25 красавiка 2024, Чацвер, 4:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца з курсам даляра ў Беларусі?

11
Што адбываецца з курсам даляра ў Беларусі?
Фота: Bloomberg

З пачатку года курс амерыканскай валюты вырас на 5,5%.

Курс даляра ўстанавіў новы рэкорд па выніках таргоў 24 лютага на Беларускай валютна-фондавай біржы. Кошт амерыканскай валюты склаў 2,2246 беларускага рубля.

Гэта другі пік запар. Папярэдні быў зафіксаваны ў пятніцу 21 лютага (у суботу і нядзелю таргі не праводзяцца) - 2,2120 рубля. А да гэтага максімальны курс даляра быў адзначаны чатыры гады таму - у лютым 2016 года, калі склаў 2,2069 рубля (з улікам дэнамінацыі).

«Сёння чарговы абсалютны максімум за ўвесь час», - падкрэсліў старшы аналітык «Альпары» Вадзім Ёсуб у каментары для naviny.by.

Чаму ў Беларусі расце даляр?

Фінансавы аналітык патлумачыў рост курс даляра ў Беларусі як унутранымі, так і вонкавымі чыннікамі.

У Беларусі адбываецца зніжэнне курсу нацыянальнай валюты. На гэта ёсць свае прычыны. Па-першае, у снежні, і ў студзені насельніцтва ператварылася з чыстага прадаўца валюты ў чыстага пакупніка. Па-другое, ёсць праблемы з экспартам тавараў. Перш за ўсё, гэта тычыцца экспарту нафтапрадуктаў на фоне адсутнасці паставак нафты з Расеі, а таксама экспарту калійных угнаенняў найбуйнейшаму пакупніку - Кітаю, з якім не падпісаны кантракт.

«У выніку нашых унутраных праблем расце кошт валютнага кошыка. З пачатку года ён вырас на 2,3%. Рост валютнага кошыка азначае абясцэньванне беларускага рубля ў сярэднім да ўсіх трох валют - даляра, еўра і расейскі рубля», - растлумачыў Вадзім Ёсуб.

Але хутчэй за іншыя валюты даражэе менавіта даляр. Ён расце практычна да ўсіх сусветных валют, у тым ліку і большасці развітых краін. Да прыкладу, еўра ў дачыненні да даляра знаходзіцца блізу мінімумаў з вясны 2017 года, аўстралійскі даляр - на 11-гадовых мінімумах.

Рост даляра фінансавы аналітык патлумачыў тым, што амерыканская эканоміка выглядае значна больш здаровай, чым эканомікі іншых краін, у тым ліку Вялікабрытаніі і Японіі.

Даляр расце таксама праз распаўсюджванне каранавіруса. Калі раней увага была да Кітая, то цяпер ужо і да Паўднёвай Карэі, Ірану ды Італіі. Амерыканскі даляр у гэтай сітуацыі мае ролю «валюты-прытулку». Сусветныя інвестары кідаюцца скупляць менавіта даляр і амерыканскія дзяржаўныя аблігацыі для абароны ад рызык.

«Калі накласці адзін на аднаго два працэсы (зніжэнне беларускага рубля і апераджальны рост даляра), атрымліваем рост даляра з пачатку года на 5,5%. Але калі раскласці на чыннікі, то большы ўнёсак у змяненне курс даляра да беларускага рубля ўнёс рост даляра на сусветных рынках», - адзначыў Вадзім Ёсуб.

Незалежныя эканамісты мяркуюць, што ў 2020 годзе сярэднегадавы курс даляра ў Беларусі можа вырасці прыкладна на 10%. Паводле прагнозаў Даследчага цэнтра ІПМ, у 2020 годзе сярэднегадавы курс складзе 2,31 рубля за даляр.

Вадзім Ёсуб не ўзяўся прагназаваць курс даляра на канец года праз непрадказальнасць і вонкавых і ўнутраных чыннікаў, якія ўплываюць на яго. Але найбліжэйшым часам, калі вірус працягне шпацыр па планеце, а Беларусь і Расея не падпішуць нафтавыя кантракты, даляр будзе даражэць.

«Не факт, што ўвесь астатні час да канца года даляр будзе толькі даражэць. Хутчэй за ўсё, з улікам зменлівага курсу ў нейкі момант рост даляра зменіцца зніжэннем, але пра лічбы і тэрміны пакуль казаць немагчыма», - адзначыў фінансавых аналітык.

Тым, хто трымае даляры, Вадзім Ёсуб парэкамендаваў не хвалявацца. Тым жа, хто ва ўмовах нявызначанасці плануе купляць буйную суму, раіць рабіць гэта па частках. Да прыкладу, раз на тыдзень ці месяц.

«Атрымаецца купіць сярэднім курсам. Не самым танным, але і не самым дарагім», - сказаў фінансавы аналітык.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках