29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навуковец выкрыў Белстат у скажэнні звестак пра нараджальнасць

17
Навуковец выкрыў Белстат у скажэнні звестак пра нараджальнасць

Памылка або хлуслівая статыстыка?

Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі выявіў факт сістэматычнага завышэння значэнняў сумарнага каэфіцыента нараджальнасці сельскага насельніцтва краіны, піша thinktanks.by.

Пра гэта гаворыцца ў «сацыялагічным альманаху» за 2019 год, падрыхтаваным Інстытутам сацыялогіі НАН.

У артыкуле «Аб некаторых праблемах статыстычнай ацэнкі ўзроўню нараджальнасці сельскага насельніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі А. Дзянісава гаворыцца, што ў Беларусі сумарны каэфіцыент нараджальнасці (СКН) разглядаецца як асноўны індыкатар узроўню нараджальнасці.

У нацыянальнай статыстыцы традыцыйна гэты паказнік паказаны ў трох разрэзах: сельскае і гарадское насельніцтва, насельніцтва ўсёй краіны.

У той самы час аналіз дынамікі сумарнага каэфіцыента нараджальнасці ў названых разрэзах дэманструе, што асноўнае павелічэнне нараджальнасці за перыяд рэалізацыі нацыянальных праграмаў дэмаграфiчнай бяспекi лакалізавана сярод сельскага насельніцтва.

Пры гэтым, калі максімальны прырост СКН сярод гараджанаў склаў усяго 0,2 дзіцяці на адну жанчыну да ўзроўню 2007 года, то сярод сельскага насельніцтва – 1,5 дзіцяці.

Больш за тое, у сельскіх жыхароў апошняй групы з 2014 г. сумарны каэфіцыент нараджальнасці СКН перавысіў 3 дзіцяці.

«Такім чынам, калі давяраць звесткам Белстата, нараджальнасць сельскага насельніцтва паказала беспрэцэдэнтны для постпереходных краінаў разварот паказнікаў умоўнага пакалення з меркаванага да пашыранага ўзнаўлення. Названыя адрозненні ў дынаміцы СКН ужо сталі прадметам абмеркаванняў прадстаўнікамі навуковай супольнасці і дзяржаўных установаў», – гаворыцца ў артыкуле.

Яе аўтар адзначае, што такія значныя адрозненні значэнняў СКН гарадскога і сельскага насельніцтва, як абсалютныя і адносныя, не назіраліся ні разу за ўвесь перыяд нацыянальнага статыстычнага ўліку.

Пры гэтым апошняе пакаленне сельскага насельніцтва ў Беларусі, для якога выніковая нараджальнасць перавысіла 3 дзіцяці на адну жанчыну – гэта пакаленне 1914 года нараджэння.

Навуковец адзначае, што ні ў адной краіне Еўропы, а таксама ў любой з краінаў, якія закончылі другі дэмаграфічны пераход, пра якія ёсць статыстычныя звесткі, нараджальнасць сельскага насельніцтва не дасягае супастаўных велічыняў. Аднак актуальны ўзровень цалкам супастаўны з паказнікамі такіх краінаў, як Алжыр і Пакістан.

У гэтай сувязі А.Дзянісаў выказаў гіпотэзу, што звесткі афіцыйнай статыстыкі ўтрымліваюць скажэнні і да моманту іх ліквідацыі не могуць служыць арыенцірамі для фармавання якіх-небудзь высноваў пра вынікі дэмаграфічнай палітыкі ў разрэзе тыпаў населеных пунктаў.

Навуковец правёў шэраг вылічэнняў, у выніку якіх вызначыў шэраг статыстычных супярэчнасцяў, якія пацвярджаюць такую гіпотэзу.

Ён вызначыў, што «толькі відавочнае перавышэнне ўзроўню нараджальнасці сельскага насельніцтва ў 2015 г. складае не менш за 0,73 дзіцяці на адну жанчыну. Такім чынам, агульнае значэнне СКН паводле вынікаў 2015 года павінна скласці не больш за 2,5 дзіцяці на адну жанчыну (значэнне паводле Белстату – 3,23 дзіцяці)».

Больш за тое, як адзначае аўтар працы, хутчэй за ўсё і гэтая велічыня сумарнага каэфіцыента нараджальнасці на сяле не адпавядае рэчаіснасці.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках