25 красавiка 2024, Чацвер, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму заява Лукашэнкі аб «прапанове Пуціна» можа быць няпраўдай

15
Чаму заява Лукашэнкі аб «прапанове Пуціна» можа быць няпраўдай
ФОТА: ТАСС

Ёсць сумневы ў тым, што Крэмль гатовы кампенсаваць Беларусі выдаткі ад падатковага манеўру.

У мінулую пятніцу Аляксандр Лукашэнка паведаміў радасную навіну: яму патэлефанаваў Уладзімір Пуцін і выказаў гатоўнасць кампенсаваць страчаныя даходы ад экспартных мыт сумай $300 мільёнаў, праз падатковы манеўр, піша «Салiдарнасць».

У той жа дзень Лукашэнка на сустрэчы з амбасадарам у Расеі Уладзімірам Сямашкам заявіў, што разлічвае на кампенсацыю сумай $420-430 млн.

Пасля гэтага наступіла паўза: ні ў Менску, ні ў Маскве не паведамляюць, калі могуць быць падпісаны кантракты аб аднаўленні паставак нафты ў Беларусь, і на якіх канкрэтна умовах.

Але ўжо ёсць сумневы ў тым, што расейцы сапраўды гатовыя прапанаваць варыянт, які задавальняе беларускі бок.

І рэч не толькі ў тым, што, як высветлілася, «кожны бок робіць сваю ўласную калькуляцыю», а ва ўрадзе РФ наогул агучылі даволі смешны варыянт кампрамісу.

Калі прасачыць гісторыю перамоў Менска і Масквы за апошнія паўтара года, можна пабачыць, што беларускія ўлады неаднаразова абвяшчалі пра дасягненні перамог.

Калі кранаць толькі пытанне падатковага манеўру, то, паводле слоў пасла Беларусі ў Расеі, формулу кампенсацыі павінны былі вызначыць яшчэ 15 снежня 2018 года. Затым Уладзімір Сямашка выказваў упэўненасць, што 13 лютага 2019 года «будзе развязанае пытанне, звязанае і з падатковым манеўрам, з нафтай і газам».

А самы эпічны прагноз беларускі пасол агучыў два з паловай месяцы таму, у пачатку снежня.

Па-першае, Сямашка паведаміў аб разглядзе пытання падатковага манеўру: кампенсацыя выдаткаў пачнецца з 1 студзеня 2022 года, калі будзе закончаная уніфікацыя падатковага заканадаўства. А на 2020 год бакі перагледзяць формулу коштаўтварэння нафты і «гэта дае пэўныя гарантыі, што наступны год нашы НПЗ павінны прайсці бязбольна». Напраўду беларускія НПЗ дагэтуль, як той казаў, жывуць надгаладзь.

Па-другое, не спраўдзілася заявы Сямашкі пра тое, што Менск і Масква «найбліжэйшыя два тыдні» разгледзяць пытанне аб кошце расейскага газу. Пратакол аб коштах на 2020 год быў у выніку падпісаны толькі ў сярэдзіне лютага.

Па-трэцяе, хлуслівай была заява аб тым, што Рассельгаснагляд пазбавяць «права вета» на пастаўкі беларускіх прадуктаў

- Пасля дастаткова працяглага абмеркавання прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пагадзіўся з тым, што прэрагатыва або права зачыняць, да прыкладу, мясакамбінаты, малаказаводы павінна належаць галоўнаму ветэрынарнаму лекару Беларусі: ён павінен разбіраць, што так, што не так, - распавёў Сямашка.

Гаворка ішла менавіта пра Рассельгаснагляд, які нядаўна зняў больш за 600 кг беларускай малочнай прадукцыі з маскоўскай выставы «Прадэкспа-2020», чым разгневаў Лукашэнку.

На гэты раз пра саступкі Масквы ў нафце публічна распавёў сам Лукашэнка («Пуцін прапанаваў, што гэтыя грошы яны Беларусі кампенсуюць. Ён прызнаў, што гэта справядліва»), што, магчыма, сапраўды сведчыць пра набліжэнне бакоў да кампрамісу.

Але папярэднія заявы беларускіх уладаў нібы папярэджваюць: не варта здзіўляцца, калі дамовіцца не ўдасца і гэтым разам.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках