19 красавiка 2024, Пятніца, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байкот беларусамі тэхагляду выклікаў абсурдныя захады ДАІ

67
Байкот беларусамі тэхагляду выклікаў абсурдныя захады ДАІ

Як аўтаўладальнікаў прымушаюць праходзіць тэхагляд.

Не першы год чыноўнікі канстатуюць, што ігнараванне працэдуры тэхагляду набыло масавы характар. І пакуль беларускія аўтаўладальнікі з заміраннем сэрца чакаюць, што выплату дарожнага збору адвяжуць ад тэхагляду, улада не дрэмле і "прыдумляе", як прымусіць плаціць.

У рэдакцыю Аўтабізнэсу звярнуўся жыхар Зэльвы, які не так даўно сустрэў на дарозе супрацоўніка ДАІ. Сустрэча была кароткачасовай, але мела прадаўжэнне ў вельмі неспрыяльным ключы.

"Гэта што, пажыццёвая забарона?"

"У мяне ва ўласнасці матацыкл. Да ягонага тэхнічнага стану стаўлюся з належнай увагай – рукі ў мяне растуць з правільнага месца, але эксплуатую яго даволі рэдка. Тэхагляд на матацыкле апошні раз праходзіў некалькі гадоў таму. Часы сёння цяжкія, грошай на выплату дарожнага падатку ў мяне няма. Пенсія маленькая, і так на жыццё ў абрэз.

Неяк паехаў на патрэбу, туды-сюды адлегласць два кіламетры. На дарозе мяне спыніў інспектар ДАІ. Праверыў дакументы – тэхагляд не пройдзены, а значыць, допуск да ўдзелу ў дарожным руху, паводле словаў інспектара, забаронены. З парушэннем пагадзіўся, глупствам было б сцвярджаць адваротнае. Штраф заплаціў і забыўся. Але сустрэча з інспектарам праз нейкі час нагадала пра сябе. Прыйшоў ліст з нейкім афіцыйным дакументам ад ДАІ.

Як вынікае з дакумента, мне выдалі забарону на выкарыстанне матацыкла з моманту атрымання гэтага ліста з ДАІ з прычыны адсутнасці тэхагляду. Толькі я збянтэжаны: гэта што, пажыццёвая забарона? Дата, да якой накладзеная забарона, не паказаная, умовы зняцця забароны не акрэсленыя. Як мне быць і ці законныя такія патрабаванні – абавязваць людзей рабіць тое ці тое? Пакуль гэты дакумент пыліцца на паліцы, але хутка вясенне-летні сезон, зноў вялікая спакуса сесці на матацыкл. Што будзе, калі я праігнаруе такое патрабаванне?" – пытаецца кіроўца з імем Іван.

Між тым у дзяржаўным бюджэце за 2019 год мыта за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху – гэта больш за палову прыбыткаў Рэспубліканскага дарожнага фонду.

У СМІ апошнім часам неаднаразова паведамлялася, што колькасць кіроцаў, якія кіравалі транспартнымі сродкамі без допуску да ўдзелу ў дарожным руху, няўхільна расце. Некаторыя чыноўнікі пазначылі з'яву як стабільную і пагрозлівага характару.

У асноўным логіка кіроўцаў, якія ігнаруюць выплату падатку і праходжанне ТА, зводзіцца да таго, што персанальная сустрэча з інспектарам ДАІ на дарогах з'ява нячастая, можна спакойна катацца да першага штрафу – заплаціць 1-3 б.в. у любым выпадку танней, чым дарожны збор з тэхаглядам. А далей у кожнага свае меркаванні наконт нявыплаты: фінансавыя цяжкасці, прынцыповая пазіцыя і да т.п. Але паўторны штраф 2-5 б.в. эканомію на падатках істотна скарачае.

У апісанай намі сітуацыі супрацоўнік ДАІ пасля змушэння кіроўцы да адказнасці выпісаў яшчэ і прадпісанне, якое накіраваў праз пошту парушальніку. Чым рэгламентуецца выдача такога дакумента і да чаго ён абавязвае? Ці не спосаб гэта прымусіць аўтаўладальнікаў плаціць? Адказ – хутчэй так, чым не. І вось чаму.

У адпаведнасці з Законам РБ аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі міліцыі надзеленыя правам часова абмяжоўваць, а таксама забараняць рух па дарогах транспартных сродкаў, калі іх канструкцыя або тэхнічны стан не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў (арт.25 Закона). Паводле ПДР (п.10.3) кіроўцу таксама забараняецца ўдзельнічаць у дарожным руху на транспартным сродку, што не пройдзены тэхагляд і працэдура выдачы дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху.

Страты несувымерныя?

А цяпер уявім матэрыяльныя страты, калі кіроўца ўжо пры наяўнасці такога афіцыйнага і нявыкананага патрабавання зноў сустракае на сваім шляху інспектара ДАІ. Гэта штраф і паводле ч.9 арт.18.12 КаАП (без допуску паўторна цягам года) – ад 2 да 5 базавых велічыняў, і паводле арт.23.1 КаАП (невыкананне прадпісання) – да 20 базавых.

Паводле максімуму можна "ўляцець" на 25 базавых велічыняў, а гэта без малога 675 беларускіх рублёў на сёння. У такім выпадку танней і дарожны падатак заплаціць, і тэхагляд прайсці. А значыць, выдача такіх прадпісанняў – гэта самы што ні ёсць спосаб прымусіць плаціць. Прычым спосаб, які рэалізуецца. Не масава пакуль, але гэта, магчыма, да часу.

Раней такая методыка практыкавалася рэдка, але, мабыць, жаданне чыноўнікаў прымусіць грамадзянаў выконваць вызначаныя працэдуры для допуску да ўдзелу ў дарожным руху заахвоціла звярнуцца да такога інструменту.

Не паведаміў у ДАІ пра выкананне – атрымай штраф?

Пры выкананні выкладзеных у прадпісанні патрабаванняў абмежаванні, названыя ў ім, здымаюцца. Але тут важна ведаць, што ўладальнік транспартнага сродку абавязаны праінфармаваць орган, які вынес прадпісанне, пра яго выкананне. Таму калі кіроўца і падатак заплаціў, і ТА прайшоў, але забыўся паведаміць ДАІ пра выкананне, то і ў гэтым выпадку цалкам рэальна "патрапіць" на 25 базавых велічыняў, пра што сказана ў арт.23.1 КаАП.

У сітуацыі з Іванам тэрмін выканання прадпiсання чамусьці не вызначаны, і гэта, на наш погляд, няправільна. У гэтым выпадку ці павінен быць вызначаны канкрэтны тэрмін выканання патрабаванняў, ці павінна быць пазначана: "забараніць удзел у дарожным руху да выканання патрабаванняў". У іншых падобных дакументах, якія ёсць у распараджэнні рэдакцыі Аўтабізнэсу, такія тэрміны пазначаныя:

Хоць і тут уважлівы чытач "касячок" ДАІ знойдзе: дата пазначаная, а вось год – не. Разумей як хочаш. І пры наяўнасці юрыста (а можа, і без яго) з такім загадам ад ДАІ можна спрачацца цалкам абгрунтавана.

Паводле нашай інфармацыі з крыніцаў у Дзяржаўтаінспекцыі, працэдура выдачы падобных прадпісанняў ужываецца ў асноўным да злосных парушальнікаў, хоць і паводле адзінкавых, як у нашым выпадку, парушэнняў выдаваць загад не забараняецца. І гэта права інспектара, а не ягоны абавязак у адпаведнасці з п.11 Палажэння аб Дзяржаўтаінспекцыі. Таму да некага ўжываюць такое права, а да некага – не. Усё на жаданне інспектара.

Ці стануць плаціць, калі дарожны падатак адвяжуць ад тэхагляду?

Гэтае пытанне, так бы мовіць, рытарычнае. Але выкажам здагадку і пра такі варыянт развіцця падзей.

Дапусцім, кіроўца пройдзе тэхагляд, а потым трапіцца інспектару ДАІ. Той "пакапаецца" ў базе звестак і высветліць, што плата за ўдзел у дарожным руху не ўнесеная. Праектам указа ў цяперашні момант прадугледжана, што за парушэнне парадку аплаты за каляндарны месяц давядзецца заплаціць у падвойным памеры згодна з Дадаткам №2.

То-бок калі ў вас аўтамабіль масай ад 1,5 да 2 тонаў, давядзецца заплаціць адну базавую велічыню – указам гэта пазначана як плата ў падвойным памеры, якая не можа накладацца часцей за адзін раз цягам месяца. Гэта нават не штраф у звычайным разуменні, а меркаваная ў праекце эканамічная санкцыя, якая падлягае выплаце цягам 30 дзён. Зрэшты, пакуль гэта толькі тэорыя, паколькі пытанне з прыняццем указа задоўжылася.

Напісаць каментар 67

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках