19 красавiка 2024, Пятніца, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны журналіст з Глыбокага дамогся спынення справы супраць яго

3
Незалежны журналіст з Глыбокага дамогся спынення справы супраць яго
ЗМІЦЕР ЛУПАЧ
ФОТА: SVABODA.ORG

Справу спынілі ў сувязі з недаказанасцю.

19 лютага адбылося другое пасяджэнне суда паводле адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Яго абвінавачвалі ў парушэнні Закона аб СМІ за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат», піша baj.by.

У выніку суддзя Глыбоцкага раённага суда Станіслаў Трапук вынес пастанову пра спыненне справы ў сувязі з недаказанасцю.

Першае слуханне справы, распачатай у дачыненні да журналіста паводле часткі 2 артыкула 22. 9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ), адбылося 27 студзеня. Але тады суддзя скіраваў яго ў міліцыю на дапрацоўку, бо немагчыма было вызначыць дакладную дату правапарушэння.

Пасля маёр міліцыі Сяргей Цырбан выклікаў Змітра Лупача для правядзення чарговага апытання і выправіў дату ва ўжо старым пратаколе. Таксама міліцыянт з'ездзіў у гарадскі пасёлак Падсвілле і апытаў яшчэ двух сведак. Але і гэта не дапамагло вызначыць дакладную дату меркаванага адміністрацыйнага правапарушэння і даказаць вінаватасць журналіста.

Як кажа Зміцер Лупач, у яго была надзея, што ўсё ж апраўдаюць: "50 на 50". Бо ў судзе было заяўлена шмат хадайніцтваў і пададзеныя доказы, што ў той дзень ён не здымаў жыхароў дома па вуліцы Савецкай у Падсвіллі, як даводзілі міліцыянты. Таксама журналіст дадае, што і справу разглядаў суддзя, якога мяркуць у горадзе больш-менш справядлівым. "Наколькі можна быць справядлівым ва ўмовах нашай краіны", – заўважае Зміцер Лупач.

Паводле словаў праваабаронцы Паўла Левінава, яму спадабалася, як праводзіў працэс суддзя:

– Ён сапраўды спрабаваў разабрацца ва ўсіх абставінах справы журналіста. Але, урэшце, ён Змітра ўсё ж такі не апраўдаў, а пастанавіў спыніць справу ў сувязі з недаказанасцю віны. Суддзя растлумачыў, што правапарушэнне Змітром было здзейсненае, але міліцыянты, якія вялі адміністрацыйны працэс, не змаглі даць дастатковых доказаў. Я мяркую, што можна паспрабаваць абскардзіць гэтую пастанову і прасіць суд другой інстанцыі змяніць фармулёўку на адсутнасць у дзеяннях Змітра Лупача складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Нагадаем, сёлета ў Змітра Лупача гэта было трэцяе судовае паседжанне: два – паводле гэтай справы 27 студзеня і 19 лютага ў Глыбокім, а перад тым, 10 студзеня, суддзя Пастаўскага раённага суда Наталля Максімовіч пакарала журналіста штрафам за супрацоўніцтва з тэлеканалам "Белсат".

Пераслед журналіста з боку ўладаў за прафесійную дзейнасць не спыняецца.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках