4 красавiка 2020, Субота, 17:53
Заставайся дома!
Рубрыкі

У РФ вынеслі прысуд экс-міністру абароны Украіны

15
У РФ вынеслі прысуд экс-міністру абароны Украіны
Анатоль Грыцэнка

(Абноўлена) Анатоль Грыцэнка пракаментаваў яго.

Анатоль Грыцэнка пракаментаваў вырак суда РФ прысудзіць яго да шасці гадоў калоніі завочна праз «заклікі да тэрактаў» у РФ, піша nv.ua.

«Як я да таго стаўлюся? У маім разуменні, тэрарызм - гэта рэйды расейскіх дыверсійных груп, якія нясуць агонь і смерць на нашу з вамі зямлю; гэта знішчэнне расейскім «Букам» грамадзянскага лайнера MH17 і забойства амаль трохсот нявінных грамадзянскіх, у тым ліку, дзяцей; гэта атручванне ці забойства расейскім «навічком» людзей на тэрыторыі чужых дзяржаў. Гэта - сапраўды тэрарызм, і менавіта так яго разумеюць у цывілізаваным свеце», - напісаў ён у Facebook.

Палітык дадаў, што расейскі тэрарызм дагэтуль не пакараны.

«А тое, што яны на ўказанне Крамля вытвараюць у сваім «вайсковым судзе» - не мае ніякага дачынення ні да права, ні да справядлівасці. Хай шалеюць», - адзначыў Грыцэнка.

21 лютага суд у Маскве завочна прысудзіў Грыцэнку да шасці гадоў калоніі за «заклікі да тэрактаў» у Расеі.

У 2018 годзе супраць Грыцэнкі расейскія следчыя распачалі крымінальную справу на падставе ч.2 арт.205.2 КК РФ (публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці).

У снежні 2017 года СК РФ распачаў справу ў дачыненні да Грыцэнкі паводле аналагічнага артыкула.

СК РФ сцвярджае, што Грыцэнка ў 2014 годзе падчас жывой трансляцыі тэлекампаніі «Студыя 1+1» нібыта выступіў з публічным заклікам да ажыццяўлення «тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі РФ шляхам падрыву чыгуначных цягнікоў».

Другі эпізод звязаны нібыта з заклікамі Грыцэнкі ў эфіры тэлеканала 112 Украіна 2 ліпеня 2017 года да «ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Масквы і Таганрога».

У красавіку 2019 года Следчы камітэт РФ абвясціў Грыцэнку ў вышук.

Анатоль Грыцэнка - украінскі палітык, народны дэпутат Украіны VI і VII скліканняў, міністр абароны Украіны ў 2005-2007 гадах. У 2019 годзе балатаваўся ад партыі «Грамадзянская пазіцыя» ў прэзідэнты Украіны. У першым туры атрымаў 6,91% галасоў выбаршчыкаў.