра выгаднасць угоды быў такім, што пра яе жартавалі – як у Беларусі, так і ў Расеі.

У тым, што пастаўкі з Венесуэлы рэнтабельныя, Лукашэнка запэўніваў да канца года. Але ўжо ў сярэдзіне 2010-га стала вядома, што Расея чарговы раз дасць пернік. Узамен на ратыфікацыю пакета дакументаў у стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы для Беларусі паабяцалі скасаваць мыты на нафту.

Пастаўкі з Венесуэлы сталі відавочна бессэнсоўнымі. Сёння Лукашэнка заяўляе, што набыў у далёкай краіны ў той перыяд блізу 11 млн тонаў нафты, але звесткі ў адкрытых крыніцах кажуць пра тое, што на самай справе аб'ёмы маглі быць у некалькі разоў меншыя.

У чэрвені 2012-га пастаўкі з Лацінскай Амерыкі былі канчаткова прыпыненыя.

Калі першапачаткова былі звесткі, што венесуэльская нафта можа абыходзіцца даражэй за расейскую больш чым на траціну, то ў 2012 годзе кошт адрозніваліся ўжо ў два разы.

Ці была гісторыя з угодай з Чавесам карыснай для беларускіх уладаў? У Менску намякалі, што яна дапамагла дамагчыся выгадных умоваў у рамках Мытнага звязу.

Але ў гэта паверылі не ўсе.

Праз 10 гадоў Менск зноў прыйшоў да таго ж: спрабуе тэрмінова знайсці альтэрнатыву расейскай нафце, абурыўшыся рэзкім зменам умоваў з боку Масквы.

У гэтай гісторыі ўражвае не столькі тое, што беларускія ўлады за ўвесь гэты час так і не змаглі дыверсіфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў. Урэшце, з улікам лагістыкі расейская нафта ў нашых умовах можа быць таннейшая за любую іншую.

Уражвае тое, што, нягледзячы на негатыўны досвед стасункаў з Масквой і наяўнасць відавочнай пагрозы ліквідацыі ранейшых ільготаў у любы момант, беларускія ўлады за цэлае дзесяцігоддзе нават сур'ёзна не паспрабавалі перабудаваць эканоміку, якая застаецца вельмі залежнай ад танных энэргарэсурсаў.

Прыкрая гатоўнасць «кожны год перад новым годам стаяць на каленях» была і застаецца засмучальным грахом «эліты» супраць будучыні краіны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках