19 красавiка 2024, Пятніца, 20:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новае кіно для расейцаў

3
Новае кіно для расейцаў
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Пра такую краіну не будуць узгадваць з сумам.

Характэрная расейская з'ява - апублікаваныя сёння звесткі ўсерасейскага апытання «Левада-цэнтра» пра «ролі інстытутаў». Гэта значыць, пра тое, якую ролю ў жыцці краіны адыгрываюць прэзідэнт, парламент, прэса, прафсаюзы, партыі і гэтак далей, піша Telegram-канал «СерпомПО».

Напэўна, у краінах, дзе месца ўладаў устаноўленае законам, сацыёлагам не прыйдзе ў галаву задаваць грамадзянам пытанні пра тое, якія інстытуты і якое месца займаюць у грамадстве. Можна адкрыць закон і прачытаць. Але ў нас усё інакш. Закон - фікцыя. Таму якое-небудзь не згаданае ў Канстытуцыі ФСБ больш уплывовае за Дзярждуму і Савет Федэрацыі, разам узятыя і памножаныя на суды.

Партрэт ад «Левада-цэнтра» атрымаўся цікавы. Краіна-вырадак з раздзьмутай уладнай галавой, накачанай вайсковымі мускуламі, у руках электрашокер ФСБ для катавання, унізе – слабенькія грамадзянскія ножкі.

Першая па ўплывовасці пяцёрка - прэзідэнт, войска, ФСБ, прэзідэнцкая адміністрацыя, урад. У спіну ўраду дыхае з 6-га месца пракуратура. За ёй «газеты, радыё, тэлевізія», чытай - дзяржпрапаганда.

Дарэчы паказальна, што, на думку апытаных, дзяржпрапаганда менш уплывовая, чым ФСБ. Гэта сведчыць аб тым, што гвалт сёння больш часты інструмент кіравання, чым маніпуляцыя. Гэта значыць, хлусня праз ТБ стала менш эфектыўнай, таму даводзіцца звяртацца да наўпроставай сілы палітычнай паліцыі.

У сярэдзіне табліцы боўтаюцца алігархі, суды (на радок ніжэй за алігархаў), губернатары, паліцыя, Савет Федэрацыі і Дзярждума (на суседніх месцах), царква і дырэктары прадпрыемстваў.

Паказальнае месца судовай улады. Гэта проста нейкі лузер у параўнанні з войскам і ФСБ. Заканадаўчая ўлада жыве прыкладна на той жа перыферыі. Губернатары, відавочна, успрымаюцца грамадзянамі як пешкі, якія змяняюцца зверху Пуціным і ягонай адміністрацыяй, а паліцыя, як слуга на пабягушках.

І толькі ў самым канцы табліцы, на 16-18 месцах палітычныя партыі, некамерцыйныя арганізацыі і прафсаюзы.

Аб мясцовым самакіраванні «Левада-цэнтр» нават і не пытаўся. Атрымалася, зрэшты, наглядна - самакіраванне грамадзян у Расеі - нішто.

Калі даць камусьці паглядзець гэтыя вынікі без ведання назвы краіны, аб якой ідзе гаворка, хутчэй за ўсё, скажуць, што гэта - партрэт аўтарытарнай краіны, дзе ўлада належыць начальству, якое вядзе вайну супраць свету і сваіх грамадзян. У адваротным выпадку растлумачыць уплывовасць прэзідэнта, войска і палітычнай паліцыі цяжка.

У нармальнай краіне гэтыя інстытуты павінны былі б знаходзіцца на апошніх месцах спісу, а грамадзянскія арганізацыі, палітычныя партыі, мясцовае самакіраванне - наверсе. Таму што ўлада існуе для народа, а не народ для ўлады.

Характэрна таксама, што «алігархі» знаходзяцца на 8-м месцы, а прафсаюзы - на апошнім, 18-м. Гэта ілюстрацыя дачыненняў працы і капіталу ў Расеі. У нармальнай краіне яны знаходзіліся б на суседніх месцах.

«Расея, якую мы страцілі» - так называўся настальгічны дакументальны фільм 1992 года Станіслава Гаварухіна аб дарэвалюцыйнай Расеі. Апытанне «Левада-цэнтра», нібы новае кіно, паказвае грамадзянам Расею, якую мы атрымалі. Наўрад ці, калі краіна з такім уладкаваннем сыдзе ў мінулае, хтосьці будзе ўзгадваць пра яе з сумам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках