24 красавiка 2024, Серада, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эскалацыя ў Ідлібе: Турэцкі артабстрэл супраць расейскіх авіяўдараў

1
Эскалацыя ў Ідлібе: Турэцкі артабстрэл супраць расейскіх авіяўдараў
Фота: Getty Images

Чым скончыцца супрацьстаянне?

Расейскае мінабароны абвінаваціла Турцыю ў падтрымцы наступу баевікоў на пазіцыі сірыйскай арміі ў правінцыі Ідліб. Установа дала справаздачу пра авіяўдары па пазіцыях гэтых баевікоў – а турэцкі бок у сваю чаргу абвесціў, што ў выніку дзеянняў яго вайскоўцаў былі забітыя дзясяткі сірыйскіх вайскоўцаў, паведамляе ВВС.

Турцыя заявіла, што два турэцкія салдаты былі забітыя і пяцёра атрымалі раненні ў выніку авіяўдараў, якія, на сцвярджэнне Анкары, нанесла сірыйская армія на паўночным захадзе Сірыі. У выніку агульныя страты турэцкай арміі ў Ідлібе ў гэтым месяцы склалі 15 чалавек.

Турэцкае мінабароны таксама паведаміла, што ў баях з турэцкімі вайскоўцамі загінулі 50 сірыйскіх вайскоўцаў. Акрамя таго, Турцыя сцвярджае, што сірыйская армія страціла пяць танкаў, два бронетранспарцёры, два ўзброеныя пікапы і адну гаўбіцу.

Эскалацыя паміж Расеяй і Турцыяй

Незадоўга да таго, як Турцыя абвесціла пра гібель сваіх вайскоўцаў у выніку авіяўдараў у Ідлібе, расейскі Цэнтр прымірэння варожых бакоў у Сірыі (ЦПВС) паведаміў, што групоўка бамбавікоў Су-24 нанесла авіяўдар па баевіках у гэтай сірыйскай правінцыі.

У паведамленні гаворыцца, што пратурэцкія баевікі пры падтрымцы артылерыі турэцкіх узброеных сілаў прарвалі абарону сірыйскай арміі ў раёне населеных пунктаў Кмінас і Найраб у правінцыі Ідліб.

Турэцкія СМІ ў сваю чаргу сцвярджаюць, што з боку Турцыі наступ баевікоў падтрымлівала не толькі артылерыя – паводле звестак журналістаў, таксама былі задзейнічаныя танкі і спецназ. Афіцыйна гэтую інфармацыю не пацвярджае ні адзін з бакоў канфлікту.

"Для недапушчэння выхаду бандфармаванняў углыб сірыйскай тэрыторыі на просьбу сірыйскага камандавання самалётамі Су-24 ВКС Расеі быў нанесены ўдар па узброеных фармаваннях тэрарыстаў. Гэта дазволіла сірыйскім войскам паспяхова адбіць усе атакі", – цытуе РІА Навіны паведамленне цэнтра прымірэння.

Фота: Getty Images

У паведамленні гаворыцца, што ў выніку пры падтрымцы расейскай авіяцыі сірыйскія войскі здолелі спыніць наступ баевікоў і знішчыць адзін танк, шэсць баявых машынаў пяхоты і пяць пікапаў з буйнакаліберным узбраеннем.

"Па лініі дэканфліктынгу да турэцкага боку была даведзеная інфармацыя, што расейскімі сродкамі аб'ектыўнага кантролю выкрыты факт артылерыйскага агню з боку турэцкіх пазіцый па падраздзяленнях сірыйскай арміі... Пасля давядзення дадзенай інфармацыі да турэцкага боку агонь іх артылерыі быў спынены", – заявілі ў ЦПВС.

У адміністрацыі прэзідэнта Турцыі ў сваю чаргу адзначылі, што ўсе кадравыя турэцкія вайскоўцы, якія загінулі або пацярпелі ў Ідлібе ў чацвер, сталі ахвярамі сірыйскага авіяўдару, а не расейскага. Звестак пра загінулых з боку баевікоў турэцкі бок не прыводзіць.

Бліжэй да вечару Міністэрства абароны Турцыі заявіла, што не мае прэтэнзій да расейскага боку ў сувязі з сітуацыяй у Ідлібе. Ва ўстанове падкрэслілі, што такія прэтэнзіі ў Турцыі ёсць толькі да афіцыйных уладаў Сірыі.

Напярэдадні прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган папярэдзіў пра неўнікнёны пачатак турэцкага ваеннага наступу ў Ідлібе, апошнім анклаве баевікоў у Сірыі, на які пачалі наступ сірыйскія сілы пры падтрымцы расейскай авіяцыі.

У чацвер мясцовыя СМІ паведамілі, што турэцкія войскі супольна з атрадамі пратурэцкіх баевікоў з сірыйскай апазіцыі пачалі ваенную аперацыю на паўднёвым усходзе Ідліба супраць арміі прэзідэнта Сірыі Башара Асада.

Сітуацыя ў сірыйскай правінцыі Ідліб прадаўжае разгарацца з пачатку лютага. Армія Асада разам з праіранскімі вайсковымі групоўкамі прадаўжае наступ у Ідлібе, што выклікае незадаволенасць Турцыі.

У ходзе наступлення сілы Асада наносяць удары не толькі па радыкальных ісламісцкіх фармаваннях, але і па фармаваннях сірыйскай апазіцыі, якія падтрымлівае Турцыя.

Падраздзяленні, якія раней былі вядомыя як "Свабодная сірыйская армія" і частку якіх навучалі і экіпіявалі турэцкія інструктары, аб'ядналіся ў "Нацыянальную армію". Турцыя не можа адмовіцца ад альянсу з ёй, бо "Нацыянальная армія" дапамагае Анкары змагацца з курдскімі атрадамі і супрацьстаяць радыкальным ісламістам.

Акрамя таго, у Турцыі выклікае непакой наступ сірыйскай арміі ў Ідлібе, бо яна ўважае гэты рэгіён сваёй зонай уплыву. Згодна з умовамі пагадненняў у Сочы 2017 года, у Ідлібе павінна быць створаная дэмілітарызаваная зона, па перыметры якой павінны быць выстаўленыя турэцкія пасты пры падтрымцы цяжкай тэхнікі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках