20 красавiка 2024, Субота, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лядовы палац, які Лукашэнка наведаў у Егіпце, фальшывы

53
Лядовы палац, які Лукашэнка наведаў у Егіпце, фальшывы

Куды прывезлі беларускага дыктатара?

Нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет меў у тым ліку спартовы складнік. Лукашэнка наведаў будаўніцтва спартыўнага комплексу ў новай адміністрацыйнай сталіцы краіны. Яго афіцыйны сайт пры гэтым паведаміў, што «Аляксандру Лукашэнку паказалі будаўніцтва басейна і лядовага палацу, пацікавіўшыся ў яго беларускім досведам узвядзення такіх аб'ектаў», піша «Трыбуна».

Таксама пра гэта напісаў тэлеграм-канал «Пул первого» (верагодна, які належыць прэс-службе Лукашэнкі): «Прэзідэнты наведалі лядовы палац, які будуецца ў Егіпце (так, у Афрыцы яны таксама ёсць!). Лукашэнка падзяліўся вопытам будаўніцтва аналагічных спартыўных цэнтаў у Беларусі ». Прымацаваўшы такую фатаграфію.

Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1» паказаў пашыраную версію наведвання Аляксандрам Лукашэнкам, будаўніцтва спартыўнага збудавання.

З трох практычна афіцыйных публікацый можна зрабіць адназначную выснову: гэты спартовы комплекс на чатыры трыбуны з'яўляецца будаваным лядовым палацам. Але ці так гэта напраўду?

***

Паглядзім на арэну з розных ракурсаў.

На лядовы палац збудаванне, шчыра кажучы, не падобнае. І вось пара аргументаў.

Першы. Унутры трыбун не так шмат прасторы. Памеры хакейнай каробкі складаюць 60-61 метр у даўжыню і 26-30 метраў у шырыню (у залежнасці ад стандарту). Але нават калі абраць вузкі энхаэлаўскі варыянт, трэба прастора для лавак з аднаго боку і для лавак штрафнікоў з другога.

Тут адназначна няма ні 60 метраў у даўжыню, ні 30 у шырыню. Стандартную хакейную скрынку ўпісаць сюды немагчыма. Затое, па адчуваннях, ідэальна ўпісваюцца гандбольныя альбо міні-футбольныя пляцоўкі памерам 40 на 20 метраў.

Другі. Праходы да пляцоўкі настолькі вузкія, што праз іх ніяк не праедзе аўто для залівання лёду. Акрамя таго, для грувасткіх «Замбоні» зусім няма месца за межамі пляцоўкі: калі прыгледзецца, недалёка размешчаны выхады на вуліцу.

Трэці. Адсутнасць тэмпературнай ізаляцыі. Паглядзіце яшчэ раз на фота вышэй. У Каіры тэмпература паветра ў студзені нярэдка перавышае 20 градусаў Цэльсія. Вясной, летам і ўвосень там яшчэ гарачэй. Тонкія празрыстыя дзверы на выхадах з пляцоўкі - гэта пахаванне для лёду.

Чацвёрты. Спортзбудаванні зусім не падобныя да лядовага палацу, хоць будаўніцтва амаль закончанае. У пачатку года спартыўны комплекс наведаў міністр моладзі і спорту Егіпта Ашраф Собхі. Паводле ягоных слоў, якія прыводзяцца ў матэрыяле на мясцовым сайце, спартыўная зала гатовая на 95 адсоткаў. Але ні намёку на будучы лядовы палац на фотаздымках няма. Для параўнання, паглядзіце на здымкі да навіны «Лядовы палац у Туле гатовы на 95 адсоткаў».

Пяты. У гэтым жа матэрыяле на арабскай мове ёсць падрабязны пералік тыпаў спорту, якімі можна будзе займацца на тэрыторыі ўсяго спартыўнага гарадка ў Ведыяне, і сярод іх няма хакея. Не згадваецца від спорту і на сайце будаўнічай кампаніі Concord Constructions: «Праект уключае ў сябе закрытую залу ўмяшчальнасцю 7000 чалавек, у якой пройдзе чэмпіянат свету ў гандболе сярод мужчын 2021 года».

Адсылку да хакея ўдалося знайсці ў двух публікацыях 2018 года, аднак незразумела, ці меўся на ўвазе хакей на лёдзе. Лядовую арэну, з паведамленняў СМІ, планавалі ўключыць у склад збудаванага кітайцамі 345-метровага хмарачоса. Але яна напэўна будзе падобная да тыповага для гандлёвых цэнтраў катка. Ну і да наведанага Аляксандрам Лукашэнкам будынку дачынення дакладна не мае.

Акрамя таго, калі б у гэтай зале планавалі гуляць у хакей, мясцовыя СМІ напэўна б рабілі пра гэта матэрыялы. Усё ж такі лядовых арэн у Афрыцы не так, каб вельмі шмат.

Шосты. Крытая зала, якую наведаў Аляксандр Лукашэнка, сапраўды будуецца пад гандбол. Краіна прыме найбліжэйшы чэмпіянат свету ў гэтым тыпе спорту. Нядзіўна, бо Міжнародную федэрацыю гандбола ўзначальвае акурат Хасан Мустафа з Егіпта. Ён, дарэчы, задаволены тэмпамі будаўніцтва крытай залы ў Ведыяне.

Сёмы. Калі паслухаць яшчэ раз словы Лукашэнкі ў рэпартажы на «Беларусь 1» з улікам усёй гэтай інфармацыі, то іх можна інтэрпрэтаваць па-іншаму. Лукашэнку прывезлі ў крытую залу, якая да хакея дачынення не мае. А той проста прапанаваў падумаць аб трансфармацыі будынкі пад лядовы палац: «У нас такія ж лядовыя пляцоўкі, такія ж бетонныя падлогі. Мы здымаем барты, лёд размарозілі за дзень і гуляем у валейбол, праводзім канцэрты. Егіпет знаходзіцца ў такой зоне, дзе хакей на лёдзе можна развіваць. Мы калісьці ў ААЭ стваралі першую пляцоўку. У шматфункцыянальную залу можна дадаць яшчэ адну функцыю - хакейную».

Дзяржаўныя СМІ напісалі пра тое, што ў Лукашэнкі цікавіліся беларускім досведам будаўніцтва спартыўных збудаванняў. Парады Лукашэнка, аднак, былі так сабе. Па-першае, ён, мабыць, не ўлічыў, што хакейная пляцоўка значна большая за гандбольную. Па-другое, дапусціў памылку: ніхто перад валейбольнымі спаборніцтвамі і канцэртам лёд за дзень не размарожвае. Яго накрываюць спецыяльным палатном. На «Мінск-Арэне» яно сіняга колеру, таму супрацоўнікі называюць яго «сінька».

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках