28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперт: Польшча праводзіць паспяховую экспансію ў нафтавым сектары Цэнтральна-Усходняй Еўропы

Эксперт: Польшча праводзіць паспяховую экспансію ў нафтавым сектары Цэнтральна-Усходняй Еўропы
ФОТА: CHARTER97.ORG

Гэты сцэнар могуць паўтарыць і краіны Балтыі.

Аднаўленне чыгуначных зносінаў паміж літоўскім Мажэйкяй, дзе знаходзіцца нафтаперапрацоўчы завод польскага нафтавага канцэрна Orlen, і латвійскай Рэньге можна ўважаць чарговай гістарычнай падзеяй у найноўшых стасунках Варшавы і Вільні, паведамляе «Польскае Радыё».

Урачыстая цырымонія з гэтай нагоды прайшла ў суботу, 15 лютага. У ёй удзельнічалі, сярод іншага, кіраўнік управы PKN Orlen Даніэль Обайтэк, гендырэктар «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушкі, прадстаўнікі польскага ўраду, міністры транспарту Літвы і Латвіі.

Неабходна сказаць, што ў 2008 годзе «Літоўскія чыгункі» разабралі 19-кіламетровы адрэзак чыгуначнага палатна, які вядзе ў Рэньге. З гэтай прычыны прадукцыя Мажэйкяйскага НПЗ пастаўлялася ў абыход па 150-кіламетровай трасе, што ставіла пад пытанне мэтазгоднасць гэтай стратэгічнай інвестыцыі канцэрна Orlen, найбуйнейшай польскай нафтавай кампаніі і аднаго з самых сур'ёзных гульцоў на рынку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Уся гэтая сітуацыя была звязаная з напружанымі польска-літоўскімі стасункамі, а аднаўленне чыгуначных зносінаў стала магчымым дзякуючы іх нармалізацыі.

Да размовы на гэтую тэму «Польскае Радыё» запрасіла Войцэха Якубіка, галоўнага рэдактара партала BiznesAlert.pl.

– Як бы Вы пракаментавалі аднаўленне чыгуначных зносінаў паміж Мажэйкяй і Рэньге? Ці можна казаць пра канец праблемаў вакол нафтаперапрацоўчага завода Orlen у Літве?

– Мы маем справу з новай старонкай у стасунках канцэрна Orlen і Літоўскіх чыгунак, што стала магчымым дзякуючы новаму этапу ў палітычных стасунках Польшчы і Літвы. Пасля змены ўрада ў Літве наступіў выхад з тупіка, які доўжыўся добрых некалькі гадоў. Гэта не дазваляла аднавіць чыгуначнае палатно на адрэзку, які, фактычна, развязаў пытанне рэнтабельнасці нафтаперапрацоўчага завода ў Мажэйкяй.

Гаворка ідзе пра адрэзак чыгункі да латвійскага Рэньге, што з'яўляецца важным кірункам паставак Мажэйкяйскага нафтаперапрацоўчага завода. Пастаўкі не маглі ісці карацейшым шляхам, што прывяло да росту выдаткаў і зніжэння рэнтабельнасці працы Мажэйкяйскага НПЗ. Дзякуючы новаму польска-літоўскаму пагадненню адбыўся выхад з гэтага тупіка. Цяпер пастаўкі могуць ісці ў Латвію па самым кароткім маршруце і гэта чарговы элемент павышэння рэнтабельнасці Мажэйкяйскага НПЗ. Без павышэння рэнтабельнасці прадпрыемства магло быць выстаўленае на продаж. Цяпер жа можна задумацца пра чарговыя інвестыцыі, якія канцэрн Orlen ужо анансуе, каб не адмаўляцца ад гэтага элемента польскай экспансіі ў нафтавым сектары Цэнтральна-Усходняй Еўропы, а прадаўжаць інвеставаць у Мажэйкяйскі нафтаперапрацоўчы завод, каб той прыносіў прыбытак.

– Прадпрыемства ў Майжейкяй з'яўляецца адзіным нафтаперапрацоўчым заводам у краінах Балтыі. У якой ступені Orlen у стане весці экспансію ў такіх краінах, як Літва, Латвія, Эстонія і канкураваць там з Расеяй, галоўным гульцом у гэтым рэгіёне?

– Польскі нафтавы канцэрн Orlen можа прапанаваць краінам Балтыі дыверсіфікацыю, як гэта адбываецца ў Польшчы і Чэхіі, дзе ўсё больш нафты на прадпрыемствы канцэрна паступае не з Расеі, а, скажам, з Саудаўскай Аравіі або ЗША. Частка гэтай нафты таксама ідзе на Мажэйкяйскі НПЗ. Таму ў балтыйскіх краінах могуць з'явіцца кліенты, зацікаўленыя нафтай, якая пастаўляецца не з Расеі. Магчыма, у будучыні такія кліенты знойдуцца і ў Беларусі.

Такім чынам, нафтаперапрацоўчы завод у Мажэйкяй можа выявіцца элементам развіцця паставак з альтэрнатыўных кірункаў, што аслабіць пазіцыі традыцыйна дамінантнага пастаўшчыка, то-бок расейскай «Раснафты». Гэта нават відаць з каментароў расейскіх кампаній, якія вельмі занепакоеныя пастаўкамі ў Польшчу саудаўскай нафты. І дзякуючы павышэнню рэнтабельнасці мажэйкяйскага прадпрыемства можна сабе ўявіць, што тая ж саудаўская або амерыканская нафта цяпер зможа паступаць у краіны Балтыі, у Беларусь, і хто ведае куды яшчэ.

– Варта таксама падкрэсліць, што саудаўская нафта, у параўнанні з расейскай, больш высокай якасці, бо ў апошняй высокае ўтрыманне серы. Ці не так?

– Расейская нафта – гэта іншая камбінацыя складу, чым саудаўская або амерыканская. Размова не ідзе пра якасць, а толькі пра хімічны склад. У расейскай нафты сапраўды высокае ўтрыманне серы, яна цяжэйшая, але менавіта для перапрацоўкі такой нафты прыстасаваныя нафтаперапрацоўчыя заводы ва Усходняй Еўропе, прымаючы ва ўлік постсавецкую спадчыну. І для выкарыстання саудаўскай або амерыканскай нафты, больш лёгкай і з меншым утрыманнем серы, неабходныя мільярдныя інвестыцыі ў мадэрнізацыю гэтых прадпрыемстваў.

Верагодна, такі лёс чакае Мажэйкяйскі НПЗ, а калі прапанова, якая зыходзіць не з Расеі, будзе прывабнай у іншых месцах, скажам у Беларусі, то інвестыцыі магчымыя і там, каб набываць менш расейскай нафты. Гаворка не ідзе пра поўную адмову ад паставак з Расеі, а толькі пра абмежаванне стратэгічнага значэння расейскага напрамку. Гэта неабходна, каб пастаўкі нафты не былі інструментам палітычнага ціску на гэтыя краіны, як гэта мела месца з прыродным газам у газавым сектары. Дзякуючы палякам і іх прысутнасці ў Літве такі сцэнар можа таксама ажыццявіцца ў краінах Балтыі, а магчыма, некалі і ў Беларусі.

– А якія шанцы, што гэта атрымацца ў выпадку Беларусі? Зразумелая справа, гэта ўсё залежыць ад палітычнай волі і палітычнай канфігурацыі рэжыму Лукашэнкі. Цяпер гучаць заявы, што Менск можа пайсці на рэверсныя пастаўкі нафты. Якія шанцы, што да супрацоўніцтва атрымаецца залучыць Беларусь?

– Тэарэтычна, у выпадку нафтаправода «Дружба», ёсць тэхнічная магчымасць выкарыстання рэверсу на польска-беларускай мяжы, каб нафта з Польшчы магла паступаць у Беларусь і тым самым зменшыць яе залежнасць ад Расеі. Адначасова з гэтым Беларусь не раз давала зразумець, што яна магла б абмежаваць пастаўкі з Расеі і скарыстацца іншымі напрамкамі, у тым ліку польскім, але ўсё сканчалася тым, што было некалькі пробных паставак, а потым Беларусь дамаўлялася з Расеяй пра новыя, больш выгадныя ўмовы. Такі сцэнар можа паўтарыцца і ў гэты раз. Аднак у нейкі момант рэжым Лукашэнкі апынецца прыціснуты да сцяны, калі расейская нафта будзе прапанаваная на рынкавым узроўні, і Беларусь не атрымае ніякага бонусу за тое, што з'яўляецца верным хаўруснікам Расеі. Тады Менск пачне шукаць нафту на іншых кірунках. Цяпер мы назіраем прэлюдыю да прадстаўлення беларускіх кантрактаў на пастаўку нафты з Захаду. Вядома, пры ўмове, што гэта стане магчымым, беручы пад увагу палітычныя прычыны. Бо ў Расеі застаецца цэлы інструментар ціску на рэжым у Менску. Калі Беларусь здолее весці незалежную нафтавую палітыку, якая імкнецца да імпарту нафты ў абыход Расеі, то Польшча можа быць пасярэдніцай. Але пакуль што польскія канцэрны хутчэй падыходзяць да гэтага пытання з асцярожнасцю. Бо ў мінулым Лукашэнка неаднаразова пагражаў Расеі, што будзе набываць нафту ў некага іншага, а потым сядаў за стол перамоваў, і калі атрымліваў прывабную зніжку, то прадаўжаў імпартаваць расейскую нафту.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках