29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што Лукашэнка паабяцаў РФ у абмен на нафту?

54
Што Лукашэнка паабяцаў РФ у абмен на нафту?
АРХІЎНЫЯ ФОТА КОММЕРСАНТ

Невядомая закулісная частка перамоваў.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі пытанні паставак нафты ў Беларусь. Адбылося гэта пасля візіту ў Менск кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына і з'яўлення паведамленняў пра закуп беларускім бокам чарговых двух танкераў нафты праз літоўскі порт.

Паводле слоў Лукашэнкі, Пуцін выказаў гатоўнасць кампенсаваць даходы ад экспартных падаткаў, якіх Беларусь пазбавілася праз падатковы манеўр.

Аднак прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што расейскія ўлады не будуць кампенсаваць страты, звязаныя з падатковым манеўрам з бюджэту.

Затым стала вядома пра прапанаваную Расеяй формулу, згодна з якой прэмія што да коштаў нафты кожны год будзе зніжацца на $2.

Cітуацыю з магчымымі дамоўленасцямі двух бакоў пракаментаваў сайту «Салідарнасць» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Хісткі кампраміс

- Лукашэнка, мяркуючы з ягонага тону, задаволіцца гэтай пастановай. Але гэта вельмі хісткі кампраміс. Я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што гаворка ідзе пра контуры дамоўленасці толькі на гэты год. Прыйдзе 31 снежня і, як кажа Лукашэнка, зноў на каленях стаяць давядзецца. Гарантый, што не паўторыцца такая ж сітуацыя, такі ж канфлікт, няма, - перасцерагае палітычны аглядальнік.

Што засталося за кулісамі перамоваў

Экспэрт звярнуў увагу на важны момант у сённяшняй гісторыі:

- Ні слова пра «дарожныя мапы» ў гэтай гутарцы мы не чуем. Мы не ведаем, на якіх умовах дасягнуты гэты кампраміс. Мажліва, штосьці наўзамен паабяцаў Лукашэнка: ці ў «дарожных мапах», або ў плане продажу нейкіх актываў. Той жа «Раснафце» даць яшчэ нейкі адсотак актываў Мазырскага НПЗ. Іншымі словамі, невядомая закулісная частка гэтай дамоўленасці.

Аляксандр Класкоўскі нагадаў, што асноўныя супярэчнасці паміж хаўруснікамі дагэтуль не знятыя. Па-ранейшаму ў паветры вісіць пытанне «дарожных мапаў», як і бачанне таго, як далей будаваць стасункі паміж краінамі:

- Для Лукашэнкі ў інтэграцыі на першым месцы заўсёды было атрыманне танных энэргарэсурсаў ад Расеі. А для Масквы першасным было жаданне мацней прывязаць да сябе хаўрусніка.

І гэты вузел пакуль не развязаны. Будзе прадаўжацца падатковы манеўр. Да апошняга не зразумела, ці пойдзе Расея на абяцанае стварэнне адзінага рынку паліва да 2025 года. Таму з вялікай доляй імавернасці можна чакаць новага канфлікту паміж уладамі дзвюх краін.

Экспэрт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» (Менск) Валерый Карбалевіч у каментары для naviny.by адзначыў, што мы не ведаем закуліснага боку нафтавага кампрамісу. «Не выключаю, што Лукашэнка нешта паабяцаў Сечыну», - заявіў аналітык.

Ігар Сечын, кіраўнік «Раснафты», якая паставіла летась амаль палову нафты для Беларусі, таямніча пагутарыў у Менску з Лукашэнкам 18 лютага, а потым далажыў аб гэтай размове Пуціну. Вельмі падобна на тое, што сённяшні званок расейскага прэзідэнта быў падрыхтаваны менавіта місіяй Сечына.

У Беларусі «Раснафта» валодае 36 АЗС, пяццю нафтабазамі і 21-адсоткавай доляй у Мазырскім НПЗ. Карбалевіч дапускае, што Лукашэнка мог прапанаваць Сечыну дадатковы пакет акцый мазырскага завода. Бо на свае прадпрыемствы нафту можна пастаўляць і больш нізкім коштам.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках