18 красавiка 2024, Чацвер, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нерыюс Мачуліс: Каронавірус можа паўплываць на эканоміку Літвы

Нерыюс Мачуліс: Каронавірус можа паўплываць на эканоміку Літвы

На сёння інвестары выказваюць аптымізм.

Пра тое, як эпідэмія каронавірусу ў Кітаі можа паўплываць на эканоміку Літвы, карэспандэнт сharter97.org пагутарыў са старшым эканамістам банка Swedbank у Літве Нерыюсам Мачулісам.

– Эканоміка Літвы можа пацярпець ад эпідэміі каронавірусу, якая ахапіла Кітай?

На першы погляд, Літва, здавалася б, далёкая ад крызісу і мае мала агульнага з кітайскай эканомікай. Летась экспарт тавараў з Літвы ў Кітай склаў толькі 0,9 адсотка ад агульнага аб'ёму, а турысты з Кітая – гэта ўсяго толькі 1 адсотак ад колькасці ўсіх турыстаў.

Крыху большая ўразлівасць літоўскай эканомікі звязаная з імпартам з Кітая, але і тут гэта ўсяго 2,9 адсотка ўсяго імпарту. Складваецца нават уражанне, што няздольнасць некаторы час набываць таннейшыя спажывецкія тавары кітайскай вытворчасці становіцца шанцам для мясцовых вытворцаў, а не праблемай.

– Гэта значыць, падставаў турбавацца няма? Ці ўсё ж такі ёсць?

Усё ж такі ёсць. Праблема заключаецца ў тым, што многія літоўскія кампаніі імпартуюць прамежкавыя тавары і кампаненты менавіта з Кітая. Парушэнне ланцужка іх паставак азначае, што вытворчасць некаторых тавараў у Літве таксама можа спыніцца. Што яшчэ больш важна, многія з нашых асноўных партнёраў у ЕЗ моцна залежаць ад паставак дэталяў з Кітая. Калі гэты ланцужок паставак перапыніцца, і, напрыклад, нямецкім вытворцам давядзецца спыніць вытворчасць без атрымання запчастак, нашы айчынныя кампаніі таксама гэта адчуюць – скароціцца патрэба ў кампанентах, якія вырабляюцца ў Літве.

Магчыма, эпідэмія вірусу неўзабаве спыніцца, ланцуг паставак будзе адноўлены, а эканамічныя паказнікі ў многіх краінах будуць дрэннымі толькі ў першым квартале гэтага года. Магчыма, гэта нават і добра, што шмат хто з жыхароў застаецца спакойным і расслабленым, паколькі глабальная паніка яшчэ больш пагоршыць негатыўны шок для сусветнай эканомікі.

– Гэта значыць, што ўсё добра, а бізнэс па-ранейшаму можа будаваць планы на будучыню?

– Мне асабіста энтузіязм інвестараў не здаецца своечасовым – верагоднасць доўгіх узрушэнняў і яшчэ большых чалавечых і эканамічных стратаў застаецца высокай.

У любым выпадку, як для кампаній, так і для інвестараў, варта задумацца пра тое, наколькі ўразлівыя вытворчыя і лагістычныя ланцужкі многіх тавараў і якія непрадказальныя, але важныя наступствы могуць быць.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках