24 красавiка 2024, Серада, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кампраміс» у нафце: Лукашэнка дакладна пацярпеў паразу

13
«Кампраміс» у нафце: Лукашэнка дакладна пацярпеў паразу

Эксперты ацанілі апошнія заявы Менска і Масквы.

Масква пагадзілася кампенсаваць Менску частку стратаў, якія той нясе праз падатковы манеўр у Расеі, заявіў Лукашэнка. Міністр энэргетыкі РФ Аляксандр Новак пацвердзіў, што Расея гатовая пайсці на саступкі. Пра што ідзе гаворка і колькі ў выніку атрымае Беларусь?

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 21 лютага прапанаваў палічыць, колькі Беларусь страчвае ад падатковага манеўру ў расейскай нафтавай галіне, заявіў Лукашэнка.

Згодна з падатковым манеўрам у Расеі паступова зніжаюцца экспартныя мыты на нафту і расце падатак на здабычу карысных выкапняў. Беларусь атрымлівае сыравіну з Расеі бязмытна, таму цяпер, паводле звестак "Белнафтахіма", кошт расейскай нафты для Менска складае 83% ад сусветнага кошту. Гэта значыць выгаду Беларусі можна ацаніць як 17% ад сусветных коштаў на нафту, паведамляе ВВС.

Да 2024 года экспартныя мыты абнуляцца, і гэтая выгада знікне. У выніку Беларусь будзе атрымліваць нафту ўжо паводле сусветных коштаў.

"Калі мы атрымлівалі летась ад мыты 1 млрд даляраў, дапусцім, а сёлета за кошт зніжэння гэтай самай мыты – яна ж увесь час зніжаецца – атрымаем 700 млн даляраў, ён сказаў: мы 300 млн даляраў кампенсуем. У тым ліку за кошт прэмій кампаніям", – заявіў Лукашэнка.

Міністр энэргетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што расейскі бок прапанаваў Беларусі зніжаць прэміі на 2 даляры за тону кожны год. Лукашэнка таксама сказаў, што пазіцыя ў пастаўках і коштах на нафту і газ "абсалютна праяснілася".

Пра якія прэміі ідзе гаворка?

Цяпер расейскія нафтавыя кампаніі могуць прадаваць нафту любым краінам і атрымліваць сусветны кошт, але частку атрыманых грошай давядзецца аддаць у расейскі бюджэт у выглядзе мыты, адзначае старэйшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

Калі кампаніі прадаюць нафту ў Беларусь, то яны атрымліваюць тыя ж грошы, як калі б плацілі мыту, якую ў выпадку з Менскам не плаціць у выніку ніхто. Страты ў выніку нясе расейскі бюджэт, які не атрымлівае паступлення ў выглядзе мыты.

Беларусь з 2007 года плаціць расейскім кампаніям прэмію за пастаўкі нафты (хоць і з перапынкамі). Тады гэтая сістэма працавала інакш: Беларусь набывала нафту ніжэй за сусветны кошт, а значыць расейскім кампаніям было проста нявыгадна ёй пастаўляць нафту.

"Расейскім кампаніям было цікавей экспартаваць нафту ў далёкае замежжа, але іх расейскі ўрад прымушаў прадаваць Беларусі паводле зніжанага кошту, і прыдумалі прэміі, каб неяк кампенсаваць гэтыя страты", – тлумачыць Іосуб.

У 2010 годзе сыравінныя кампаніі Расеі запатрабавалі павялічыць гэтую надбаўку, таму што Беларусь атрымлівала прыбытак ад экспарту нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца з таннай расейскай нафты.

Падатковы манеўр, які абнуліць мыты да 2024 года, прывядзе да таго, што Беларусь будзе вымушаная плаціць поўны сусветны кошт плюс прэміі. Пакуль жа ў Менска захоўваецца дысконт. Тым не менш Лукашэнка просіць Маскву скасаваць прэміі ўжо цяпер.

У гэты момант расейскім кампаніям усё роўна, куды прадаваць – у Беларусь ці на іншыя рынкі, адзначае Іосуб. Яны ў любым выпадку атрымліваюць сусветны кошт мінус мыту. У такім выпадку незразумела, за што ім плаціць прэмію, тлумачыць ён логіку беларускіх уладаў. У Менску мяркуюць, што расейскія кампаніі неабгрунтавана нажываюцца на беларускім рынку, таму што атрымліваюць больш выгады ад паставак у Беларусь, чым у іншыя краіны.

Масква ж адзначае, што нават з прэміямі Беларусь плаціць менш, чым плаціла б паводле сусветных коштаў. Страты ў выглядзе неатрымання мытаў нясе расейскі бюджэт, гэта ў сутнасці субсідаванне беларускай эканомікі, кажа аналітык RusEnergy Міхаіл Круціхін.

"З аднаго боку, можна расейцам сказаць: вы тут незаконна ўзбагачаецеся на нас за кошт прэміі і прадаяце нам даражэй, чым усяму свету, – кажа Іосуб. – Але яны могуць запярэчыць: а вы ўсё роўна набываеце танней, чым паводле сусветнага кошту".

Каму выгадна?

Каб ацаніць усе наступствы дамоўленасцяў, трэба дачакацца заключэння кантрактаў на пастаўку нафты паміж "Белнафтахімам" і расейскімі нафтакампаніямі, адзначае асноўны аналітык Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Ігар Юшкоў.

ФОТА: TASS

Ён мяркуе, што дэталі гэтага пагаднення маглі абмяркоўвацца падчас візіту ў Менск кіраўніка "Раснафты" Ігара Сечына, які мог выконваць ролю перамоўніка.

"Відавочна было нейкае пытанне, пра якое Сечын [пасля візіту ў Менск] даклаў Пуціну, і Пуцін патэлефанаваў і сказаў, што ён згаджаецца на прапанову Лукашэнкі", – мяркуе Юшкоў.

У сутнасці прэміі – гэта прыватнае пытанне нафтакампаній, а ў мінэнэрга няма паўнамоцтваў указваць ім, на колькі яны будуць зніжаць прыбытковасць сваіх паставак канкрэтнаму кліенту, адзначае Юшкоў.

Эксперт мяркуе, што Беларусь узамен на паслабленні магла прапанаваць акцыі аднаго са сваіх НПЗ, і тады для "Раснафты" – буйнога пастаўшчыка сыравіны ў Беларусь – гэтая ўгода выглядае лагічнай. За кошт уключэння НПЗ у сваю структуру "Раснафта" можа выбудаваць вертыкальную інтэграцыю і ў выніку сінэргіі актываў кампанія можа атрымліваць больш прыбытку, разважае Юшкоў.

Паступовае зніжэнне прэміі ўслед за паступовым абнуленнем мытаў – разумны кампраміс, кажа Вадзім Іосуб. "Яго нельга інтэрпрэтаваць, што хтосьці кагосьці нахіліў. Нібыта абодва бакі пасунуліся і разумны эканамічны кампраміс атрымалі", – мяркуе ён.

Але Беларусь дакладна пацярпела паразу, дадае ён. Калі ўявіць, што Лукашэнка адразу пагадзіўся б на ўмовы Расеі, то шкода была б меншая: "Лукашэнка пайшоў на абвастрэнне, атрымаў удар па эканоміцы, гэта відаць у зніжэнні ВУП паводле вынікаў студзеня, гэта відаць у зніжэнні беларускага рубля".

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках