19 красавiка 2024, Пятніца, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як выглядае беларускае войска знутры

60
Як выглядае беларускае войска знутры

Прызнанні беларуса, які цяпер праходзіць тэрміновую службу ў Лепельскім раёне.

Што адбываецца ў войску за высокім парканам? Пра гэта адкрыта распавядае Аляксей Лазараў, які цяпер праходзіць тэрміновую службу ў Лепельскім раёне, паведамляе «Белсат».

Побыт у войску – не мёд

Са слоў Аляксея, пра камфорт жаўнераў ніхто не клапоціцца. З кранаў у частцы цячэ вада ўсіх адценняў жоўтага, а на асабістую гігіену часам застаецца зусім мала часу.

- У цябе ёсць 30 секунд, каб памыць ногі, падпахі, пачысціць зубы і памыць шкарпэткі, - наракае Аляксей.

Часам на водныя працэдуры жаўнерам даюць 5 хвілін - пры гэтым на 10 чалавек усяго адна ракавіна.

- Нішто так не ўмацоўвае баявы дух, як адсутнасць дзвярэй у туалетах. Менавіта там пачынаюцца самыя душэўныя размовы. Адразу ўзгадваецца «На Заходнім фронце без перамен», - распавядае Аляксей Лазараў у сваім блогу.

Ежа часта не самая смачная

Аляксей даволі часта каментуе ежу, якую даюць жаўнерам у войску. Ён наракае, што жаўнеры не ядуць цвёрдай ежы, іранізуе з нагоды мясцовых салатаў, і дзеліцца рэцэптам самай смачнай ежы за тэрмін ягонай службы. Фаварытам хлопца стала...тушонка з «Ролтанам»!

- Цікава, ці ёсць назва ў салаты з халоднага пюрэ і цыбулі? - задаецца пытаннем Аляксей.

Святы могуць быць прыемнымі і вясёлымі

Хоць у войску ў жаўнераў надта мала ўласнага часу, часам здараюцца і казусы. Аляксей у Тwitter радуецца «цёпламу» святкаванню Новага года і Калядаў. Напрыклад, на Новы год жаўнерам нагатавалі шмат смачнай ежы, а на наступны дзень далі паспаць удзень.

Трэба насіць нязручную бялізну

Аляксей правёў падрабязны аналіз: што лепш - бялуга (звычайная вайсковая бялізна) або тэрмабялізна. У многіх жаўнераў, у тым ліку і ў Аляксея, ад парашка, якім сціраюць «бялугу», пачынаецца алергія. Хуткі параўнальны аналіз паказаў - 6:0 на карысць тэрмабялізны.

- Так прыемна ўпершыню за тыдзень адчуць сябе чыстым! - цешыцца простым рэчам Аляксей.

Крытыкуеш - прапануй

У Twitter Аляксей не толькі фіксуе, што адбываецца ў ягонай частцы, але і дасылае свае прапановы. Ён адзначае, што можна дазволіць карыстацца смартфонамі, зрабіць больш частымі звальненні.

- Дарэчы, чаму б нашым мабільным аператарам не зрабіць які-небудзь тарыф «жаўнерскі»? Без інтэрнэту, але для званкоў і SMS? Пры заробку 30 рублёў нам адносна нятанна каштуе мабільная сувязь. Добры быў бы піяр-ход, - прапаноўвае Аляксей.

Хто такі Аляксей Лазараў?

Аляксей Лазараў скончыў факультэт радыёфізікі і кампутарных тэхналогій БДУ, працаваў праграмістам у адной з кампаній-рэзідэнтаў ПВТ. Праз «закон аб адтэрміноўцы» пасля заканчэння вучобы ён адправіўся ў войска на паўгода. Аляксей служыць у вайсковай частцы ў вёсцы Заслонаве Лепельскага раёна. У войску забаронена карыстацца смартфонамі, таму свой блог у Twitter ён вядзе праз SMS. А публікуе паведамленні адзін з ягоных сяброў.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках