31 траўня 2020, Нядзеля, 22:05
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Марцінас Нагявічус: Літва інтэнсіўна развівае выкарыстанне «зялёнай» энэргіі

3
Марцінас Нагявічус: Літва інтэнсіўна развівае выкарыстанне «зялёнай» энэргіі

Літва вырабляе больш за 24% энэргіі з аднаўляльных крыніц.

Паводле звестак Еўрастата, з аднаўляльных крыніц энэргіі ў Літве вырабляецца 24,4 адсотка энэргіі, у той час як сярэдні паказчык па ЕЗ - 18 адсоткаў. Пра тое, як Літве ўдалося здзейсніць прарыў у выкарыстанні «зялёнай» энэргіі карэспандэнт Charter97.org пагаварыў з Марцінасам Нагявічусам, прэзідэнтам Літоўскай канфедэрацыі аднаўляльнай крыніцы энэргіі.

- Якім чынам Літве ўдалося здзейсніць скачок ў выкарыстанні энэргіі з аднаўляльных крыніц і перавысіць сярэдні паказчык па Еўрапейскаму звязу?

- Перш за ўсё за кошт выкарыстання біяпаліва для паставак цяпла ў сетках цэнтральнага ацяплення.

- Развіццё вытворчасці і выкарыстання «зялёнай» энэргіі ў Літве - гэта заслуга дзяржавы або і прыватнага бізнэсу?

- Трэба прызнаць, што ўраду ў гэтым выпадку часткова належыць заслуга стварэння адпаведных, спрыяльных умоў у выніку якіх стала выгадна развіваць вытворчасць энэргіі з аднаўляльных крыніц. Часткова на гэты працэс паўплывалі акалічнасці. Расейскі канцэрн «Газпром», які доўгі час быў адзіным пастаўшчыком прыроднага газу для Літвы і пастаўляў яго высокім коштам, аказаўся магутным фактарам развіцця вытворчасці і спажывання біяпаліва.

- Якія на вашую думку асноўныя выклікі далейшага развіцця «зялёнай» энэргетыкі ў Літве?

- 2050 год стратэгія ўрада прадугледжвае што 100 адсоткаў энэргіі для вытворчасці цяпла і электрычнасці будзе рабіцца з аднаўляльных крыніц энэргіі. У транспартным сектары гэты паказчык павінен будзе вырасці да 50 працэнтаў.

Што ж тычыцца выклікаў, з якімі нам трэба будзе сутыкнуцца, гэта тое, што перш за ўсё часам палітыкам не стае палітычнай волі для таго, каб усталяваць падаткі на выкарыстанне традыцыйнай «бруднай энэргетыкі», якая забруджвае навакольнае асяроддзе. Менавіта таму выкарыстанне ў якасці паліва гаручых выкапняў працягвае заставацца эканамічна выгадным. У выніку дзяржаве прыходзіцца траціцца на субсідыі для развіцця зялёнай энэргетыкі. Высокія падаткі за забруджванне навакольнага асяроддзя хутка ператварылі б традыцыйную энэргетыку ў нявыгадную і справакавалі б «выбух» вытворчасці энэргіі з аднаўляльных крыніц энэргіі. На жаль, усё гэта азначала б рост коштаў і незадаволенасць з боку насельніцтва - менавіта таму палітыкам як я сказаў напачатку і не стае палітычнай волі.