16 красавiка 2024, aўторак, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Sabah: Крамлю давядзецца пачуць папярэджанне Эрдагана

1
Sabah: Крамлю давядзецца пачуць папярэджанне Эрдагана

Для Турцыі Ідліб важнейшы, чым стасункі з РФ.

На сёння ў Анкары і Масквы не атрымалася дасягнуць кампрамісу датычна Ідліба. Прапановы, прапанаваныя дзвюма сталіцамі адна адной, здаюцца ўзаемна непрымальнымі. Праблема можа быць развязаная толькі шляхам перамоваў двух лідараў, калі яны, вядома, адбудуцца. Але і гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Пуцін адмовіцца ад сваіх максімалісцкіх патрабаванняў, піша турэцкае выданне Sabah (пераклад – inosmi.ru).

Анкара надзвычай занепакоеная тым, што Масква ўвесь час стварае сітуацыю зробленага факта ў Сірыі. Ідліб – гэта той пункт, дзе цярпенне на мяжы. Акрамя прымусовай дыпламатыі, іншых варыянтаў не засталося. Як і перад пачаткам аперацыі «Крыніца міру». У цяперашні час на полі бою адбываецца менавіта гэта. Іншымі словамі, галоўная адказнасць за тое, каб паміж турэцкімі і расейскімі вайскоўцамі не ўспыхнуў гарачы канфлікт, цяпер ляжыць на Маскве.

Бо ў Ідлібе Анкары далей адступаць ужо няма куды. Навала мільёнаў бежанцаў ля мяжы пагражае дэстабілізацыяй і ўнутры Турцыі. Уцекачы, гнаныя з Ідліба, прывядуць у рух і сірыйцаў у бяспечнай зоне, гарантуючы немагчымасць вяртання ў сваю краіну тых сірыйскіх бежанцаў, якія ўжо знаходзяцца ў Турцыі. А гэта мае на ўвазе, што Турцыя застанецца сам-насам з праблемамі шасці-сямі мільёнаў сірыйцаў.

Для Турцыі Ідліб важнейшы

Беручы да ўвагі гэтыя сур'ёзныя рызыкі, Расея павінна адмовіцца ад памылковага выкарыстання ідлібскай карты супраць Турцыі. Масква прытрымліваецца падыходу, здольнага разарваць «стратэгічныя сувязі» з Анкарой, якія ў апошнія некалькі гадоў становяцца ўсё мацнейшыя.

Магчыма, для Масквы Ідліб займае важнае месца ў сірыйскім дасье як рэгіён, кантроль над якім неабходны з пункту гледжання злучэння Дамаск – Алепа – Латакія. Але для Анкары Ідліб значна важнейшы. Ідліб мае ключавую ролю ва ўтрыманні пад кантролем трох іншых бяспечных зонаў. Ягонае значэнне незаменнае з таго гледзішча, каб мільёны сірыйцаў не засталіся на сталай аснове ў Турцыі. Таксама не варта забывацца, што менавіта памылковая палітыка Вашынгтона ў дачыненні да Сірыі і атрады народнай самаабароны (YPG) выхаласцілі стратэгічнае партнёрства ЗША з Турцыяй. Цяпер Масква робіць тую ж памылку, толькі ў іншым кантэксце і стылі.

Які найгоршы сцэнар?

Пуцін павінен зразумець, што прэзідэнт Эрдаган, які шануе двухбаковыя стасункі з Расеяй, катэгарычна настроены правесці поўнамаштабную аперацыю ў Ідлібе. На пасяджэнні парламенцкай фракцыі кіроўнай партыі ў Вялікім нацыянальным сходзе Турцыі Эрдаган заявіў: «Мы можам прыйсці раптоўна аднойчы ноччу. Аперацыя ў Ідлібе – толькі пытанне часу». Гэта словы з разраду тых, што былі вымаўленыя Эрдаганам перад трыма іншымі аперацыямі Турцыі ў паўночнай Сірыі...

На самай справе Эрдаган робіць папярэджанне Крамлю: «Апамятайся, пакуль не позна. Прызнай жыццёва важныя інтарэсы Турцыі». У адказ афіцыйны прадстаўнік Крамля Пяскоў заявіў: «Ваенная аперацыя Турцыі супраць сірыйскіх урадавых сілаў у Ідлібе стала б найгоршым сцэнарам развіцця падзей». Гэтая заява далёкая ад разумення ўсёй сур'ёзнасці праблемы. Сапраўды найгоршым сцэнарам развіцця падзей стане сур'ёзны разрыў у турэцка-расейскіх стасунках. На шчасце, словы міністра замежных справаў Лаўрова: «Мяркуем, што трэба выконваць усе дамоўленасці, дасягнутыя паміж нашымі лідарамі, гатовыя працаваць на любым узроўні, у тым ліку і на найвышэйшым узроўні», паказваюць на ўсё яшчэ захаваны апошні шанец, што перамовы двух лідараў адбудуцца. Наперадзе восем крытычна важных дзён.

Ці пачалася поўнамаштабная аперацыя?

Хоць у дыпламатыі яшчэ захоўваецца магчымасць вызначальнай стадыі, Анкара дэманструе катэгарычнасць на полі бою. У чаканні тэрміну, адведзенага да канца лютага, на полі бою прадаўжаюцца фартыфікацыйныя і падрыхтоўчыя працы. У Ідліб было накіравана больш за 10 тысячаў вайскоўцаў і ўся неабходная для поўнамаштабнай аперацыі тэхніка. Пачаліся нават дробныя, тактычныя аперацыі.

Так, учора турэцкія вайскоўцы супольна з апазіцыйнымі групамі накіраваліся ў бок Серакіба, выцясняючы сілы Асада з Нейраба. У ходзе сутыкненняў двое нашых вайскоўцаў загінулі. Мае спачуванні нашаму народу. Гэты ход Анкары носіць характар падрыхтоўкі да поўнамаштабнай аперацыі. Ён паказвае настойлівае імкненне Анкары кантраляваць трасы М4 і М5.

Гэтыя дзеянні нагадваюць сілам Асада пра ўльтыматум, згодна з якім яны павінны адысці за межы сочынскага мемарандуму. На гэтым этапе сутыкненне паміж турэцкімі вайскоўцамі і рэжымам не выклікала прамога супрацьстаяння турэцкіх і расейскіх сілаў. Масква наносіць удары па апазіцыі, а Анкара – па сілах Асада. Пакуль сітуацыя на полі бою канчаткова не ўскладнілася, у Пуціна яшчэ ёсць магчымасць не дапусціць нейкі інцыдэнт, які разбурыць «стратэгічныя сувязі» паміж Расеяй і Турцыяй.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках