31 траўня 2020, Нядзеля, 23:10
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Італьянская паліцыя правяла ператрус у расейскага чэмпіёна свету ў біятлоне

9
Італьянская паліцыя правяла ператрус у расейскага чэмпіёна свету ў біятлоне
Фотa: Reuters

Абшукалі і ягоных калег у камандзе.

Італьянская паліцыя правяла ператрусы ў нумарах расейскага біятланіста Аляксандра Логінава і ягонага асабістага трэнера Аляксандра Каспяровіча. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў каментатар Дзмітрый Губерніеў.

Паліцыя таксама даследуе аўтамабіль Логінава. Губерніеў размясціў відэа, на якім прэзідэнт Саюза біятланістаў Расеі Уладзімір Драчоў паказвае ордар на ператрус.

Нагадаем, Аляксандр Логінаў стаў залатым прызёрам чэмпіянату свету ў італьянскім Антхольцы ў спрынце, што выклікала абурэнне шэрагу лідараў мужчынскага біятлону.

Рэч у тым, што некалькі гадоў таму Логінаў трапіўся на допінгу. Пры гэтым спартовец дагэтуль адмаўляецца апавядаць, хто даў яму ЭПО.

Першы віцэ-прэзідэнт СБР Аляксей Нуждаў заявіў РІА «Навіны», што ператрус таксама праводзіцца ў яшчэ аднаго біятланіста Яўгена Гаранічава, а таксама ў асабістага трэнера Логінава – Аляксандра Каспяровіча. У спартоўцаў і трэнера канфіскавалі ноўтбукі.

Прычынай ператрусу Каспяровіча стала ягоная акрэдытацыя – трэнеру не хапіла акрэдытацыі з расейскай квоты, яму дапамагла зборная Украіны. Гэта выклікала падазрэнні ў IBU.

«Каспяровіч, які прыязджае з чужой акрэдытацыяй, можа займацца транспартаваннем і дастаўкай допінгу», – паведамляецца ў пастанове IBU.

– Ператрус звязаны і з акрэдытацыяй, і з допінгам. Магчыма, Каспяровіч хаваецца пад чужой акрэдытацыяй і прывозіць на чэмпіянат свету забароненыя прэпараты, – цытуе Уладзіміра Драчова РІА «Навіны».