24 красавiка 2024, Серада, 22:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каірскі транзіт

10
Каірскі транзіт

Што Лукашэнка рабіў у Егіпце?

З «выспы стабільнасці» ў аазіс. Лукашэнка наведаў Егіпет з афіцыйным візітам. У адрозненне ад перамоў у Сочы гэтым разам кіраўнік не скупіўся на цёплыя словы свайму суразмоўцу, паведамляе «Белсат». Што чакае Менск ад супрацоўніцтва з Каірам, і ці стане Егіпет хабам на рынак усёй Паўночнай Афрыкі?

З менскіх +5°C кіраўнік краіны ў сярэдзіне тыдня накіраваўся ў Егіпет. Градусы ў паветры выраслі да +17°C, хапала цеплыні і з боку Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка:

«Дай Бог асвоіць стамільённы рынак Егіпту. З Каіру разам працуем практычна на ўсю Паўночную Афрыку, разглядаем варыянт сумеснага прасоўвання тавараў на афрыканскім кантыненце» - заявіў беларускі дыктатар.

Лукашэнку і прэзідэнта Егіпту Абдэль Фатаха ас-Сісі аб’ядноўвае шмат. У прыватнасці тое, што абодва могуць дазволіць сабе доўгатэрміновае планаванне. Кіраўнік Беларусі не мае абмежавання прэзідэнцкіх тэрмінаў, а прэзідэнт Егіпту летась, дзякуючы зменам у Канстытуцыі, атрымаў магчымасць кіраваць да 2030 г. І тым не менш, нягледзячы на палітычнае падабенства, на парадку дня былі перадусім эканамічныя пытанні.

У Афрыку Беларусь ідзе са сваім традыцыйным пакетам: МАЗы, трактары, сельскагаспадарчая прадукцыя. Але па-за гучнымі дэкларацыямі варта адзначыць, што ў Менску пакуль нават няма амбасады Егіпту, а доля краіны ў агульным таваразвароце афіцыйнага Менску не перавышае паўадсотка.

Эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін адзначае:

«Даслоўна некалькі дзён таму Егіпет пераступіў праз рысу 100 млн насельніцтва, а гэта… узнікае вялікая праблема з працоўнымі месцамі ў далейшым. Егіпту будуць вельмі патрэбныя інвестыцыі, і пытанне, наколькі Беларусь можа прапанаваць такія інвестыцыі. Зноўку вяртаемся да таго, што пакуль дэкларацыя пра намеры і ўзаемная падтрымка на маральным узроўні».

У Егіпце ўжо працуюць два сумесныя прадпрыемствы для вытворчасці МАЗаў і трактароў МТЗ, у перспектыве выпуск прадукцыі «Бабруйскаграмашу», «Амкадору», рухавікоў Менскага маторнага заводу. Экспарт працоўнай сілы на сумесныя праекты – яшчэ адзін плюс для беларускага боку, кажуць адмыслоўцы.

У кароткатэрміновай перспектыве ад візіту ў Егіпет не варта чакаць вялікіх бонусаў. Магчыма, сітуацыя зменіцца ў будучыні, калі ўлады Беларусі не зменяць фокусу ўвагі, як ужо неаднаразова было з краінамі «далёкай дугі».

Ілля Куса, палітолаг і арабіст з Кіева:

«Вядома, краіна, якая мае моцныя сувязі з мясцовымі элітамі, можа разлічваць на тое, каб заняць долю ў будучай гандлёва-эканамічнай архітэктуры, якую цяпер выбудоўваюць улады Егіпту. У прыватнасці праз уваход у спецыяльныя праекты ў межах эканамічнай зоны Суэцкага каналу. Уласна, гэтая тэма і ўзнімалася ў часе візіту прэзідэнта Беларусі ў Егіпет».

Ці так супадае, ці Лукашэнка плануе свой графік такім чынам, каб пасля цяжкіх перамоў з расейцамі ладзіць афіцыйныя візіты ў краіны, дзе можна атрымаць эмацыйную падзарадку. Так было летась падчас візіту ў Сербію, і з Егіптам выйшла вельмі падобна. Шмат дэкларацый, рукапацісканняў, абмен падарункамі і мінімум канкрэтыкі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках