25 красавiка 2024, Чацвер, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамяльчук: Я хачу, каб у маёй краіне працавала Канстытуцыя

9
Гамяльчук: Я хачу, каб у маёй краіне працавала Канстытуцыя
ВАЛЕРЫЙ СЛЯПУХІН
ФОТА: ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА

Валерый Сляпухін звярнуўся ў ААН.

21 лютага гомельскі экс-вылучэнец у дэпутаты ад грамадскай арганізацыі «Рух за Свабоду» Валерый Сляпухін падаў індывідуальную скаргу ў Камітэт ААН у правах чалавека. На міжнародным узроўні палітык прадаўжае распачатую стратэгічную цяжбу аб праве грамадскіх аб'яднанняў вылучаць сваіх прадстаўнікоў у дэпутаты, паведамляе «Гомельская вясна».

Прайшоўшы ўсе ўнутраныя сродкі абароны, гамяльчук праз Камітэт ААН у правах чалавека прадоўжыў дамагацца выканання Асноўнага Закона сваёй краіны - магчымасці няўрадавым арганізацыям вылучаць кандыдатаў у дэпутаты.

Сутнасць паднятай праблемы ў тым, што Выбарчы кодэкс дапускае вылучэнне ў кандыдаты толькі ад грамадзян, палітычных партый і працоўных калектываў. І хоць вылучэнне кандыдатаў ад грамадскіх аб'яднанняў у нашай краіне проста прапісанае і гарантаванае Канстытуцыяй (артыкул 69), гэтая прававая калізія не прыбраная дагэтуль. У выніку, на апошніх так званых выбарах прэтэндэнтам у кандыдаты ад ГА «Рух за Свабоду» паўсюдна было адмоўлена ў рэгістрацыі.

Валерый Сляпухін мяркуе, што менавіта грамадскія аб'яднанні, якія бяруць актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны, павінны мець магчымасць на прадстаўніцтва не толькі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, але і на вылучэнне сваіх прадстаўнікоў кандыдатамі ў дэпутаты.

«Я дамагаюся прывядзення Выбарчага кодэкса ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Ці не смешна выглядае сітуацыя, калі працоўныя калектывы валодаюць правам на вылучэнне кандыдатаў, а грамадскія аб'яднанні такога права не маюць? Я хачу, што б у маёй краіне працавала Канстытуцыя, я наважыўся дзейнічаць, я змяню гэтую сітуацыю», - упэўнена заяўляе гамяльчук.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які надае палітыку дапамогу ў абароне правоў на міжнародным узроўні, упэўнены, што ў справе мае месца парушэнне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму права на ўдзел у дзяржаўных справах праз абранне на выбарах.

«Кейс Валерыя Сляпухіна з'яўляецца выдатным прыкладам таго, куды і ў якое месца ўлада засунула нашу Канстытуцыю. А калі мы ў гэтым пытанні прыйшлі ў суд, нам адмовілі і ў апеляцыі, што пацягнула за сабой яшчэ і парушэнне права на справядлівы суд! Мы абавязкова зменім гэтыя прававыя непаразуменні» - падкрэсліў юрыст.

Нагадаем, беларуская Канстытуцыя гарантуе права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам. Увосень мінулага года Валерый Сляпухін вылучаўся ад рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Рух за Свабоду», аднак, яму было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе выбарчага кодэксу.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках