20 красавiка 2024, Субота, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускім пасёлку заробак плацяць мёртвымі каровамі

20
У беларускім пасёлку заробак плацяць мёртвымі каровамі

Сітуацыя ў гаспадарцы Жлобінскага раёна шакавала журналістаў.

У пасёлку Стрэшын, што ў Жлобінскім раёне, трупы кароваў з мясцовага агракомплексу хаваюць у хлявах і дварах мясцовых жыхароў. Загад развозіць мёртвую скаціну і аддаваць на корм сабакам атрымалі супрацоўнікі фермы «Стрэшынскі», бо магільнік для жывёлы перапоўнены, паведамляе «Белсат».

Упершыню пра праблемы на комплексе «Стрэшынскі» стала вядома летась у ліпені, калі мясцовы жыхар выклаў у інтэрнэце відэа, як каровы паміралі, захрасаючы ў гноі, а іх трупы збіралі недалёка ад фермы пасярод поля. Цяпер сітуацыя выглядае яшчэ горш, апавёў belsat.eu былы супрацоўнік прадпрыемства Раман. У доказ ён даслаў фота, дзе дохлая карова ляжыць проста пад плотам, а побач ходзяць куры. Быдла гіне ад голаду і адсутнасці нагляду, а расплачваюцца за безгаспадарчасць звычайныя працаўнікі.

Ежы няма, ёсць толькі салома

Раман кажа, што да яго звярнуліся былыя калегі з фермы, якіх вымушаюць развозіць дохлых кароваў па сельскіх жыхарах, знаёмых і сваяках. Такім чынам кіраўніцтва хавае масавы падзеж. Раман называе прычыну мору жывёлы: летась кароваў даілі дзень і ноч, не асемянялі, медыкаментаў не давалі.

Жывых кароваў засталося вельмі мала: іх амаль не кормяць, бо ў калгасе няма мукі, а камбікормавы завод не дае прадукцыі, бо ў «Стрэшынскага» вялікія пазыкі. Пасля мінулай публікацыі за каровамі пачалі даглядаць, але з часам усё вярнулася да ранейшага заняпаду:

«Вось і выходзіць, што каровы толькі салому і ядуць. Сілас ёсць, але вельмі мала. Супрацоўнікаў на ферме не хапае. Калі кіраўніцу калгаса Вольгу Камай адсунулі, там працавалі адказныя людзі. Яны добрасумленна ставіліся да працы. Самі збіралі травы, прасілі кіраўніцтва даць медыкаменты. Але Камай усіх пазвальняла».

Адказных за мор да гэтага часу не пакаралі

Калі летась сітуацыя набыла розгалас, супраць кіраўніцы аграпрадпрыемства «Стрэшынскі» Вольгі Камай распачалі крымінальную справу. Аднак ніякай адказнасці жанчына да гэтага часу не панесла, кажа Раман:

«Яна сышла ў адпачынак. Яе павінны былі звольніць 17 лютага, але яна прыйшла на працу. Будучы ў адпачынку таксама прыходзіла, усё кантралявала. Суда да гэтага часу не было. Кажуць, што хутка будзе, але даты ніхто не паведамляе».

Супрацоўнікі калгаса развозяць мёртвых жывёлаў. Стрэшын. Фота суразмоўцы belsat.eu

Вясковец не раз скардзіўся на сітуацыю ў аграгаспадарцы, аднак ніхто не зацікавіўся:

«Толькі раз праваахоўнікі адрэагавалі. Я паведаміў, што карова ляжыць у каналізацыі ўжо другі месяц проста пад будынкам, дзе засядае Камай, бухгалтэрыяй. Жывёла туды ўпала, не маглі дастаць, то прыкрылі яе бетоннай плітой, каб не глядзець. Прыязджаў МНС, дасталі».

Паводле ягоных словаў, людзі на ферме баяцца скардзіцца на Камай, бо не хочуць страціць працу:

«Калектыў скардзіўся на яе, што зневажае, прымушае рабіць дадатковую працу. Ліст пісалі ў прэзідэнцкую камісію, адказу не было».

Заробак не грашыма, а кілаграмамі здохлага быдла

Каб неяк выжыць, супрацоўнікі спрабавалі прадаць дохлых кароваў, бо, паводле словаў Рамана, працоўным ужо паўгода не выдаюць заробкі цалкам:

«Бухгалтэрыю прымушаюць выпісваць мяса ў кошт заробку, а тых, хто не згаджаўся, пагражалі звольніць. Ды і мяса гэтага ніхто і не бачыў. Даводзілася браць і выкідаць. Было нармальнае мяса, але рэдка. Многія і не ведалі, што гэта мяса дохлых кароваў, бралі і елі як звычайнае. А калі карова здохла на нечыяй змене, то на іх запісвалі страту».

Месцы, дзе хаваюць кароваў. Стрэшын. Фота суразмоўцы belsat.eu

Раман кажа, што яму пагражалі, прапаноўвалі грошы, каб не выкладваў відэа і фатаграфіі, але мужчына адмовіўся.

«Яны хацелі, каб я аспрэчыў усё, што апавёў. Яна кажа, што нічога не ведала, што не падпісвала, але многія бачылі і чулі, як яна аддавала загады».

Ці праўда гэта?

Інфармацыю Рамана пацвердзіў яшчэ адзін былы супрацоўнік «Стрэшынскага», Васіль. На думку мужчыны, нічога не зменіцца, пакуль не зменяць кіраўніцтва і не прыедзе сапраўдная камісія.

У бухгалтэрыі аграпрадпрыемства belsat.eu паведамілі, што пра сітуацыю з каровамі ведаюць, але «не маюць на яе ўплыву».

Кіраўніца фермы «Стрэшынскі» Вольга Камай размаўляць пра падзеж быдла не захацела:

«Я ў адпачынку, ды і нічога пра гэта казаць не буду, выбачайце. Навошта распаўсюджваць чуткі? Бывайце».

Рэдакцыя «Белсата» мае відэадоказы, на якіх ёсць дохлая жывёла, але з этычных прычынаў іх не апублікавалі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках