29 сакавiка 2020, Нядзеля, 21:31
Народны карантын
Рубрыкі

Каранавірус у Італіі: каранцін у гарадах, паказ Армані без гледачоў, карнавал касуецца

6
Каранавірус у Італіі: каранцін у гарадах, паказ Армані без гледачоў, карнавал касуецца

Італія ўвяла надзвычайныя захады.

Захады ўведзеныя для прадухілення распаўсюджвання каранавірусу ў сувязі з самай сур'ёзнай успышкай у Еўропе: у гэтай краіне захварэла ўжо больш за 100 чалавек, паведамляе ВВС.

Колькасць заражаных новым каранавірусам Саovid-19 у паўночным рэгіёне Ламбардыя вырасла да 89, пра што ў нядзелю паведаміў губернатар правінцыі Атыліё Фантана. Такім чынам, усяго ў Італіі пакуль пацверджаныя больш за сотню выпадкаў.

Прэм'ер-міністр Джузэпэ Контэ абвясціў аб новых захадах у суботу пасля таго, як стала вядома, што двое італійскіх грамадзян памерлі ад гэтага захворвання: 78-гадовы мужчына з пацверджаным дыягназам «каранавірус» - ён памёр у правінцыі Венета, а таксама 77-гадовая жанчына, якая памерла ў Ламбардыі (пра тое, што ў яе быў вірус, стала вядома толькі пасля ўскрыцця).

ФОТА: ЕРА

Паліцыя дзяжурыць у лякарні Ск'явоні пад Падуяй, дзе праводзяцца аналізы на каранавірус

Некалькі дзясяткаў гарадоў у гэтых дзвюх паўночных правінцыях цяпер пасаджаныя на каранцін. Блізу 50 тысяч мясцовых жыхароў атрымалі прадпісанне ад уладаў сядзець па дамах.

Як растлумачыў прэм'ер-міністр, без спецыяльнага дазволу з гэтага часу забаронена ўваходзіць або пакідаць зоны, дзе быў зафіксаваны новы вірус. У гэтых раёнах скасаваныя заняткі ў школах, як і ўсе спартовыя мерапрыемствы, уключна з матчам чэмпіянату Італіі ў футболе (Серыі А), які павінен быў адбыцца ў гэтую нядзелю.

ФОТА: ЕРА

Сачыць за выкананнем каранцінных захадаў даручана паліцыі і, у выпадку неабходнасці, войску.

ФОТА: ЕРА

Італійскія ўлады асцерагаюцца, што вірус ужо вырваўся за межы ізаляваных ачагоў у Ламбардыі і Венета, што абцяжарвае барацьбу з яго распаўсюджваннем.

«Ступень заражэння гэтым вірусам надта высокая, ён вельмі магутны», - адзначыў кіраўнік аддзела аховы здароўя Ламбардыі Джуліё Галера.

Пакуль незразумела, як у Італіі ўзнікла гэтая ўспышка - без бачнай непасрэднай сувязі з людзьмі, якія кантактавалі з прыезджымі з азіяцкіх краін, дзе ўжо зафіксаваныя сур'ёзныя ачагі.

ФОТА: REUTERS

Каранавірус на Тыдні моды ў Мілане

Успышка каранавіруса адбілася на Міланскім тыдні моды: паказ калекцыі Джорджыё Армані, які стаіць у графіку на 16:00 паводле мясцовага часу ў нядзелю, пройдзе ў пустой зале, бо запрошаных прасілі не прыходзіць.

Мадэлі ў строях пройдуць па подыўму, а ўсё дзейства будзе даступнае ў стрымінгавым рэжыме на сайтах брэнда Armani, у «Фэйсбуку» і «Інстаграме».

«Гэтая пастанова была прынятая з улікам бяспекі саміх гасцей [Армані], каб ім не давялося знаходзіцца ў залішне людных месцах», - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Як стала вядома ў нядзелю, італійскія ўлады наважылі скасаваць два апошнія дні правядзення Венецыянскага карнавалу ў панядзелак і аўторак.

ФОТА: GETTY IMAGES

«Чырвоны ўзровень пагрозы» каранавірусу ў Паўднёвай Карэі

Самы высокі ўзровень пагрозы быў абвешчаны ў Паўднёвай Карэі ў сувязі з імклівым ростам хворых - больш за 600 чалавек. Гэта на 100 больш у параўнанні з папярэднім днём. Пяць чалавек памерлі.

Прэзідэнт краіны Мун Чжэ Ін заявіў у нядзелю, што краіна падышла да крытычна важнага пункта і найбліжэйшыя дні стануць вызначальнымі ў барацьбе супраць віруса.

Паўднёвая Карэя стала самым буйным агменем распаўсюджвання новага віруса пасля Кітая і круізнага лайнера «Дайманд прынцэс», дзе захварэлі больш за 600 чалавек.

ФОТА: AFP

Паводле інфармацыі на нядзелю, у чацвёртым па велічыні паўднёвакарэйскім горадзе Тэгу адзначаныя 90 новых выпадкаў захворванняў, а ўсяго хворых у Тэгу 247 чалавек.

Больш за палову інфікаваных звязаныя з таямніцай рэлігійнай сектай «Храм скініі пасведчання Шынь-чанджы», якая мае штаб-кватэру ў Тэгу, або з лякарняй, куды паступілі інфікаваныя.

Сітуацыя ў КНР

Успышка новага каранавірусу пачалася ў кітайскай правінцыі Хубэй у канцы мінулага года, і цяпер вірус распаўсюдзіўся на 26 краін, за межамі Кітая агулам зарэгістраваныя 1400 выпадкаў захворвання і 11 смяротных выпадкаў.

Кітайскія ўлады паведамілі ў суботу аб зніжэнні колькасці смерцяў і запаволенні распаўсюджвання віруса. У КНР устаноўленыя ўжо 76936 выпадкаў захворвання, з іх 2442 смерцяў.

Аднак у іншых краінах колькасць выпадкаў захворвання каранавірусам прадаўжае павялічвацца без бачных сувязяў з кітайскімі носьбітамі, што выклікае трывогу ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Як адзначыў кіраўнік СААЗ Тэдрас Гебрэйесус, цяпер самую вялікую трывогу выклікаюць краіны са слаба развітой сістэмай аховы здароўя, асабліва ў Афрыцы.

Што адбываецца ў іншых краінах:

У суботу з борта круізнага лайнера «Дайманд прынцэс» у Расею вярнуліся восем расейцаў, з іх трое заражаных. Усе эвакуяваныя, а таксама тыя, хто займаўся эвакуацыяй, цягам 14 дзён будуць знаходзіцца на каранціне ў Казані ў спецыялізаванай установе.

32 брытанцы і грамадзяне іншых еўрапейскіх краін, якія прыбылі з борта круізнага лайнера «Дайманд прынцэс», знаходзяцца на каранціне на поўначы захадзе Англіі.

Ізраіль адмовіўся дазволіць сысці з самалёта 200 неізраільцянам, якія прыбылі з Паўднёвай Карэі, адправіўшы іх назад у Сеул; 12 ізраільцян з гэтага борта адбываюць каранцін.

Іран абвясціў у нядзелю аб закрыцці школ, універсітэтаў і культурных цэнтраў у 14 правінцыях пасля таго, як, паводле ўдакладненых звестак, там зарэгістраваная восьмая смерць ад каранавірусу, а агульная колькасць хворых дасягнула 43-х чалавек.